19 красавiка 2024, Пятніца, 8:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай забяспечвае Беларусь вайсковымі тэхналогіямі?

Кітай забяспечвае Беларусь вайсковымі тэхналогіямі?
Фота: onliner.by

Прэзентаваная на парадзе 9 траўня рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) «Паланэз», на думку шэрагу вайсковых экспэртаў, створаная на аснове кітайскага ўзору.

З афіцыйных крыніц вядома толькі, што баявыя і транспартна-зараджаныя машыны сістэмы вырабленыя на Менскім заводзе колавых цягачоў. А таксама тое, што тэхнічныя магчымасці «Паланэза» дазваляюць нанесці пунктавыя ўдары адначасова па васьмі мэтах на далёкасці больш за 200 км, піша экспэрт Аляксандр Алесін на сайце «Белорусские новости».

Усё астатняе, уключаючы наменклатуру набояў, іх рыштунак і магутнасць (не кажучы ўжо пра сістэмы кіравання агнём і навядзення ракет), пакрыта таямніцай і дае шырокае поле для самых разнастайных здагадак.

Найбольш абгрунтаваным выглядае пункт гледжання тых экспэртаў, якія яшчэ на этапе падрыхтоўкі да параду выказалі здагадку, што прататыпам «Паланэза» паслужыла кітайская рэактыўная сістэма залпавага агню Norinco AR3.

Знешні выгляд баявых і транспартна-зараджальных машын першай айчыннай РСЗА, якія прайшлі на парадзе без маскіроўкі, толькі пацвярджаюць меркаванне, што пры яе стварэнні быў выкарыстаны цэлы шэраг праектных пастаноў, закладзеных у кітайскую распрацоўку.

Так, пускавая ўстаноўка беларускай РСЗА, якая базуецца на пазадарожным шасі колавай формулы 8 × 8 (як і яе кітайскі аналаг), нясе на сабе два пакеты па чатыры транспартна-пускавых кантэйнеры (ТПК) квадратнага перасеку для васьмі ракетных набояў. Можна меркаваць, што іх калібр (як і ў кітайскай AR3) складае 370 мм.

Вядома, што для кітайскай РСЗА AR3 распрацаваныя два тыпы ракет такога калібра: FD220 з максімальнай далёкасцю стральбы 220 км і FD280 з максімальнай далёкасцю 280 км. Абрэвіятура FD азначае Fire Dragon («Агністы цмок»), а наступныя лічбы - максімальную далёкасць палёту ракеты. Вага 370-міліметровых набояў складае 1000-1100 кг, маса баявой часткі дасягае 250-300 кг.

Гэта сямейства ракет дазваляе AR3 знішчаць мэты на адлегласцях ад 20 да 280 км. Заяўленае вытворцам кругавое магчымае адхіленне ад мэты складае 30-50 м.

Нагадаем, што 10 траўня кітайскі лідар Сі Цзіньпін, што быў у Менску, і беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка падпісалі «Дамову аб дружбе і супрацоўніцтве», якая, на думку кітайскага боку, замацоўвае за Беларуссю ролю «важнага геаграфічнага плацдарма ў Еўропе».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках