19 красавiка 2024, Пятніца, 13:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтар гітоў пра валюту і «дармаедаў»: З КДБ пакуль не тэлефанавалі

27

Рэдка каму з прафесійных выканаўцаў удаецца выказаць у сваіх песнях эмоцыі простых людзей.

У рамках праекта «Жыццё (не) звычайнага беларуса» карэспандэнт «Салідарнасцi» пагутарыў з самародкам з Менска, які выказвае ў сваіх песнях пачуцці і настроі беларусаў.

«Нават не чакаў: на працы падыходзілі і казалі, што мой кліп ім спадабаўся»

Рэдка каму з прафесійных выканаўцу ўдаецца выказаць у сваіх песнях эмоцыі простых людзей, а жыхару Мінска Мікалаю, вядомаму ў інтэрнэце пад нікам FreshMeatOMG, гэта ўдалося. Менш, чым за паўгода ён стварыў тры звышактуальныя кліпы.

Упершыню Мікалай грымнуў са сваёй песняй у канцы снежня, у разгар валютнага крызісу, калі даляраў у абменніку было не дастаць. Усміхнуцца, пачуўшы фразы «Вчера удача улыбнулась нашему Максу. Он выгреб весь обменник – все 15 баксов!», «Делюсь мудростью нашей нации: беги в обменник в любой непонятной ситуации» і «Какая летом Испания – загорай на Цнянке»,- было немагчыма.

Пасля з'яўлення кліпа на Youtube Мікалая чакаў поспех.

- На працы была даволі станоўчая рэакцыя, нават не чакаў: людзі падыходзілі і казалі, што глядзелі мой кліп, што ён ім спадабаўся, начальнік мяне за яго пахваліў :). Сябрам таксама спадабалася. Адзінае, была парачка падкусаў ў стылі: «Коля, табе там яшчэ хлопцы з КДБ не тэлефанавалі?» Але яны і не тэлефанавалі. Калі цяпер сустракаю знаёмых ці былых аднакласнікаў, з кім даўно не бачыліся, то практычна ўсе кажуць, што бачылі мае ролікі, - адзначае Мікалай.

Папулярны кліп быў створаны ім з нуля ўсяго за некалькі дзён - з 25 да 28 снежня.

- Канкрэтна па мне сітуацыя з дэфіцытам валюты ў той момант не ўдарыла - паспеў купіць яе яшчэ да ажыятажу. А вось дэвальвацыя, вядома, на мне адбілася, як і на ўсіх астатніх. І калі ў мінулым годзе я мог, напрыклад, купіць 300 даляраў, то цяпер толькі 200. Мой даход у даляравым эквіваленце значна ўпаў, што мяне, натуральна, засмучае, - распавядае суразмоўца пра абставіны стварэння песні пра валюту.

Мікалай не раскрывае месца сваёй працы, кажа толькі, што працуе «на інжынернай пасадзе». Песні і кліпы ён стварае ў вольны час - «на працы асабліва не паздымаеш і не паспяваеш».

- Музычнай адукацыі ў мяне няма. У дзяцінстве я сур'ёзна займаўся маляваннем, планаваў нават стаць архітэктарам, але не склалася. Аднак нейкае жаданне ствараць у мяне засталося. Першапачаткова я запісваў проста нейкія рэфрэны рэчэтатыва на мікрафон, камунікаваў са знаёмымі хлопцамі, якія таксама цікавіліся стварэннем музыкі. А ўжо потым вырашыў паспрабаваць заадно здымаць і відэа, - распавядае аб сваім хобі Мікалай.

Музыку ён часта запазычвае ў іншых выканаўцаў, а вось словы ў песнях выключна ягонага аўтарства. Дарэчы, як звычайны назіральнік ён мае сваё меркаванне з нагоды рэгулярнага краху прадстаўнікоў нашай краіны на «Еўравізіі».

- Не абавязкова, каб людзі ў Еўропе разумелі, пра што песня прадстаўнікоў Беларусі. Можна выканаць яе на нашай роднай мове, а не спрабаваць уразіць ўсіх веданнем ангельскай мовы у дадатак з акцэнтам. Можна спяваць хоць пра каханне, хоць пра тое, што нашай краіне ніяк не ўдаецца заняць нармальнае месца на конкурсе :). Галоўнае - гэта як усё аформіць і падаць гледачу. Людзей ужо не ўразіць нумарамі, падобнымі да выступаў на «Голубом огоньке» ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, - мяркуе Мікалай.

«Было цікава, што усё ж нашы там сабралі з кітайскіх запчастак»

Наступным кліпам Мікалай FreshMeatOMG стрэліў у красавіку, даведаўшыся як збіраецца ў Беларусі аўтамабіль Geely. Песня пачынаецца фразай «Ее собирали пальцами левой ноги, а металл там тоньше, чем лист фольги. Только из салона, а уже пороги сгнили. Но эти фразы явно не про Geely» і доўжыцца рэфрэнам «Geely – это машина твоей мечты, на заводе закрутили даже все болты».

- Мне было цікава, што усё ж нашы там назбіралі з кітайскіх запчастак. Чытаў водгукі, глядзеў відэа пра гэтую марку. Убачыў рэкламу «Джылі» - мне яна здалася сумнаватай. Потым давялося пачуць аповяд супрацоўніка ДАІ, які на працы вымушаны ездзіць на «Джылі». Пасля гэтага і наважыў стварыць сваю рэкламу аўтамабіля, дзе, натуральна, не змог утрымацца ад тролінга і высмейвання, - распавядае Мікалай. - Водгукі на кліп былі нядрэнныя. Нехта пісаў, што з такой рэкламай цяпер сапраўды купіць сабе аўтамабіль «Джылі», а можа і два.

Апошнім на гэты момант гітом Мікалая стала песня, прысвечаная прыняццю дэкрэта «аб дармаедах». «Работы не найти и денег тоже нет, а 20 базовых плати — ну что это за бред?», - сказаў мянчук за многіх беларусаў.

- Я б сказаў, што ў кліпе адлюстравана меркаванне грамадскасці праз міні-гісторыі простых людзей. Новы дэкрэт, магчыма, закране майго сябра. Ён звольніўся ў няўдалы момант, а цяпер не можа знайсці працу па спецыяльнасці (тэхнолаг), таму ўжо гатовы хоць вартаўніком ісці, а то зусім з вакансіямі цяжка, - адзначае Мікалай.

Самародак плануе і далей радаваць беларусаў сваімі песнямі.

- На працы стараюся дамагчыся падвышэння, але пакуль не вельмі ўдаецца. А ў плане творчасці буду падвышаць свой узровень, ёсць шмат усялякіх задумак ды ідэй, якія хочацца ўвасобіць у жыццё, - кажа ён, дэкларуючы прыхільнасць да гумарыстычнага жанру. - Калі выказвацца пра некаторыя рэчы сур'ёзна, без іроніі, то гэта будзе зусім ужо сумна. А так, змагу хоць развесяліць трошкі людзей, адцягнуць ненадоўга іх ад праблем.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках