29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якім прадпрыемствам пагражае нацыяналізацыя?

4
Якім прадпрыемствам пагражае нацыяналізацыя?

Крызісную сітуацыю, у якой выявіліся некаторыя бізнэсоўцы ў Беларусі, улады могуць выкарыстоўваць для правядзення чарговай хвалі нацыяналізацыі.

Якія прадпрыемствы дзяржава можа адабраць у прыватных інвестараў?

Паводле інфармацыі «Заўтра тваёй краіны», цяпер абмяркоўваецца пытанне аб вяртанні ва ўласнасць дзяржавы некалькіх прадпрыемстваў, якія раней былі прыватызаваныя прыватнымі інвестарамі.

Мэтазгоднасць гэтага кроку тлумачаць неэфектыўным кіраваннем. У такіх варунках дзяржава не можа заставацца ў баку.

Як атрымалася высветліць «Заўтра тваёй краіны» ў некалькіх крыніцах, адзін з магчымых кандыдатаў на вяртанне ва ўлонне дзяржавы - завод «Мотавела».

У 2007 годзе адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў матацыклаў і ровараў быў прыватызаваны з удзелам зарэгістраванай у Аўстрыі кампаніі ATECHolding. Яе асноўным уладальнікам называецца вядомы ў Беларусі бізнэсовец Аляксандр Мураўёў.

ATEC абавязалася захаваць профіль прадпрыемства і інвеставаць у яго развіццё 20 млн даляраў. Планавалася, што да канца 2012 года магутнасці складуць 500 тысяч ровараў і 30 тысяч матацыклаў у год.

Аднак гэтыя планы не былі выкананыя, прадпрыемства завінавацілася ў крэдытах. Крызісная сітуацыя стала падставай для візіту на завод у канцы 2013 года Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ягоных вынікаў прэзідэнт распарадзіўся «апошнім разам падставіць плячо», загадаўшы адтэрмінаваць выплату крэдытаў. Але, мяркуючы з усяго, гэтых захадаў было недастаткова.

Фінансавыя праблемы адчуваюць і іншыя прадпрыемствы ATECHolding у Беларусі. Некаторыя з іх прызнаныя банкрутамі.

У траўні 2014 года Эканамічны суд Гомельскай вобласці распачаў справу аб эканамічнай неплацежаздольнасці СЗАТ «Гомельскі шклатарны завод», у якое таксама інвеставаў Мураўёў. У канцы кастрычніка мінулага года была прынятая пастанова аб ліквідацыі гэтай юрыдычнай асобы.

Летась справа аб банкруцтве была распачатая таксама ў дачыненні да ЗТАА «Еліпак», якая займаецца выпускам упакоўкі. Ужо ў пачатку 2015 Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці распачаў чарговую справу аб банкруцтве прадпрыемства, у якое інвеставаў ATEC, - лідскага вытворцы бутэлек СЗАТ «Белеўрата».

Як адзначаюць экспэрты «Заўтра тваёй краіны», дзяржава не можа быць зацікаўленай у тым, каб у гэты складаны час павесіць на сябе праблемнае прадпрыемства. Хутчэй за ўсё, будзе зробленая спроба знайсці новага інвестара. У 2006-2007 гадах цікавасць да «Мотавела», прынамсі, праяўляў холдынг Аляксандра Шакуціна «Амкадор».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках