19 красавiка 2024, Пятніца, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справу супраць дырэктара «Трансавіяэкспарту» перадалі ў суд

4
Справу супраць дырэктара «Трансавіяэкспарту» перадалі ў суд

Ва ўправе Следчага камітэта Менску закончанае следства паводле справы дырэктара ААТ «Авіякампанія Трансавіяэкспарт» Вадзіма Мельніка.

Ён быў затрыманы супрацоўнікамі галоўнай управы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС паводле падазрэння ў спробе махлярства ў асабліва вялікай суме.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Менску Аляксандр Герасімаў, устаноўлена, што дырэктар наважыў выкарыстоўваць у карыслівых мэтах намер замежнай кампаніі прыватызаваць прадпрыемства, якое ён узначальвае, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Сустрэўшыся з прадстаўніком інвестараў, кіраўнік спаслаўся на знаёмства са службовымі асобамі дзяржорганаў, упаўнаважаных на правядзенне аўкцыёну ў продажы ААТ «Авіякампанія Трансавіяэкспарт». Пры гэтым увёў суразмоўцу ў зман наконт сваіх магчымасцяў спрыяльна развязаць пытанні ў інтарэсах інвестараў за хабар і падахвоціўся быць пасярэднікам у іх перадачы.

У рэчаіснасці, як сцвярджае следства, дырэктар не мог паўплываць на ход аўкцыёну, а толькі пераследаваў мэту завалодаць грашыма. Ён быў затрыманы пры атрыманні 30 тысяч даляраў ЗША, якія з'яўляюцца часткай абумоўленай загадзя сумы.

Кіраўніку авіякампаніі выстаўленае абвінавачванне паводле ч.1 арт.14, ч.4 арт.209 КК (спроба махлярства ў асабліва вялікай суме) і ч.5 арт.16, ч.2 арт.431 (падбухторванне да дачы хабару ў вялікай суме).

Да абвінавачанага ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Накладзены арышт на ягоную маёмасць на суму 4 млрд. 150 млн. рублёў, у тым ліку прыватны дом з зямельным надзелам у Менску, аўтамабіль-пазадарожнік, грашовыя сродкі ў замежнай валюце.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках