23 красавiка 2024, aўторак, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заказнік пад Менскам ператвараецца ў сметнік

11

У лясах каля Калодзішчаў і ў заказніку «Глебкаўка» растуць несанкцыянаваныя сметнікі.

Дамы ў паселішчы Калодзішчы растуць, як грыбы ў дажджлівы летні дзень. Тым часам павялічваюцца і аб'ёмы будаўнічых адкідаў на несанкцыянаваных сметнішчах, адказ за якія давядзецца трымаць менскай эксплуатацыйнай управе Узброеных Сіл. Бо ўласнікам вайсковага палігона, які стаў ужывацца ў якасці месца збору хломазду, з'яўляецца менавіта гэтая арганізацыя, піша WildLife.by.

За гэтыя сметнікі Мінпрыроды, яго тэрытарыяльныя органы і адміністрацыя Партызанскага раёна горада Менска, у складзе якой знаходзяцца гэтыя тэрыторыі, узяліся даўно. Больш за год уласнік не выконвае патрабаванні менскага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разгрэбці гэтыя насыпы, якія, паверце, немалыя - толькі з сур'ёзнай тэхнікай можна разабрацца!

Засталася надзея толькі на публічную «лупцоўку» ў СМІ. Разам з прадстаўнікамі адміністрацыі Партызанскага раёна, Мінпрыроды, Менгаркамітэта журналісты накіраваліся ў рэйд па гэтых месцах. Як выявілася, не першы. Запрашалі праехацца па сваёй жа тэрыторыі Менскую эксплуатацыйную ўправу Узброеных Сіл, але яна запрашэнне праігнаравала.

Такі кантроль праводзіцца ў рамках працы над Планамі мерапрыемстваў навядзення парадку на зямлі на 2015 год, якія распрацаваны як на абласным узроўні, так і на ўзроўні населенага пункта. Пад кіраўніцтвам Мінпрыроды створаная супольная працоўная група кантролю над выкананнем гэтых мерапрыемстваў. Прадстаўнікі розных устаноў наведваюць найперш праблемныя, далёкія месцы Беларусі. Давялося пабываць і на каладзішчанскім палігоне. Гэтую мясціну яны і наважылі паказаць журналістам.

Першы прыпынак - ля незаконна створанага сметніка, аб'ём якога складае 500 м3. Ён тоўстай і доўгай вужакай цягнецца сярод дрэў і хмызнякоў. Шыны, будаўнічае смецце, усякая драбяза - усё гэта раскладаецца на полі, паблізу ляснога масіву. Гэтая «прыгажосць» паспела нават зрасці травой.

У канцы сметніка раскіданыя мяшэчкі з зялёнай вадкасцю, датаваныя пазней за 1981 год. Там жа красуецца надпіс: «Вадкасць атрутная і небяспечная для вачэй!».

Ёсць здагадка, вядома, бяздовадная, што гэта вадкасць для газ-масак. Падобна да таго, што «майно» належыць не цывільным асобам. Але чаму нельга было ўтылізаваць? Хоць і запакаванае, але нельга быць спакойным за тое, што не адбудзецца хімічнае забруджванне.

Другі сметнік большы за першы. Начальнік управы каардынацыі кантрольнай дзейнасці Мінпрыроды Сцяпан Дубніцкі і начальнік аддзела аператыўнага кантролю ў Партызанскім, Першамайскім і Фрунзенскім раёнах камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Александровіч прыблізна ацанілі - больш за 1 тысячу м3.

- Гэта фактычна гарадскі сметнік, - адзначыў Сцяпан Дубніцкі.

- З мінулага лета засыпаем управу папярэджаннямі, а вынікаў - нуль! - дадаў Дзмітрый Александровіч. - Толькі абяцаюць. Ёсць нават пісьмовыя абяцанні: прыбяруць на працягу двух тыдняў. Але далей за гэтыя лісты справа не прасоўваецца. У сярэдзіне сакавіка паабяцалі, што сметнішчаў не будзе ўжо пад канец суботніка. Час прыйшоў, а на практыцы нічога не змянілася.

Як заявілі спецыялісты, гэта было астатняе папярэджанне, за ім ідуць штрафныя санкцыі і выплата за шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю.

- Першая позва начальніку Менскай эксплуатацыйнай управы Узброеных Сіл ужо накіраваная. 24 красавіка будзем разбірацца з гэтай сітуацыяй. Калі ён не з'явіцца - атрымае яшчэ, не - дык справа пойдзе далей, у пракуратуру. Мяркуючы з аб'ёмаў смецця, будзе падстава для распачынання крымінальнай справы, - распавёў Дзмітрый Александровіч.

Шкода, прычыненую навакольнаму асяроддзю, пацягне на мільярды рублёў. Яе вылічаюць паводле таксаў: паводле самай меншай таксы сума шкоды за тону небяспечных адкідаў складае 4 базавыя адзінкі (720 тысяч рублёў), за небяспечныя адкіды - у 100 разоў вышэйшая.

Дадаткова Менскую эксплуатацыйную ўправу Узброеных Сіл будзе чакаць штраф за парушэнне закона «Аб абыходжанні з адкідамі» - 1000 базавых адзінак для юрыдычнай асобы. Але тым не менш пасля ўсіх гэтых выплат карыстальніку тэрыторыі ўсё адно давядзецца прыбраць сметнікі. Дык навошта ж супраціўляцца?

Але ўсяго гэтага можна было ўнікнуць, калі б карыстальнік на часе звярнуў увагу на смецце, якое ўзнікла на яго тэрыторыі. У законе ёсць такая норма: уласнік, выявіўшы на сваёй тэрыторыі сметнік, павінен у 3-дзённы тэрмін паведаміць пра гэта ў адміністрацыю свайго раёна. Так можна часткова, а можа, і зусім зняць з сябе адказнасць за «знайдыша». Калі ж падчас расследавання вінаватага не знойдуць, то ўласніку усё ж давядзецца прыбрацца сваімі сіламі, затое штрафу ён унікне.

P.S. Падчас рэйду заехалі паглядзець, што дзеецца ў заказніку «Глебкаўка». Сігнал у Мінпрыроды паступіў ад адпачывальнікаў. Вось што выпала ўбачыць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках