16 красавiка 2024, aўторак, 22:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Рубцоў: Мой бацька высмейвае гэты рэжым

8
Віктар Рубцоў: Мой бацька высмейвае гэты рэжым

Палітвязень на сабе паказвае абсурднасць цяперашняй уладнай сістэмы.

«Мой бацька - не крымінальнік, на яго баку маральная перавага», - заявіў «Радыё Свабода» Віктар Рубцоў, сын палітвязня Юрыя Рубцова, супраць якога завялі новую крымінальную справу.

«Калі бацьку забіралі з «хіміі» ў Купліне, каб адвезці ў Пружаны ў аддзел Следчага камітэта, яму далі магчымасць патэлефанаваць. Ён паведаміў, што яго вывозяць з такой установы закрытага тыпу. І, хутчэй за ўсё, у рэшце адвязуць у Баранавічы, у следчы ізалятар, паколькі выстаўляюць новае абвінавачванне.

Бацька прасіў, каб я неяк больш далікатна растлумачыў сітуацыю маці, так як яна будзе моцна перажываць. Маці, як і любая жанчына, хоча, каб муж быў побач. Ён не быў схільны маці засмучаць, зрабіўшы штосьці дрэннае. Але паводзіны бацькі яе чапляюць, бо яна прасіла яго не даводзіць усё да крайнасці.

Я, вядома, як мог патлумачыў, супакойваў, бо яна - жанчына, а мы з бацькам - мужчыны. Я так разумею: калі абраны такі шлях, сказана - так трэба дзейнічаць.

Бацька цяпер у ізалятары - яму змянілі меру стрымання.

На нейкі цуд бацька не разлічвае, ніколі не разлічваў. Ён гатовы маральна да пераменаў у сваім лёсе. Ён на сабе паказвае абсурднасць цяперашняй уладнай сістэмы. Адначасова ён разумее, што праз яго ўчынак заўтра рэжым не абрынецца. Ён высмейвае яго. І мяркуе, што перамены прыйдуць праз змены ў свядомасці людзей», - заявіў Віктар Рубцоў.

Юрыю Рубцову ўчора было выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула 415 (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

«Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужылі матэрыялы органаў дазнання за парушэнне парадку і ўмоваў адбыцця пакарання, прадугледжаных часткай 3 артыкула 47 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і правіламі ўнутранага распарадку, якія абавязваюць асуджанага працаваць у кірунку адміністрацыі папраўчай установы адкрытага тыпу. Абвінавачаны чатыры разы адмовіўся ад прапанаваных яму вакантных пасад, што ўтварае склад злачынства ў выглядзе ўхілення ад адбыцця пакарання паводле прыгавору суда», - паведаміла галоўная інспектарка інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Берасцейскай вобласці Марына Дранькова.

Палітвязня Юрыя Рубцова 6 красавіка вывезлі з установы адкрытага тыпу №7 у Купліне ў раённы аддзел Следчага камітэта ў Пружаны нібыта для правядзення следчых дзеянняў. Пазней стала вядома, што супраць Юрыя Рубцова распачатая крымінальная справа паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі). Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 3 гадоў.

Юры Рубцоў 6 кастрычнік 2014 г. быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска паводле арт. 391 Крымінальнага кодэкса («Абраза суддзі або народнага засядацеля») да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу №7. 22 снежня 2014 г. накіраваны для адбыцця пакарання ў вёску Куплін Пружанскага раёна.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках