26 красавiка 2024, Пятніца, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскія ксенафобы просяцца ў Беларусь

14
Еўрапейскія ксенафобы просяцца ў Беларусь
Марыё Пунчаў

Адзін з лідараў балгарскай нацыяналістычнай партыі «Атака», кіраўнік сафійскага аддзялення партыі папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.

З адпаведным лістом 52-гадовы Марыё Пунчаў звярнуўся да беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, паведамляюць «Беларускія навіны».

«Я ўжо дзесяць гадоў абараняю няўдзел Балгарыі ў Еўразвязе і NАТO. Я шмат разоў выступаў за прыняцце Балгарыі ў Еўразійскі саюз. Кіроўны палітычны клас у Балгарыі цалкам падпарадкаваны Еўразвязу і Амерыцы. Таму мне заўсёды кажуць, вы з партыі «Атака» і мы не можам вас прыняць на працу ў дзяржаўныя і прыватныя структуры. Усіх, хто выступае ў абарону Еўразійскага саюза і сяброўства з Расеяй і Беларуссю, у Балгарыі чакаюць непрыемнасці», - гаворыцца ў звароце Марыё Пунчава.

З просьбай пасадзейнічаць у перадачы гэтага звароту прэзідэнту Беларусі Марыё Пунчаў звярнуўся да старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча.

Нацыяналістычная партыя «Атака» была заснаваная ў 2005 годзе. Экспэртамі пазіцыянуецца як ультранацыяналістычная з элементамі ксенафобіі. Лозунг партыі - «Вернем Балгарыю балгарам».

Нагадаем, што беларускі дыктатар неаднаразова дэманстраваў гасціннасць палітычным ізгоям і міжнародным злачынцам.

Так, былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў і ягоны брат Жаныш Бакіеў, які займаў пасаду начальніка Службы дзяржаховы, што ўцяклі з краіны пасля змены ўлады ў красавіку 2010 года, атрымалі прытулак у Беларусі, куды затым з'ехаліся іншыя ягоныя сямейнікі і прадстаўнікі найбліжэйшага атачэння. На радзіме Курманбек Бакіеў і Жаныш Бакіеў завочна асуджаныя на пажыццёвае зняволенне за масавы расстрэл дэманстрацыі ў цэнтры Бішкека 7 красавіка 2010 года, дзе загінулі больш за 70 чалавек.

Скандальная гісторыя таксама адбылася з былым амбасадарам Украіны ў Беларусі Міхаілам Ежалем. У жніўні 2014 Генпракуратура Украіны выставіла Ежалю падазрэнне ў рамках расследавання крымінальных спраў, якія тычацца знішчэння тылавога забеспячэння ўкраінскага войска. Міхаіл Ежаль быў выкліканы на допыт у Кіеў, аднак украінскім уладам паведамілі, што з 10 жніўня 2014 Ежаль знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Менску і таму не можа вярнуцца ва Украіну. У лютым 2015 ГПУ адправіла запыт у Генпракуратуру Беларусі, каб высветліць пра месцазнаходжанне Ежаля і ягоны стан здароўя. «Аднак у атрыманні запытанай інфармацыі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовіла», - паведаміла тады Генеральная пракуратура Украіны. Такія паводзіны беларускіх уладаў дазволілі шэрагу ўкраінскіх палітыкаў выказаць меркаванне, што Лукашэнка знарок не выдае Ежаля.

Беларускі дыктатар таксама ў тэлефоннай размове прызнаваў магчымасць прадастаўлення прытулку збегламу ўкраінскага экс-прэзідэнту Віктару Януковічу і ягонай сям'і. Хаця размова была розыгрышам, аднак Лукашэнка меркаваў, што ягоным суразмоўцам з'яўляецца сын абвешчанага ў міжнародны вышук Віктара Януковіча.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках