20 красавiка 2024, Субота, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вулкан у Чылі выкінуў попел на вышыню 20 кіламетраў

Вулкан у Чылі выкінуў попел на вышыню 20 кіламетраў

Абвешчаны вышэйшы ўзровень небяспекі.

У Чылі пачалося вывяржэнне вулкана Кальбуко, які спаў з 1972 года: ён выкінуў попел на вышыню амаль 20 км. Улады пашырылі зону эвакуацыі і абвясцілі найвышэйшы, «чырвоны», узровень небяспекі, паведамляе NEWSru.com са спасылкай Reuters.

Вулкан Кальбуко, знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага запаведніка Льянкіуэ ў вобласці Лос-Лагос, за 900 кіламетраў на поўдзень ад чылійскай сталіцы Сант'яга. Недалёка ад вулкана размешчаны папулярны сярод турыстаў горад Пуэрта Варос.

Улады пашырылі радыус эвакуацыі з 10 да 20 кіламетраў, з гэтай зоны былі перамешчаныя блізу 4 тысяч чалавек. У чацвер тут чакаюць прыбыццё прэзідэнткі краіны Мішэль Бачэлет.

Кіраўнік МУС запэўніў, што паведамленняў аб загінулых, зніклых або пацярпелых людзях пакуль не паступала. Reuters апісвае вывяржэнне як «маляўнічае» і паведамляе, што вялізны слуп, які падняўся над вулканам, можна было назіраць з адлегласці 50 км.

Фота: Reuters

Вышыня Кальбуко складае 2003 метра, ён з'яўляецца трэцім у спісе 90 патэнцыйна небяспечных актыўных вулканаў Чылі. Апошняе вывяржэнне Кальбуко было зафіксавана ў 1972 годзе, аднак найбольш буйное вывяржэнне адбылося ў 1961 годзе, нагадвае РІА «Новости».

Месяц таму на поўдні Чылі прачнуўся іншы вулкан - Вільярыка, што таксама прывяло да эвакуацыі насельніцтва. Вільярыка хутка супакоіўся.

Праз Чылі праходзіць Ціхаакіянскі «агністы пояс» - паласа вулканаў і тэктанічных разломаў даўжынёю 40 тысяч кіламетраў. Ён атачае Ціхі акіян, пралёг уздоўж узбярэжжа Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі да паўднёвай часткі Аляскі, затым паварочвае да Японіі, Філіпінаў і Інданезіі і завяршаецца ў раёне выспаў Новая Гвінея, Новай Зеландыі і паўднёва-заходняй Акіяніі. Непасрэдна ў Чылі знаходзяцца больш за 2 тысячы вулканаў, за апошнія 450 гадоў вывяржэнні адбываліся ў 60 з іх.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках