20 красавiка 2024, Субота, 18:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знішчыць матрыцу

28
Знішчыць матрыцу

Пуцін і Лукашэнка - супольнікі.

Вайна ва Украіне ўсё больш турбуе Еўропу, асабліва краіны, якія знаходзяцца на ўсходніх межах Еўразвязу: Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію.

Турбуе яна і жыхароў Беларусі. У сувязі з вайной Захад зноў стаў цікавіцца Беларуссю, але не таму, што ў «астатняй дыктатуры Еўропы», не сунімаюцца рэпрэсіі, не таму, што здзекуюцца з палітвязняў, а таму што ў Лукашэнку раптам убачылі «міратворца».

На Захадзе зрабілі неймавернае адкрыццё: Лукашэнка можа дапамагчы дэмакратыі ва Украіне. Згодна з гэтым адкрыццём, дыктатар, што дваццаць гадоў здзекуецца са свайго народа, які знішчыў усе дэмакратычныя інстытуты, нішчыць беларускую мову, нацыянальную культуру пры поўнай падтрымцы Крамля, сёння стане на абарону дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека і нацыянальнай самабытнасці ва Украіне і адважна будзе змагацца з Пуціным.

Папулярнай тэмай заходніх даследаванняў сталі сёння стасункі Пуціна і Лукашэнкі.

"Скажыце, а праўда ж, што Пуцін і Лукашэнка адзін аднаго не любяць?» - пытаюцца аналітыкі ўсіх выпадкова сустрэтых беларусаў і нават ездзяць у Менск па адказ на гэтае пытанне.

Сапраўды гэтак жа знаныя саветолагі цікавіліся здароўем чальцоў Палітбюро ЦК КПСС і стасункамі паміж імі. А потым нечакана для саветолагаў Савецкі Саюз абрынуўся. І выявілася, што ні здароўе герантакратаў, ні іхнія інтрыгі паміж сабой ніякага дачынення да гэтага не маюць. А дырэктыўнае дачыненне да гэтага мае імкненне людзей да свабоды і палітычная воля заходніх лідэраў дапамагчы людзям стаць свабоднымі.

Якія могуць быць стасункі паміж двума дыктатарамі: адным - астатнім у Еўропе, і іншым - не першым у Еўразіі? Наўрад ёсць у гісторыі прыклады сяброўства тыранаў. Паміж дыктатарамі стасункі як у бандзе. Яны патрэбныя адзін аднаму для арганізацыі і ўчынення злачынстваў. Для таго ж патрэбныя адзін аднаму Пуцін і Лукашэнка.

Ні для каго не сакрэт, што Лукашэнка існуе за кошт расейскіх датацый і палітычнай падтрымкі. Але гэтая падтрымка ў пабудове дыктатуры ў Беларусі давалася задоўга да з'яўлення ў Крамлі Пуціна. Дэмакрат Ельцын, рыхтуючыся да перавыбараў у 1996 годзе з нулявым рэйтынгам, ўпрасіў Лукашэнку прадэманстраваць яднанне «братніх» народаў Беларусі і Расеі. Гэта яму трэба было, каб паўстаць гэтакім «збіральнікам зямель савецкіх» перад чырвоным электаратам, які ў той час складаў калі не большасць, то значную частку насельніцтва Расеі. Хворы Ельцын у ліпені 1996 года перамог і расплаціўся з Лукашэнкам прызнаннем антыканстытуцыйнага перавароту, які адбыўся ў Беларусі ў лістападзе таго ж года. У выніку гэтага перавароту, які дапамаглі арганізаваць вяшчальнікі расейскага Федэральнага сходу Я.Строеў, Г.Селязнёў і прэм'ер В.Чарнамырдзін, Лукашэнка стаў дыктатарам.

Ельцын, кажуць, моцна недалюбліваў Лукашэнку, а той, у сваю чаргу, шчыра пагарджаў расейскім прэзідэнтам і марыў яго пасунуць.

Барыс Ельцын стаміўся і пайшоў, пакінуўшы сваю пасаду афіцэру КДБ Уладзіміру Пуціну. Пакінуў ён яму і традыцыю падтрымкі дыктатуры ў Беларусі ўсякімі сродкамі пры непрыязнасці да дыктатара Лукашэнкі.

На пачатку кіравання Пуціна, сапраўды, здавалася, што вось-вось трыванне Крамля лопне і грубыя публічныя напады Лукашэнкі на адрас расейскага кіраўніцтва аслабяць падтрымку дыктатуры ў Беларусі. Гэта менавіта ў тыя гады заходнія палітыкі, дыпламаты ды экспэрты распавядалі ў Беларусі, што дэмакратыя да нас прыйдзе з Расеі. Сёння яны неяк саромеюцца пра гэта ўзгадваць.

Пазней Пуцін навучыўся трываць хамства Лукашэнкі дзеля сваіх інтарэсаў, якія на публіку выдаваліся за інтарэсы Расеі. Пра змест гэтых інтарэсаў нам трэба будзе яшчэ даведацца пасля падзення двух дыктатараў, але яны, відавочна, настолькі выгадныя ім абодвум, што можна і патрываць адзін аднаго. Якая любоў у бандзе паміж змоўшчыкамі? Да таго ж досвед Лукашэнкі ў пабудове дыктатуры вельмі прыдаецца Пуціну. Навошта экспэрымэнтаваць, калі ў Беларусі ўжо ўсё выпрабавана і працуе? Вось Пуцін і выставіў «вертыкаль улады», як Лукашэнка, даў рады прэсе, заходнім фондам, апазіцыі. Нават у хакей стаў гуляць.

А «астатні дыктатар Еўропы», натхнёны тым, што ягоныя метады знайшлі ўжытак дыктатара-суседа, далей іх развівае і рыхтуе для расейскіх прастораў. Апошняе навацыя - закон аб чыншу на дармаедаў. Фактычна, гэта працоўная павіннасць, улюбёны інструмэнт дыктатараў для кантролю за грамадствам. У Беларусі да гэтага пытання падышлі творча і дадалі, што парушальнікі закона не змогуць выязджаць за мяжу. «Arbeit macht frei» («праца вызваляе») - абвяшчаў надпіс над уваходам у нацысцкія канцлагеры.

Дарэчы, пра канцлагеры. Турэмныя калоніі ў Беларусі мала чым ад іх адрозніваюцца, а надоечы Лукашэнка загадаў у дадатак да існых арганізаваць спецыяльныя калоніі для наркаманаў і алкаголікаў і стварыць для іх «невыносныя варункі ў месцах адбыцця тэрмінаў». Будзе над чым Пуціну працаваць у Расеі.

Можна нагадаць, што за савецкім часам, які паспяхова рэканструюецца ў Беларусі і Расеі, дармаедамі, алкаголікамі, наркаманамі і псіхічна хворымі абвяшчалі іншадумцаў.

Непрыязныя стасункі двух дыктатараў сёння ўсё больш нагадваюць ігру на публіку, дакладней, на заходнюю публіку. Гэта для яе разыгрываецца «самастойнасць» Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны. Крэмль нават дазваляе дыктатару-суседу пагуляць у нацыяналізм-лайт: сказаць пару слоў па-беларуску, адразу не арыштоўваць людзей за нашэнне вышыванак, дадаць трошкі беларускіх выканаўцаў у расейскую папсу. Пуціну, як і Лукашэнку, добра вядомы савецкі досвед, калі фальшывы нацыяналізм улады служыў заслонай для знішчэння нацыянальнай эліты і патрыётаў.

Чарговы раз Захад ахвочы верыць у «добрага» дыктатара, або ў «меншае зло» ў асобе Лукашэнкі. Кажуць, у сувязі з расейскай агрэсіяй ва Украіне змянілася геапалітычная сітуацыя, што прымушае шукаць хаўрусу з Лукашэнкам і заплюшчваць вочы на пагаршэнне сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Чарговы раз Захад робіць выгляд, што з Лукашэнкам можна мець справу дзеля дапамогі Украіне і ўважае за лепшае не заўважаць размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі новых расейскіх вайсковых баз, расейскай зброі, супольныя вайсковыя вучэнні з расейскім войскам, якія ідуць амаль у рэжыме нон-стоп. Гэта ўсё адбываецца для абароны дэмакратыі, незалежнасці і цэласнасці Украіны? Лукашэнка што, захопіць расейскія базы і накіруе пастаўляныя ракетныя комплексы С-300 на Крэмль? Можа, пара ўжо ўбачыць логіку дзеянняў, а не заяў, як аднаго, так і іншага дыктатараў?

Два дыктатары-суседы будуць працягваць дэманстрацыю непрыязнасці адзін да аднаго. Лукашэнка, які для таго, каб пажаліцца на Пуціна, даўней склікаў прэс-канферэнцыі толькі расейскіх журналістаў, сёння атрымаў у падарунак і заходнюю прэсу і тут жа стаў раіць ЗША, што трэба рабіць.

Вось толькі гэты перыяд заляцання да дыктатара скончыцца трагічна не толькі для беларусаў, але і для Украіны, і для Еўропы, перш за ўсё для суседніх Польшчы і краін Балтыі, бо дыктатура і сама сабой - крыніца нестабільнасці і непрадказальнасці, а ў варунках вайны дыктатары неўнікнёна будуць на баку сваіх змоўшчыкаў, а ніяк не на баку свабоды і дэмакратыі.

Беларусь, сапраўды, вельмі важная стратэгічна і геапалітычна для Еўропы вартасцяў, але менавіта як дэмакратычная і вольная дзяржава.

Сёння Лукашэнку патрэбныя ад Захаду толькі грошы, яму ж трэба будзе будаваць новыя канцлагеры. У Пуціна грошай няма, таму трэба браць крэдыты ў Захаду. Крэдыты на рэпрэсіі, ніяк не на дэмакратыю. А яшчэ на супольныя маштабныя вучэнні, накшталт вучэнняў 2009 года, падчас якіх адпрацоўваўся ядзерны ўдар па Варшаве і танкавы прарыў у Калінінград. Іх жа аплацілі за кошт крэдыту МВФ, атрыманага пад пустыя абяцанні рэформаў і дэмакратызацыі.

Бліскучы польскі пісьменнік і філосаф Станіслаў Ежы Лец сказаў: «Дыктатары не маюць моцы – яны маюць гвалт». Сёння гэты гвалт ужо выплюхнуўся за межы дзвюх суседніх дыктатур у Расеі ды Беларусі і пагражае ўсёй Еўропе. Гвалт закладзены ў матрыцы ўсякай дыктатуры, і з гэтага пункту гледжання не існуе адрознення паміж вялікім і малым злом. Матрыцу трэба знішчыць, каб вярнуць народам свабоду, інакш яна працягне ўзнаўленне гвалту.

Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для «Gazeta Wyborcza»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках