24 красавiка 2024, Серада, 18:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не хочаш ствараць прафзвяз? Да цябе прыйдзе падатковая інспекцыя ды пажарныя!»

12
«Не хочаш ствараць прафзвяз? Да цябе прыйдзе падатковая інспекцыя ды пажарныя!»
Фота: «Салідарнасць»

Лідар прафзвяза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў ініцыятыву ўладаў аб стварэнні прафзвязаў на прадпрыемствах усіх формаў уласнасці.

- Хачу адзначыць, што я заўсёды быў супраць стварэння прафзвязных суполак адміністрацыйным шляхам. Міхаіл Орда ніколі не працаваў у прафзвязах і, мабыць, забыўся, што ўступленне ў прафзвяз - справа добраахвотная для кожнага работніка. У нас жа цяпер давядзецца сказаць усім наймальнікам: калі не хочаш ствараць прафзвяз, то да цябе прыйдуць падатковая, пажарныя і не дадуць нармальна працаваць, - распавёў «Салідарнасці» лідар Беларускага прафзвяза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Лідар прафзвяза РЭП распавёў, што ў прыватным сектары працуюць чальцы незалежных прафзвязаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ініцыятыва ішла знізу:

- Спачатку мы стваралі прафзвязную групу. А ўжо потым ішлі да наймальніка і казалі: у вас створана прафзвязная група, вось яе кіраўнік, давайце прасоўвацца на больш высокі ўзровень. Гэта значыць, мы ставілі наймальніка перад фактам, што ёсць людзі, якія жадаюць стварыць арганізацыю.

На думку Фядыніча, калі хтосьці сапраўды хоча ўступіць у прафзвяз, то ён сам прыйдзе ў ФПБ, у тым ліку работнікі прыватнага сектара.

- Але гэтага няма, - падкрэсліў ён.

Навошта ФПБ спатрэбілася ахопліваць усе прадпрыемствы? Генадзь Фядыніч выказаў некалькі здагадак:

- Па-першае, гэта складкі. Па-другое, можна будзе павеламіць кіраўніку дзяржавы, што Федэрацыя ахоплівае 99,8% прадпрыемстваў.

Лідар прафзвязаў РЭП сумняваецца ў поспеху ініцыятывы. Паводле ягоных слоў, як толькі ўмовы ў краіне зменяцца, так усе і разбягуцца з прафзвязаў, створаных добраахвотна-прымусова.

- Прафзвязы павінны не толькі ўнёскі збіраць, але і працаваць, дапамагаць сваім сябрам. Замест таго, каб скардзіцца Лукашэнку на прыватнікаў, Орда павінен быў сказаць, што ў людзей заробкі ўпалі, што ніхто не ведае, чаго чакаць ад заўтрашняга дня.

Генадзь Фядыніч распавёў, што чыноўнікі агітуюць за ўступленне ў ФПБ, выкарыстоўваючы састарэлыя метады:

- Прыходзяць на прадпрыемства і кажуць: уступайце і атрымаеце тур выходнога дня. Ну што гэта? Гэта ж пазаўчарашні дзень. А калі б прыйшоў хто і сказаў: створым тут першасную арганізацыю - і ў вас падвысіцца заробак, палепшацца ўмовы працы і будзе стабільнасць. У такі прафзвяз і я б уступіў. Але так не будзе. Націснуць на наймальніка, ён скажа работнікам: прыйшоў загад стварыць прафзвяз, хочаце ў мяне працаваць - уступайце. Мне сорамна за старшыню ФПБ. Мабыць, у іх там не вельмі добрыя справы, калі яны такім чынам ствараюць прафзвязы, - рэзюмаваў суразмоўца.

У пятніцу на VII з'ездзе ФПБ у Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да сярэдзіны 2016 ва ўсіх працоўных калектывах павінны быць прафзвязныя арганізацыі «чаго б нам гэта не каштавала». Так ён адрэагаваў на скаргу кіраўніка ФПБ Міхаіла Орды на супрацьдзеянне стварэнню прафарганізацый на прыватных прадпрыемствах.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках