29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Варвары вяртаюцца

18
Варвары вяртаюцца
Владимир Халип

Навошта рэжыму спатрэбіўся гэты саміт?

Усім жа загаддзя было вядома, што нічога, акрамя скандалу, ад паездкі ў Рыгу чакаць не варта. І пабачыць правіцеля там наўрад ці жадалі. Ці не таму так старанна чэлядзь распаўсюджвала чуткі пра ягоную неверагодную занятасць. Аднак жа хіба не прасцей было б сказаць, што ўдзельнічаць немагчыма, бо нечакана жывот забалеў. Або раптам абвесціць усенародны суботнік па пераносе ленінскага бервяна з Астрошыцаў у Дразды. Ініцыятары саміту ацанілі б далікатнасць сітуацыі і не мелі б ніякай крыўды.

Але дзе там! Рэжыму спатрэбіўся поўнамаштабны скандал. Глупы і прымітыўны. Усяму свету паспяшаліся нагадаць, хто ёсць кім. Вось толькі шкада марных намаганняў ягоных шматлікіх заходніх апалагетаў. Так шчыравалі. Так стараліся тутэйшай зграі надаць боскі выгляд. Пустыя надзеі!

Сродкі масавай інфармацыі разнеслі па ўсяму свету банальную навіну: Беларусь і Арменія выступілі супраць асуджэння расійскай анэксіі Крыма. Сапраўды, якая сенсацыя! Няўжо чакалі чагосьці іншага?

Колькі даводзілі еўрапейскім чыноўнікам усіх рангаў пра безнадзейную саўковасць гэтага рэжыму. Якія толькі факты не ўзгадвалі – і пра зніклых палітыкаў, пра скрадзеныя выбары і зверскія разгоны дэманстрацый, катаванні ў тутэйшых засценках і здзек над палітзняволенымі. Не пераканалі.

Чынавенства было ўпэўнена, што гэта папярэдняе пакаленне брусельскага істэблішменту не здолела знайсці паразуменне з патэнцыйнымі партнерамі, а вось яны так аргументавана правядуць дыялог, што ўсё скончыцца найлепшым чынам. І адыёзнае беларускае кіраўніцтва зразумее нарэшце, у чым перавага еўрапейскіх каштоўнасцяў перад пуцінскай канцэпцыяй рускага свету.

Аднак цудоўная гэта гульня правалілася ў Рызе. Замест «без пяці хвілін еўрапейцаў» там убачылі замшэлых ватнікаў. Толькі ўжо не расійскіх, з якой-небудзь урупінскай глыбінкі, а даволі сучасных – з постсавецкіх псеўданезалежных дзяржаў. Але ўсё з тым жа палымяным поглядам. І з ваяўнічым поклічам «крымнаш!»

Да гэтага інцыдэнта яшчэ неяк можна было махляваць. І украінцы былі нам браты. І перамовы з экзатычнай Лугандай надзейна атабарыліся ў Мінску. І нават правіцель публічна хадзіў у абдымку з украінскім прэзідэнтам і нават абвесціў аб сваім намеры паехаць у Кіеў на плузе і ўсё там узараць. А тут раптам адкрытым тэкстам такое недвухсэнсоўнае прызнанне: не дазволім асуджаць Расію за Крым!

А далей і ўвогуле пачулася водгулле знакамітага вертыкальнага грому: «Казалось бы, украинские события должны были не многих, но всех научить, как хрупок мир, как надо беречь этот мир. Надо решать проблему Украины, Грузии. Но нет, собрались на «Восточное партнерство» и давай в каждом документе клеймить позором Россию, не прямо, так косвенно. Мы категорически всегда были против того, чтобы «Восточное партнерство» было против кого-то».

Гэты высокапастаўлены гнеў – нібы выбух метану ў шахце. На сваім шляху ўсё змятае дашчэнту. Хто там яшчэ спадзяваўся, што Беларусь – еўрапейская краіна, і ніякія халуйскія дамовы ў пуцінскую арду яе не загоняць?

Аднак жа кепска ведаюць беларусы свайго правадыра, якому дазволілі бестэрмінова гарэзнічаць на тутэйшай прасторы. Калгаснае самадурства не ведае межаў. Адданасць маскоўскаму кіраўніцтву – з’ява генетычная.

Так, часам можна і агрызнуцца. Гаспадар дазваляе. Ступень пакорлівасці ад гэтага не памяншаецца. І калі ўдумацца, дык навошта правіцелю Еўропа?

Зусім іншыя пачуцці выклікае Расія. Там усё роднае, зразумелае. І заўсёды можна перахапіць да палучкі. Да таго ж падобна на тое, што гэтым разам прыціснула не на жарт. Выбары не за гарамі. А ў кішэні гуляе вецер. Занадта ўжо выразны і добра пастаўлены ягоны раптоўны гнеў.

Сапраўды, а што кепскага зрабіла Расія? У суседняй краіны, якую навязліва называла братняй, адхапіла вялізны кавалак тэрыторыі. І праглынула, не падавілася. У еўрапейцаў гэткае нахабства мае дакладную назву – анэксія. Але ж прыгадайце, калі-небудзь гэтая імперыя паводзіла сябе інакш? Сапраўды, за што ж яе асуджаць?

Хіба хтосьці не ведае і не памятае, як Сталін у свой час гэтак жа далучыў Прыбалтыку і нібыта вызваліў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь? А потым яшчэ наладзіў для новых савецкіх грамадзян бесперапынны рух эшалонаў па маршрутах Беларусь - Тундра, Беларусь - Тайга і далей па спісу. А чаму Пуцін у аналагічным выпадку павінен паводзіць сябе інакш? І чым увогуле час напярэдадні Другой сусветнай адрозніваецца ад часу напярэдадні Трэцяй?

Па сутнасці, нічым. І варвары, пераканаўшыся, што цывілізаваны свет відавочна не гатовы даць ім рашучы адпор, паціху вяртаюцца. І зноў яны гуртуюцца ў зграі. Адны кувалдамі крышаць археалагічны музей і расстрэльваюць крохкія руіны антычнай Пальміры. Іншыя далучаюць Крым.

А неўтаймаваны калгасны правіцель, перакрыўшы беларусам шлях у Еўропу, адлятае ў Пакістан. Там цудоўна. Куды ні зірні – аднадумцы. Азія велізарная. І месца там хопіць для ўсіх.

І ўвогуле, чаго мы не бачылі ў гэнай Еўропе?

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках