25 красавiка 2024, Чацвер, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«ЛогвінаЎ» праводзіць «Фэст астатняй цыгарэты»

2
«ЛогвінаЎ» праводзіць «Фэст астатняй цыгарэты»
ФОТА: RFE/RL

Супрацоўнікі кнігарні «ЛогвінаЎ» урачыста выкурылі па астатняй цыгарэце на прыступках крамы.

Пасля нерваў з выплатамі штрафу, з пагрозай закрыцця крамы супрацоўнікі «ЛогвінаЎ» далі зарок, што калі кнігарню не закрыюць, то яны ўсе як адзін, на чале з Ігарам Логвінавым, кінуць паліць. Усё абышлося, штраф выплачаны, кнігарня працуе. І супрацоўнікі крамы запрасілі ўсіх аматараў кнігі, чытачоў і пісьменнікаў кінуць паліць разам - на «Фэсце астатняй цыгарэты», паведамляе «Радыё Свабода».

Акурат а 16 гадзіне на ганку крамы ўрачыста пры сведках і святле фотавыбліскаў восем супрацоўнікаў крамы «ЛогвінаЎ» на чале з дырэктарам кнігарні Яўгенам Ціханавым, выдаўцом Ігарам Логінавым і арт-дырэктарам Паўлам Касцюкевічам выкурылі па астатняй цыгарэце.

«Мы падвялі вынік, што мы ўмеем рабіць. Умеем рабіць мы толькі кнігі і іх рэкламаваць. І зрабілі выснову, што калі мы кінем паліць, то будзем рабіць кнігі і іх рэкламаваць яшчэ лепш. І мы наважылі зладзіць такую акцыю - кінуць паліць усім складам кнігарні «ЛогвінаЎ». Так што заклікаем усіх кінуць паліць», - з такой прамовай на ганку выступіў Павел Касцюкевіч.

А выдавец Ігар Логвінаў пажартаваў, што калектыў кнігарні наважыў кінуць паліць, каб кнігарня не згарэла:

«Кнігарню, дзякуй Богу, выратавалі, і цяпер адзіная пагроза, што яна згарыць, - гэта нашае паленне. Таму ўсе разам гурмой кідаем курыць. Бо раней палілі ўсе, і ўся праца зводзілася да перакураў. Мы прыходзілі з раніцы на працу і палілі, палілі, палілі... Таму прынялі пастанову. Прыдумалі ўжо і пакаранне для тых, хто не вытрымае: 5 разоў будзе мыць дывановае пакрыццё. І нарэшце ў нас стане чыста».

Пасля акцыі на ганку ў краме адбудзецца трохдзённы «Фэст астатняй цыгарэты» з літаратурным слэмам і кніжнымі прэзентацыямі, у якіх возьмуць удзел як курцы, так і тыя, хто не паліць.

***

У Беларусі паляць блізу 45% мужчын і 35% жанчын, больш за 65% студэнтаў і школьнікаў. Прычым інтэнсіўнасць палення сярод жанчын і моладзі апошнім часам істотна вырасла. Большасць мужчын-курцоў - 92% - паляць кожны дзень, як і 78% курчых-жанчын.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках