19 красавiка 2024, Пятніца, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада БНР: Ціск на рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі павінен быць узмоцнены

10
Рада БНР: Ціск на рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі павінен быць узмоцнены

Вызваленне палітвязняў - патрэбная ўмова дыялогу з афіцыйным Менскам.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, прынятай 29 траўня, паведамляе «Радыё Свабода». У дакуменце ўтрымліваецца зварот да ЗША і ЕЗ «разглядаць вызваленне і рэабілітацыю беларускіх палітычных зняволеных у якасці неабходнай умовы» для дыялогу з афіцыйным Менскам.

Рада БНР звяртае ўвагу, «што, паводле паведамленняў, некалькі дзён таму палітычны зняволены Мікалай Дзядок распачаў спробу самагубства пасля яго змяшчэння на доўгі час у бесчалавечныя ўмовы. Іншы палітвязень Юры Рубцоў на гэтым тыдні быў дадаткова асуджаны на два гады зняволення.

Рада БНР расцэньвае апошнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да палітычных зняволеных як дэманстрацыйную праяву незацікаўленасці афіцыйных уладаў Беларусі ў стварэнні здаровай, свабоднай ад страху атмасферы ў беларускім грамадстве. Рада БНР канстатуе, што вызваленне палітычных зняволеных не стварыла б прамой пагрозы ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым палітычныя зняволеныя і іншыя палітычныя рэпрэсіі - інструмент падаўлення і запалохвання беларускага грамадства».

«Як і раней, - гаворыцца ў заяве, - Рада БНР патрабуе неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных зняволеных: Мікалая Статкевіча, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі, а таксама рэабілітацыі ўсіх раней вызваленых палітычных зняволеных.

Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць узмацніць ціск на рэпрэсіўны аўтарытарны рэжым, які ўжо больш за 20 гадоў пануе ў Беларусі, каб прымусіць яго вызваліць палітвязняў і да рэальных крокаў па дэмакратызацыі.

Рада БНР заклікае краіны Еўрапейскага Звязу і Злучаныя Штаты Амерыкі разглядаць вызваленне і рэабілітацыю беларускіх палітычных зняволеных у якасці патрэбнай умовы для поўнамаштабнага дыялогу паміж заходнімі краінамі і цяперашнімі афіцыйнымі ўладамі Беларусі».

Нагадаем, 28 траўня палітзняволены Юры Рубцоў быў асуджаны паводле артыкула 415 КК на два гады калоніі за тое, што нібыта адмаўляўся працаваць на "хіміі".

4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ўтрымліваўся Мікалай Статкевіч, была прынятая пастанова аб ягоным пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён). А 6 траўня палітык быў этапаваны ў турму №4 горада Магілёва.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў асуджаны 27 траўня 2011 судом Заводскага раёна Менска паводле ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) на 4,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны актывіст на судзе не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні.

У лістападзе 2014 супраць Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». 26 лютага, за 5 дзён да завяршэння асноўнага тэрміну, Ленінскі суд Магілёва прысудзіў Мікалая Дзядка да 1 году зняволення ў калоніі строгага рэжыму паводле арт. 411 КК.

27 траўня 2011 года суддзя Заводскага раёна Менска Жанна Хвайніцкая асудзіла Ігара Аліневіча на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго, а таксама Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар на Акрэсціна, а таксама падпале дзвярэй філіяла «Беларусбанка».

Яўген Васьковіч, разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым былі прыгавораныя да 7 гадоў зняволеньня паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках