26 красавiка 2024, Пятніца, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыжскі бальзам для Украіны, або Расколіны «Усходняга партнёрства»

5
Рыжскі бальзам для Украіны, або Расколіны «Усходняга партнёрства»

ЕЗ адмовіўся паабяцаць Кіеву перспектыву сяброўства, а Арменія і Беларусь - асудзіць анэксію Крыма.

Моцны, горкі, але салодкі. «Рыжскі бальзам», мабыць, самы вядомы сувенір з латвійскай сталіцы, можна параўнаць з вынікамі скончанага тут у пятніцу, 22 траўня, саміту «Усходняга партнёрства». Для Украіны ён пакінуў у першую чаргу горкі прысмак, піша DeutscheWelle.

Еўропа не паддалася на ціск Украіны

У супольнай дэкларацыі паводле вынікаў сустрэчы лідараў 28 краін Еўрапейскага Звязу і шасці постсавецкіх рэспублік сказана, што яго ўдзельнікі «прызнаюць еўрапейскія памкненні і еўрапейскіх выбар» асобных удзельнікаў. Гэта фактычна паўтор дэкларацыі, прынятай два гады таму, на папярэднім саміце ў Вільні.

Спробы ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі і міністра замежных спраў Паўла Клімкіна, шляхам заяў у прэсе дамагчыся ад Брусэля «прызнання еўрапейскай перспектывы», не прынеслі поспеху. Хутчэй, наадварот. У першым з 30 пунктаў дэкларацыі падкрэслена, што «Усходняе партнёрства» - частка «Еўрапейскай палітыкі суседства», гэта значыць, аб падрыхтоўцы да магчымага сяброўства ў ЕЗ гаворка не ідзе. Пра гэта ж заявіла і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель (Angela Merkel), якая заклікала «не абуджаць нязбытных надзей».

Абпаліўшыся ў Вільні, у Рызе ЕЗ не рызыкаваў

Зробленая яшчэ ў Берліне перад вылетам у Рыгу заява Мэркель, мабыць, самы цяжкі ўдар па «еўрапейскай мары» Украіны за шэсць гадоў існавання «Усходняга партнёрства». Латвійскі міністр замежных спраў Эдгарс Рынкевічс паспрабаваў змякчыць яго. «Я не магу сказаць, што цяперашнюю сітуацыю трэба ўспрымаць як адмову Еўропы», - сказаў у інтэрв'ю кіраўнік МЗС Латвіі, якая старшынюе ў ЕЗ. З ягоных слоў, Мэркель толькі канстатавала, што ўдзел ва «Усходнім партнёрстве» не азначае аўтаматычнай перспектывы сяброўства ў Еўразвязе.

У кулуарах саміту ў Рызе ўкраінцы прызнавалі, што «перагнулі палку», спрабуючы праз СМІ націснуць на Брусэль і Берлін. Магчыма, гэта зразумеў і сам Парашэнка. На ранішняе пасяджэнне ён прыйшоў апошнім і, здавалася, быў не ў найлепшым настроі. На «сямейным здымку» Парашэнка і Мэркель знаходзяцца па розныя бакі групы.

На выніковай прэс-канферэнцыі прэзідэнт Украіны згадаў пра сустрэчу з Мэркель, на якой прысутнічаў і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, але пра свае няздзейсненыя жаданні прамаўчаў. Вялікім дасягненнем ён назваў тое, што ЕЗ прызнаў за Украінай і іншымі ўдзельнікамі праграмы права «самім выбіраць» свой шлях. Гэта быў намёк на Расею, якая ў выніковай дэкларацыі не згадваецца ні разу.

Заходнія назіральнікі мяркуюць, што пазіцыя ЕЗ звязаная як з ўнутранымі праблемамі, так і з аглядкай на Крэмль. Еўрапейцы памятаюць, як перад самітам у Вільні Кіеў пад эканамічным ціскам Масквы адмовіўся падпісваць пагадненне аб асацыяцыі, і да чаго гэта прывяло. У Рызе ЕЗ відавочна спрабаваў пазбегнуць усяго, што магло б выклікаць новае абвастрэнне крызісу паміж Расеяй і Украінай.

Дыпламатычныя хітрыкі Арменіі і Беларусі

Друой паразай Украіны ў Рызе стаў дэмарш Арменіі і Беларусі. Ужо ў першы дзень працы саміту ў СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што яны адмаўляюцца ўхваліць тэкст выніковай дэкларацыі, калі ў ім будуць словы аб анэксіі Крыма Расеяй. Шматгадзінныя ўгаворы еўрапейскіх лідараў вынікаў не далі.

Відавочна, каб не дэманстраваць раскол ва «Усходнім партнёрстве», арганізатары саміту пайшлі на саступкі. Тэкст прынятай дэкларацыі стаў прыкладам дыпламатычных хітрасцяў. У трэцім пункце ад імя ўсіх удзельнікаў гаворка ідзе не аб анэксіі Крыма, а пра «дзеянні супраць Украіны», з якімі «нельга змірыцца ў 21 стагоддзі». У наступным пункце краіны пацвярджаюць свае пазіцыі паводле прынятай у сакавіку 2014 года рэзалюцыі Генасамблеі ААН, якая асудзіла дзеянні Расеі і не прызнала крымскі «рэферэндум». Арменія і Беларусь не падтрымалі тую рэзалюцыю. ЕЗ жа - але толькі ад свайго імя - пацвердзіў у Рызе сваю ранейшую пазіцыю «аб нелегітымнай анэксіі Крыма і Севастопаля».

На прэс-канферэнцыі ўкраінскага прэзідэнта спыталі, ці хоча Кіеў і надалей суседнічаць у праграме ЕЗ з краінамі, якія адмовіліся прызнаць анэксію Крыма. Парашэнка дыпламатычна адказаў, што гэта праблема не Украіны, а гэтых краін.

Бязвізавыя перспектывы і падводныя камяні

Але, як і «Рыжскі бальзам», які змякчае сваю горыч салодкім прысмакам, напрыклад, чорнай парэчкі, так і еўрапейцы на рыжскім саміце паспрабавалі змякчыць удар для Украіны. У Рызе быў падпісаны мемарандум аб выдзяленні Украіне чарговага траншу макраэканамічнай дапамогі на суму 1,8 мільярда еўра. Для Кіева, які балансуе на мяжы дэфолту, гэтая пастанова як нельга дарэчы. Кіраўнік Еўрапарламента, нямецкі палітык Марцін Шульц (MartinSchulz), перад пачаткам саміту сказаў, што стабілізаваць Украіну эканамічна - важней, чым казаць пра перспектыву яе сяброўства ў ЕЗ.

Больш згаворлівым быў Еўразвяз у адказ на просьбу Украіны і Грузіі аб скасаванні візавага рэжыму. У Рызе Кіеву і Тбілісі паабяцалі да канца года правесці аналіз сітуацыі і не выключылі, што ўжо ў 2016 годзе жыхары гэтых краін змогуць адпраўляцца ў кароткатэрміновыя (да трох месяцаў) паездкі ў краіны ЕЗ без візаў. Такі рэжым быў уведзены летась для Малдавіі, якая дзякуючы гэтаму стала нефармальным лідарам ва «Усходнім партнёрстве».

Для Украіны ў візавым пытанні ёсць падводны камяні. Адзін з іх - кантроль мяжы. На гэты момант Кіеў не кантралюе сотні кіламетраў мяжы з Расеяй на ўсходзе. На чым грунтуецца аптымізм Кіева развязаць гэтае пытанне да канца года, у Рызе засталося незразумелым.

«Усходняе партнёрства» і футбол

Агулам пасля Рыгі засталося адчуванне, што гэты саміт - апошні ў такой форме. І ад еўрапейскіх палітыкаў, і ад прадстаўнікоў шасці краін-партнёраў усё гучней гучалі пажаданні аб большай «дыферэнцыяцыі». Іх і раней умоўна дзялілі на дзве групы: краіны, якія жадаюць стаць сябрамі ЕЗ (Малдова, Грузія, Украіна), і астатнія. Дэмарш Беларусі і Арменіі паказаў, што сярод удзельнікаў «Усходняга партнёрства» ёсць калі не раскол, то расколіна.

Вызначыўся і Азербайджан, які ў апошні момант адмовіўся далучыцца да супольнай дэкларацыі. Праз гэта выніковая прэс-канферэнцыя пачалася са спазненнем на гадзіну. Кіраўнік Рады ЕЗ, паляк Дональд Туск прызнаўся, што праз тэлефон угаворваў прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, які ў Рыгу не прыехаў. У выніковай дэкларацыі краіны віталі намаганні Менскай групы ў пасрэдніцтва ва ўрэгуляванні канфлікту ў Нагорным Карабаху.

Як прапанаваў у гутарцы з DW кіеўскі палітолаг Уладзімір Фясенка, у ЕЗ варта падумаць аб увядзенні ва «Усходнім партнёрстве» дзвюх розных груп, «як у футболе, дзе ёсць першая і другая ліга».

Саміт 2017 на фоне выбараў

Ва ўсякім выпадку, запланаваны на 2017 наступны саміт пройдзе ў асаблівых умовах. Гэта будзе год прэзідэнцкіх выбараў у Францыі, парламенцкіх выбараў у Нямеччыне і рэферэндуму аб магчымым выхадзе з ЕЗ у Вялікай Брытаніі. На гэтым фоне, падобна, толькі аптымісты могуць разлічваць на новае збліжэнне ЕЗ са сваімі ўсходнімі суседзямі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках