19 красавiка 2024, Пятніца, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесар Зубаў: За год Украіна змагла спыніць сур'ёзную агрэсію

1
Прафесар Зубаў: За год Украіна змагла спыніць сур'ёзную агрэсію
АНДРЭЙ ЗУБАЎ
ФОТА: RFE/RL

Гэта галоўны поспех Парашэнкі.

Расейскі рэлігіязнаўца, гісторык і філосаф Андрэй Зубаў мяркуе, што прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку даводзіцца змагацца з цяжкай савецкай спадчынай, што знаходзіцца перш за ўсё ў свядомасці людзей.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка за год свайго кіравання дамогся поспеху ў тым, што не дапусціў паглынання краіны замежным агрэсарам, а цяпер перад ім стаіць выклік у барацьбе з савецкай спадчынай унутры Украіны. Пра гэта ў каментары выданню "Гордан" распавёў расейскі гісторык і філосаф Андрэй Зубаў.

"Калі год таму Парашэнка быў абраны прэзідэнтам, ні ён сам, ні хто-небудзь іншы не ўяўлялі маштабаў той трагедыі, якая адбудзецца ва Украіне. Калі толькі пачыналіся ўсе гэтыя падзеі, мы думалі, што гэта скончыцца хутка і лёгка, таму што думаць пра сур'ёзную вайну паміж Расеяй ды Украінай было неяк немагчыма. Аднак за гэты год Украіна пад яго кіраўніцтвам здолела выстаяць у гэтай вайне, спыніць відавочную і вельмі сур'ёзную агрэсію і пачаць ладзіць сваё жыццё. Думаю, што галоўны поспех - на дыпламатычным і на вайсковым фронце", - заявіў Зубаў.

Навуковец адзначыў, што прэзідэнту ўдалося стабілізаваць становішча на фронце і дамагчыся аўтарытэту на міжнароднай арэне.

"Пасля некаторых змен кіраўніцтва ў войску, здолелі знайсці адпаведных людзей і стабілізаваць становішча на фронце, якое цяпер досыць устойлівае. У міжнародным плане Парашэнка здолеў стаць не чужым, а сваім і ў Еўрапейскім Звязе, і ў NATO. Яго ўспрымаюць асноўныя палітычныя лідары большасці краін з павагай. Украіна стала значным элементам міжнароднай сістэмы, таму міжнародная дапамога надаецца Украіне ахвотна", - мяркуе Зубаў.

"Мабыць, цяжка казаць пра няўдачы прэзідэнта ў варунках вайсковых дзеянняў, бо вайна - вельмі цяжкая рэч і матэрыяльна, і маральна. Матэрыяльна яна з'ядае велізарныя сілы і сродкі, маральна - спрыяе таму, што грамадства жорстка падзяляецца. Многія людзі, выпрабоўваючы пакуты праз загубу і раны блізкіх, губляюць надзею на найлепшую будучыню. Сапраўды, гэта найцяжэйшае выпрабаванне. Аднак, я мяркую, што ў гэтых абставінах Парашэнку ўдаецца неяк эканамічна і палітычна кантраляваць сітуацыю ўнутры краіны. Хоць, безумоўна, сістэмную дэкамунізацыі і люстрацыю не ўдаецца эфектыўна правесці, а з карупцыяй, з уладай алігархаў на месцах, з карыслівасцю чыноўнікаў пакуль скончыць не атрымліваецца", - мяркуе Андрэй Зубаў.

На ягоную думку, дэкамунізацыя павінна закрануць не толькі вонкавыя з’явы, але і свядомасць людзей.

"Трэба сказаць, што Парашэнка змагаецца не са звычайнымі чалавечымі слабасцямі, якія ёсць у кожнай краіне, а разам са сваімі прыхільнікамі ён змагаецца з велізарнай савецкай спадчынай. З той, якая не толькі ў помніках Леніну, а найперш у душах людзей - гэта разбурэнне сумлення і маральных складнікаў, звычка хлусіць, звычка думаць толькі пра сябе. Гэта ў савецкіх фільмах толькі казалі пра тое, што савецкі чалавек думае толькі аб агульнай справе, а пра сябе забывае. Напраўду ўсё было наадварот: усё, акрамя асобных дзівакоў, думалі пра сябе, а пра агульную справу забывалі", - мяркуе Зубаў.

Са слоў гісторыка, з прычыны таго, што ва Украіне савецкі рэжым існаваў даўжэй, чым у краінах Усходняй Еўропы, працэс дэкамунізацыі тут будзе больш доўгім.

"Таму Парашэнка і ўсе, хто змагаецца за будучую Украіну, выступаюць супраць гэтай вялізнай савецкай спадчыны. Патрэбная сістэмная, планамерная дэкамунізацыя, якая прайшла ў краінах Цэнтральнай Еўропы, у Польшчы, у Прыбалтыцы, у Чэхіі ў 90-я гады. Але тыя краіны былі ў мірным становішчы, ніхто не ваяваў, іх уключалі паступова ў Еўрапейскі Звяз і NATO. Украіна, як і Расея, мае больш глыбокую савецкую спадчыну, чым краіны Усходняй Еўропы, што цягам 70-80 гадоў укаранялася жорсткімі метадамі. Украіна апынулася ў стане вайны, і таму гэтыя працэсы вельмі цяжкія, і тут, вядома, пакуль не ўдаецца дамагчыся поспеху", - мяркуе гісторык.

"Але я не думаю, што гэта параза Парашэнкі, я мяркую, што гэта ёсць аб'ектыўная неверагодна складаная задача, якая стаіць перад ім і перад усім народам Украіны. Я ўпэўнены, што калі мужнасць не пакіне прэзідэнта і людзей, то ў гэтым сэнсе будзе перамога. І, мабыць, яшчэ адна, можа быць няўдача, хоць зноў жа не поўная, што не цалкам удаецца знайсці мову з грамадствам. Я бачу, як Пятро Аляксеевіч стараецца быць усім для ўсіх, але не заўсёды ён можа знайсці агульную мову. Я зычу, каб гэтыя намаганні прадаўжаліся і былі паспяховымі", - адзначыў Андрэй Зубаў.

26 траўня споўніўся акурат год з моманту абрання Пятра Парашэнкі на пасаду прэзідэнта Украіны. У мінулым годзе ён атрымаў перамогу ў першым туры пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 54,7% галасоў выбарцаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках