25 красавiка 2024, Чацвер, 1:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Землятрус у Непале: больш за 700 загінулых

У выніку магутнага землятрусу ў Непале, паводле афіцыйных звестак, загінулі як мінімум 758 чалавек, 467 з іх - у сталіцы краіны Катманду.

Землятрус магнітудай 7,9, з эпіцэнтрам за 77 кіламетраў ад Катманду стаў самым магутным за апошнія 80 гадоў. У прымежных з Непалам краінах падземныя штуршкі ад землятрусу прычыніліся да загубы 30 чалавек, 20 з іх загінулі ў Індыі, перадае BBC.

Галоўны цывільны шпіталь у Катманду прымае пацярпелых. Звесткі аб ахвярах увесь час удакладняюцца, колькасць загінулых расце, піша РБК.

Дзесяткі людзей апынуліся пад абломкамі старажытнай вежы Дхарахара ў Катманду, якая абрынулася праз землятрус. Вежа, пабудаваная ў пачатку 19 стагоддзя, уваходзіла ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, была адной з асноўных турыстычных славутасцяў Катманду.

Землятрус стаў наймацнейшым у Непале за 80 гадоў. Паведамляецца пра значныя разбурэнні - абрынуліся шматлікія будынкі, аэрапорт сталіцы краіны Катманду закрыты, парушаны транспартныя камунікацыі. Землятрус выклікаў сход лавін на Эверэсце.

Агенцтва Reuters, са спасылкай на прадстаўніка Рады турызму Непала, паведамляе, што лавіна накрыла частка альпінісцкага лагеры ля падножжа Эверэста, у выніку загінула 8 чалавек.

Як паведамляе Федэрацыя альпінізму Расеі, група з 15 расейскіх турыстаў, якія знаходзяцца ў гарах у пацярпелым ад землятрусу Непале, не выходзіць на сувязь.

Альпініст Алекс Гаван напісаў у сваім Твітары: "Мы былі ў лагеры ля падножжа, калі адбыўся буйны землятрус. За ім рушыла следам велізарная лавіна. Я выскачыў з намёту, каб выратавацца ад яе. Са мной усё ў парадку. На вышыні знаходзіцца шмат людзей".

Паводле звестак Еўрапейска-Міжземнаморскага сэйсмалагічнага цэнтра, асяродак землятрусу знаходзіўся на глыбіні 31 кіламетра ад паверхні.

Землятрус быў настолькі моцным, што падземныя штуршкі адчуваліся ў сталіцы Індыі Дэлі, а таксама ў іншых гарадах Індыі, якія мяжуюць з Непалам. У дамах разгойдваліся свяцільні ды мэбля. Жыхароў папрасілі пакінуць дамы і выйсці на вуліцу. У Індыі ў выніку падземных штуршкоў, выкліканых землятрусам у Непале, загінулі 20 чалавек.

Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі напісаў у сваім твітэры, што ўрад краіны будзе імкнуцца дапамагчы ўсім пацярпелым як у Індыі, так і ў Непале.

Гэты землятрус у Непале - адзін з самых моцных, зарэгістраваных афіцыйна.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках