28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасол Шагал папрасіў «не хапаць яго за язык» з нагоды скасавання візаў

1
Пасол Шагал папрасіў «не хапаць яго за язык» з нагоды скасавання візаў
Фота: СТВ.BY

Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал мяркуе, што бязвізавы рэжым паміж дзвюма краінамі пачне працаваць у верасні.

Пры гэтым, ён папярэдзіў, каб яго «не хапалі за язык», бо ўсё можа змяніцца, піша «Інтэрфакс».

«Нам ледзь-ледзь не пашанцавала. У Ізраілі прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары, і цяпер ідзе працэс фармавання ўрада. Увесь пакет дакументаў, звязаны са скасаваннем візавага рэжыму з Беларуссю, пакуль проста ляжыць у стосе, бо цяперашні ўрад не мае паўнамоцтваў яго зацвярджаць, гэта можа зрабіць толькі новы ўрад», - сказаў Іосіф Шагал у аўторак на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Са слоў дыпламата, мяркуецца, што да 12-15 траўня ўрад Ізраіля будзе сфармаваны.

«Літаральна адразу, як будзе зацверджаны ўрад, на першым пасяджэнні, я думаю, гэтае пытанне (скасаванне візавага рэжыму) у ліку іншых важных будзе развязанае. Вось з гэтага моманту, як будзе ратыфікаваны пакет дакументаў, дадайце 90 дзён. Значыць, хутчэй за ўсё, будзе скасаваны візавы рэжым у верасні, - растлумачыў пасол. - Але не хапайце мяне за язык, я як і вы хачу, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Будзем спадзявацца, што ўсё адбудзецца, як я сказаў».

Нагадаем, Беларусь у студзені закончыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Ізраіля аб скасаванні віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў.

Пагадненне прадугледжвае, што грамадзяне дзяржаў - удзельніц пагаднення, якія з'яўляюцца ўладальнікамі сапраўдных нацыянальных пашпартоў (за выключэннем дыпламатычных і службовых), вызваляюцца ад неабходнасці атрымання прадугледжаных законамі і правіламі дзяржавы знаходжання віз для ўезду на тэрыторыю або выезду з тэрыторыі іншай дзяржавы з мэтай візіту або знаходжання, які не перавышае 90 дзён цягам 6 месяцаў з даты першага ўезду. Тыя ж, хто мае намер перавысіць гэты ліміт альбо збіраецца весці працоўную, камерцыйную ці іншую дзейнасць, якая прыносіць даход, абавязаны загадзя атрымаць візы.

Кожны бок захоўвае за сабой права адмовіць ва ўездзе ў сваю дзяржаву грамадзянам дзяржавы другога боку, якіх яна ўважае за непажаданых, або скараціць тэрмін знаходжання такіх грамадзян на сваёй тэрыторыі.

Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Ізраіля ўваходзіць у дзеянне праз 90 дзён з даты атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага паведамлення, якім бакі інфармуюць адзін аднаго аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўваходжання ў дзеянне гэтага дакумента.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках