25 красавiка 2024, Чацвер, 5:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманыя ва Украіне расейцы распавялі АБСЕ, што з'яўляюцца вайскоўцамі

44
Затрыманыя ва Украіне расейцы распавялі АБСЕ, што з'яўляюцца вайскоўцамі
АЛЯКСАНДР АЛЯКСАНДРАЎ
ФОТА: REUTERS

Супрацоўнікі маніторынгавай місіі АБСЭ наведалі затрыманых ва Украіне расейцаў.

Як паведамляецца ў справаздачы за 20 траўня, супрацоўнікі АБСЕ атрымалі магчымасць пагутарыць з затрыманымі ў адсутнасць прадстаўнікоў украінскіх уладаў, піша РБК.

«Адзін з іх заявіў, што атрымаў вайсковую адукацыю ў Расейскай Федэрацыі. Абодва расейцы заявілі, што з'яўляюцца вайскоўцамі Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі. Яны заявілі, што выконвалі выведвальную місію. Яны былі ўзброеныя, але не атрымлівалі загад атакаваць. Абодва сказалі, што патрапілі пад агонь, былі параненыя і патрапілі ў палон 16 траўня 2015 года на лініі судакранання паблізу Шчасця. Адзін з іх распавёў, што атрымаў загад адправіцца ва Украіну ад сваёй часткі; яго павінны змяніць паводле ратацыі праз тры месяцы. Абодва сказалі, што былі ва Украіне «з заданнем» раней. Адзін з іх настойліва паўтараў, што расейскія часткі не ўдзельнічаюць у баях на Украіне», - пераказвае вынікі гутаркі паведамленне АБСЕ.

Раней украінскія ўлады апублікавалі відэазапісы допытаў затрыманых. З іх вынікала, што 27-гадовы Аляксандр Аляксандраў з Маламыжскага раёна Кіраўскай вобласці і 29-гадовы Яўген Ерафееў з Самары прыбылі ва Украіну 26 сакавіка 2015 г. у складзе Батальённай групы з 220 чалавек. У яе ўваходзілі вайскоўцы 3-й асобнай гвардзейскай брыгады спецыяльнага прызначэння, дыслакаванай у Тальяці, пад камандаваннем маёра Канстанціна Напольскіх.

Затрыманыя расказалі, што батальён нібыта дыслакаваўся ў Кастрычніцкім раёне Луганска. На момант затрымання 16 траўня 2015 года Аляксандраў і Ерафееў знаходзіліся ў складзе групы выведнікаў з 14 чалавек, пры гэтым капітан Ерафееў камандаваў групай, а Аляксандраў выконваў абавязкі выведніка-санітара, распавялі яны ў апублікаваным СБУ відэа. Група вяла разведку мясцовасці ў раёне моста перад горадам Шчасце, тут яны былі выяўленыя байцамі УСУ, параненыя і затрыманыя ў распачатым баі. Аляксандраў як выведнік-санітар спрабаваў аказаць дапамогу параненаму камандзіру Ерафееву.

Расейскае Мінабароны ў адказ на заявы Кіева паведаміла, што Аляксандраў і Ерафееў - былыя вайскоўцы. Крэмль таксама паўтарыў заявы, якія гучалі раней пра тое, што расейскія вайскоўцы не ўдзельнічаюць у канфлікце на ўсходзе Украіны.

Напярэдадні тэлеканал «Расея 24» паказаў інтэрв'ю з жонкай Аляксандрава. Тая заявіла, што яе муж не з'яўляецца дзейным вайскоўцам. Акрамя таго, яна нібыта не ведала, што муж знаходзіцца ва Украіне. Пасля выхаду інтэрв'ю дарадца кіраўніка СБУ Маркіян Лубкіўскі заявіў, што ролік пастановачны. З ягоных слоў, жонка Аляксандрава працуе ў аддзеле кадраў 3-й брыгады ГРУ ГШ РФ. «Жонка Аляксандрава працуе ў аддзеле кадраў часткі мужа, таму яна не магла не ведаць, дзе ён. Інтэрв'ю пастановачнае», - цытуе Лубкіўскага «Украинская правда».

У чацвер, 21 траўня, Уладзімір Ерафееў - бацька капітана Ерафеева - у эфіры «Расеі 24» распавёў, што ведаў пра намер сына паехаць у Луганск, пры гэтым ён пацвердзіў версію Мінабароны РФ аб звальненні сына з шэрагаў узброеных сілаў. «Ён афіцэр. Дакладней, былы афіцэр. Я абмовіўся, таму што былых не бывае. Пасля Новага года звольніўся з войска. Я не стаў цікавіцца навошта. Пра Луганск - я ведаў, што ён з'язджае. Не стаў яго адгаворваць - ён ужо дарослы чалавек», - сказаў бацька Ерафеева.

Абодвум расейцам прад'яўленае абвінавачванне ва ўдзеле ў тэрарыстычнай дзейнасці, кіеўскія ўлады заяўлялі, што Ерафееў і Аляксандраў не могуць уважацца ваеннапалоннымі, паколькі Расея і Украіна не знаходзяцца ў стане вайны і расейскія ўлады не прызналі іх вайскоўцамі сваёй краіны.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках