19 красавiка 2024, Пятніца, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яцэнюк: Украіна выплаціць запазычанасці толькі на ўласных умовах

5
Яцэнюк: Украіна выплаціць запазычанасці толькі на ўласных умовах
Арсеній Яцэнюк
ФОТА: ANADOLU AGENCY/GETTY IMAGES

Украіна выплаціць свае міжнародныя запазычанасці толькі на ўласных умовах.

Як паведамляе "Украинская праўда" Арсеній Яцэнюк заявіў пра гэта ў інтэрв'ю The Financial Times, адказваючы на пытанне аб імавернасці абвяшчэння краінай дэфолту.

"Я скажу так: мы будзем радыя выплаціць нашыя абавязанні. Але на ўмовах, прапанаваных украінскім урадам. І я прашу нашых міжнародных крэдытораў пайсці нам насустрач. Гэта будзе справядліва. Украінскі народ ахвяраваў і заплаціў значна больш", - сказаў ён.

Яцэнюк нагадаў, што з часу прыходу новага ўрада, агульная запазычанасць Украіны знізілася з 72 да 69 мільярдаў даляраў. У 2014 годзе Украіна выплаціла 14 млрд даляраў і атрымала яшчэ 9 млрд крэдытаў ад МВФ.

Са слоў прэм'ера, былы прэзідэнт Віктар Януковіч за тры гады набраў пазык на 40 млрд даляраў.

"Значыць міжнародныя крэдыторы былі такія шчодрыя і прыязныя да прэзідэнта Януковіча, ведаючы, што ён сапраўды не самы лепшы хлопец у свеце. Але яны далі ягонаму дыктатарскаму рэжыму 40 млрд даляраў. І сёння мы павінны выплачваць гэтую пазыку", - паскардзіўся ён.

Яцэнюк нагадаў, што Украіна збіраецца атрымаць 17,5 млрд даляраў ад МВФ, а таксама 7,5 млрд даляраў ад іншых крэдытораў, але толькі 15 млрд з іх яна мае права накіраваць на выплату пазык.

У той жа час цягам наступных чатырох гадоў Украіна абавязаная выплаціць 30 млрд замежных і 17 млрд даляраў унутраных пазык. Такім чынам, невыплачанымі застануцца 32 млрд даляраў.

"Мы просім міжнародных крэдытораў падтрымаць Украіну і, у гэтым выпадку, ахвяраваць сваёй дзеллю", - заявіў ён.

Яцэнюк нагадаў, што Вярхоўная Рада дазволіла ўраду абвяшчаць мараторый на выплату замежнай запазычанасці і заявіў, што зробіць гэта, калі не атрымаецца дасягнуць кампрамісу з крэдыторамі.

Прэм'ер таксама нагадаў аб "адной краіне" з насельніцтвам у чатыры разы меншым чым украінскае (відавочна, маючы на ўвазе Грэцыю), якая набрала пазык на 300 млрд даляраў, ніколі не праводзіла такіх рэформаў, якія праводзіць Украіна і не ваявала з Расеяй.

"А Украіне з яе праблемамі, якія хтосьці мог бы назваць непераадольнымі, паабяцалі 25 мільярдаў даляраў. Гэта толькі параўнанне", - заявіў ён.

Яцэнюк дадаў, што Украіна просіць не грошай, а інвестыцый і запэўніў, што ў яго велізарны патэнцыял.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках