25 красавiка 2024, Чацвер, 17:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Капскі ледзь не пабіўся з гарадзенскімі заўзятарамі

Скандальнай ва ўсіх сэнсах выдалася сустрэча чацвёртага тура чэмпіянату Беларусі ў футболе паміж гарадзенскім «Нёманам» і барысаўскім БАТЭ.

Чэмпіён Беларусі няспынна атакаваў цягам усёй гульні. За 90 хвілін матчу барысаўцы нанеслі 34 удары па браме гаспадароў. Праўда, мяч упарта не перасякаў лінію брамы, піша «Наша Нiва».

Напэўна, значная частка заўзятараў БАТЭ страціла надзею на перамогу іх клуба. Але ўжо ў кампенсаваны час арбітр прызначыў вельмі спрэчны штрафны ўдар. Арбітр Міхаіл Лаўскі заўважыў гульню рукой абаронцы Забеліна ў момант, калі ў бок брамы прабіваў Аляксандр Карніцкі. Ігар Стасевіч філігранна выканаў штрафны - 1: 0. Часу ў «Нёмана», каб адыграцца, не заставалася.

Варта адзначыць, што пры праглядзе відэа гульні рукой не відаць, але відэа, прычым не вельмі якаснае, не можа служыць доказам.

Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Саладоўнікаў адзначыў: «Складана каментаваць матч. Вядома, у нас няма прэтэнзій да футбольнага клубу БАТЭ, да хлопцаў, да кіраўніцтва. Мы ведаем іх прынцыпы. Але тое, што зрабіў гэтым свістком Лаўскі на апошніх хвілінах - гэта проста незразумела! Няхай зойдзе ў распранальню і паглядзіць, як хлапчукі 94, 95, 96 года нараджэння цяпер плачуць там!»

На наступны дзень з афіцыйнай заявай выступіў і футбольны клуб БАТЭ, які сцвярджае, што гульня рукой была, а яшчэ Лаўскі двойчы не прызначыў пенальці ў браму гарадзенцаў.

Адным словам, градус матча быў павышаны. Нервы здавалі нават у кіраўніцтва БАТЭ. Старшыня праўлення клуба Анатоль Капскі, вядомы сваім гарачым характарам, у адзін з момантаў ледзь не ўступіў у бойку з заўзятарамі «Нёмана», але ўсё ж абмежаваўся вуснай сваркай. Гэты момант зафіксаваў фатограф Раман Алешка, а ягоны рэпартаж быў апублікаваны на сайце by.tribuna.com.

Як бы там ні было, але вынік матчу зменены не будзе. А суддзя Лаўскі цяпер будзе чакаць, як ягоную працу ацэняць у федэрацыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках