26 красавiка 2024, Пятніца, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі ўдзельніка банды Марозава прысудзілі да 20 гадоў турмы

10
У Гомелі ўдзельніка банды Марозава прысудзілі да 20 гадоў турмы

42-гадовы гамяльчук Андрэй Шылец прызнаны вінаватым ва ўчыненні васьмі забойстваў.

У Гомельскім абласным судзе 5 траўня абвешчаны прысуд паводле крымінальнай справе ў дачыненні да аднаго з удзельнікаў гомельскай банды Марозава, якая дзейнічала ў канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў, паведамляе БелаПАН.

Саракадвухгадовы гамяльчук Андрэй Шылец прысуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі. Ён прызнаны вінаватым паводле артыкула 100 Крымінальнага кодэкса рэдакцыі 1960 года ў васьмі забойствах з асаблівай жорсткасцю, учыненых у складзе банды, а таксама ў бандытызме і стварэнні злачыннай арганізацыі і ўдзеле ў ёй, незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй (адпаведна артыкула 286, 285 і 295 дзеючага КК Беларусі).

Як патлумачыла прадстаўнік пракуратуры Маргарыта Гузарэвіч, якая падтрымлівала абвінавачванне ў судзе, учыненне забойстваў у складзе банды было кваліфікаванае паводле артыкула 100 кодэкса рэдакцыі 1960 года. Санкцыі гэтага артыкула прадугледжвалі альбо смяротнае пакаранне альбо 20 гадоў. Абвінавачваны не прызнаваў сябе вінаватым у непасрэдным пазбаўленні жыцця людзей, хоць не адмаўляў, што прысутнічаў на месцы ўчынення злачынстваў.

Складанасць справы была ў тым, што з моманту забойстваў прайшло шмат гадоў, усе яны былі ўчыненыя ў 1994-1995 гадах. Многія пацярпелыя не змаглі прысутнічаць на пасяджэнні, а сведкі баяліся прыходзіць на суд, адзначыла Гузарэвіч.

Адно з забойстваў учыненае ў 1994 годзе. Тады Шылец у складзе банды забіў чатырох чалавек шляхам нанясення нажавых раненняў. Ахвярам да ног прывязалі гусенічныя тракі і скінулі ў раку Сож. Паводле другога эпізода былі забітыя тры чалавекі. Бандыты вывезлі іх у лес, выкапалі глыбокую яму, па адным падводзілі да яе і забівалі металічнай трубой, скідаючы целы ўніз. Тых, хто не памёр, дабівалі нажом.

Прысуд яшчэ не ўвайшоў у законнае дзеянне і можа быць абскарджаны. Абвінавачаны мае намер гэта зрабіць у адведзеныя законам найбліжэйшыя 10 дзён.

Андрэй Шылец знаходзіўся ў вышуку па лініі Інтэрпола з 2007 года і каля 10 гадоў хаваўся па падробленым пашпарце ў Свярдлоўскай вобласці Расеі, дзе завёў сям'ю, гадаваў дваіх дзяцей і характарызаваўся станоўча. Затрыманы ў Расеі Шылец доўга аспрэчваў сваю экстрадыцыю ў Беларусь. У апеляцыйных скаргах ён спрабаваў пераканаць расейскае правасуддзе, што ягоная выдача з'яўляецца незаконнай і неабгрунтаванай. Ён меркаваў, што па ўсіх інкрымінаваных яму органамі следства Беларусі злачынствах скончыліся тэрміны даўнасці прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці. Таксама Шылец выказаў асцярогі, што ў выпадку выдачы яго праваахоўным органам Беларусі ён можа быць катаваны з іх боку і будзе мець несправядлівае судовае разбіральніцтва, а таксама можа быць асуджаны за злачынствы, якія не ўчыняў.

Нагадаем, з 2006 года, калі Вярхоўны суд вынес першы абвінаваўчы прысуд 27 чальцам банды, у тым ліку прызначыўшы траім яе кіраўнікам смяротнае пакаранне, агулам былі асуджаныя блізу 50 «марозаўцаў». У міжнародным вышуку па-ранейшаму знаходзяцца трое ўдзельнікаў банды.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках