25 красавiка 2024, Чацвер, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракурор запатрабавала для Юрыя Рубцова тры гады калоніі

19
Пракурор запатрабавала для Юрыя Рубцова тры гады калоніі
Юры Рубцоў
ФОТА: "Радыё Свабода"

На пасяджэнні ў судзе Пружанскага раёна пракурор Зайцава папрасіла суддзю прызначыць палітвязню пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.

Юры Рубцоў абвінавачваецца паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі) за тое, што неаднаразова адмаўляўся ад прапанаваных яму месцаў працаўладкавання падчас адбыцця пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) у вёсцы Куплін (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці) , піша сайт ПЦ "Вясна".

Удзень 27 траўня ў судзе было заслухана звыш 15 сведак, якія паказалі, што Рубцоў не адмаўляўся катэгарычна ад працаўладкавання, а быў не згодны працаваць праз нізкі заробак.

Пасля двухгадзіннага перапынку суд заслухаў яшчэ некалькі сведак і перайшоў да спрэчак старон. Так, пракурор угледзела ў шматразовых адмовах Рубцова ад працаўладкавання рэцыдыў наўмыснага злачынства і папрасіла прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2,5 года ў калоніі, а з улікам неадбытага тэрміну абмежавання волі - на 3 гады.

У сваю чаргу адвакатка Рубцова звярнула ўвагу суда на тое, што актывіст не перашкаджаў працаўладкаванню, ён атрымаў накіраванне на працу, прайшоў медкамісію. Аднак пры афармленні прававой дамовы Рубцоў выявіў у дакуменце шэраг хібаў, як ён заўважыў, гэта не дазволіла яму падпісаць працоўны кантракт. Адвакатка папрасіла апраўдаць свайго падабароннага ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства, а ў выпадку прызнання віны прызначыць яму мінімальны тэрмін пакарання.

Сам Юры Рубцоў адзначыў, што праца зняволеных аплачваецца горш, чым праца свабодных грамадзян. У той жа час гомельскі актывіст распавёў, што яму пагражалі турэмным тэрмінам, калі ён не падпіша працоўную дамову. Аднак, сказаў ён, укладанне працоўнага кантракту пад пагрозай супярэчыць Працоўнаму кодэксу Беларусі.

Прысуд Рубцову будзе вынесены 28 траўня.

Нагадаем, 6 кастрычніка 2014 года суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў 53-гадовага Юрыя Рубцова да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакарання быў скарочаны да паўтара года. Рубцова абвінавацілі ў абразе суддзі суда Савецкага раёна Кірыла Палулеха, які вёў у дачыненні да яго адміністрацыйны працэс пасля акцыі "Чарнобыльскі шлях" 28 красавіка 2014 года ў Менску (арт. 391 КК).

Адбываючы пакаранне ў ПУАТ у вёсцы Куплін, асуджаны актывіст адмаўляўся працаваць праз нізкі заробак. Рубцоў патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэднім заробкам у краіне (600 даляраў ЗША ў эквіваленце). Гэта і стала падставай для завядзення новай крымінальнай справы.

Да суда Юрыя Рубцова ўтрымлівалі ў следчым ізалятары горада Баранавічы (Берасцейская вобласць). 6 красавіка гомельскі актывіст абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць вылучаных яму абвінавачванняў, бо ўважае абедзве крымінальныя справы ў дачыненні да яго сфабрыкаванымі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках