25 красавiка 2024, Чацвер, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбары ў Вялікабрытаніі: палітычны краявід напярэдадні выбараў

Заўтра ў Вялікабрытаніі пройдуць парламэнцкія выбары.

BBC прэзэнтуе блог, прысвечаны штодзённай Брытаніі - той, якую не заўсёды відаць з турыстычнага аўтобуса. Вядуць яго некалькі расейскіх аўтараў, якія жывуць і працуюць у гэтай краіне.

Уладзімір: Палітыка - адна з забароненых тэм у пабе, нароўні з рэлігіяй і футболам. Таму я мала што ведаю пра тое, хто з наведвальнікаў за якую партыю будзе галасаваць. Аб іх палітычных прыхільнасцях я хутчэй даведаюся з "Фэйсбуку", чым з карчомных размоў.

Роні, выхадзец з Канады, знакаміты тым, што яго можна спытаць, хто забіў другую шайбу ў матчы "Манрэаль Канадыенс" - "Квэбэк Нордыкс" у 1984 годзе - і вы неадкладна атрымаеце адказ. Ён вялікі прыхільнік узыходнай палітычнай зоркі UKIP.

Доўгі час у парламэнце спаборнічалі дзве партыі - лейбарысты і кансэрватары, - але на мінулых выбарах з'явілася трэцяя сіла, лібэральныя дэмакраты, якія нечакана паказалі добры вынік і ў канчатковым выніку ўвайшлі ў кааліцыйны ўрад разам з кансэрватарамі.

Сёння да трох партый далучылася і UKIP, Партыя незалежнасці Злучанага Каралеўства, якая патрабуе выхаду краіны з Еўразвязу. Адным з патронаў UKIP ужо шмат гадоў з'яўляецца Уладзімір Букоўскі, нароўні з іншым расейскамоўным брытанцам - гісторыкам Нікалаем Талстым-Міласлаўскім, які вылучаўся ў якасці кандыдата на папярэдніх выбарах.

Так што сённяшняя палітычная сітуацыя значна адрозніваецца ад традыцыйнай, калі барацьба ішла паміж дзвюма партыямі: пераможцы фармавалі ўрад, а тыя, што саступілі, знаходзіліся ў апазіцыі.

Часы мяняюцца, навакольны свет набывае ўсё больш адценняў, і вялікая імавернасць, што і наступны ўрад не будзе складацца з прадстаўнікоў адной партыі.

Паспрабую на асабістым прыкладзе паказаць адрозненні падыходу лейбарыстаў і кансэрватараў.

За лейбарыстамі безупынна падвышаліся падаткі на бізнэс, у нейкі момант яны дасягнулі крытычнага пункту, і шмат якія прадпрыемствы малога бізнэсу (тут я найперш кажу пра пабы) пачалі закрывацца. Статыстыка паказвае, што ў 2008 годзе штотыдзень закрывалася па 49 пабаў. Менавіта тады быў уведзены дадатковы падатак на піва, кошт якога аўтаматычна падвышаўся на 2% штогод. З іншага боку, больш грошай ішло на сацыяльную абароненасць грамадзян, што прычынілася да перакосу ў сістэме дапамог.

Ларыса: Каб не зліквідавацца ў той перыяд, мы прыдумлялі шмат чаго - скарацілі работнікаў бара, змянілі меню, пачалі ладзіць музычныя вечарыны, дзе кожны мог прыйсці са сваім інструмэнтам і выступіць. Муж нават граў на бас-гітары.

Асабліва было шмат аматараў паспяваць - у Англіі любяць гэтую справу, і часам здзіўляешся, што вайсковец або сантэхнік мае выдатны голас. Былі і тыя, хто зусім не ўмеў спяваць або граць, а выступіць усё адно хацеў.

Акрамя таго, зрабілі збаўкі на напоі - дзве розныя бутэлькі піва за пяцёрку, а ў серады ўсякая пляшка віна за дзясятак і да яе бясплатная талерачка сыру, аліў і крэкераў. Гэтыя збаўкі сталіся настолькі папулярныя, што дзейнічаюць дагэтуль.

Уладзімір: Важны дадатак - падатак на дададзеную вартасць (VAT). У першыя гады майго пражывання ў Злучаным Каралеўстве ён заставаўся нязменным і складаў 17,5%. Пасля крызісу, які адбыўся ў 2008 годзе, лейбарысцкі ўрад знізіў VAT да 15%, але кансэрватары, якія прыйшлі ім на змену, узнялі яго да 20%.

За кансэрватарамі бізнэс-падаткі істотна ўпалі, яны спынілі штогадовае падвышэнне кошту піва, але пры гэтым згарнуліся шмат якія сацыяльныя праграмы, і вялікай нечаканасцю сталася падвышэнне кошту вышэйшай адукацыі. Вядома ж, гэта супала з паступленнем нашага сына ва ўніверсітэт, і калі раней за год навучання ён плаціў бы 3000 фунтаў, то ўрад торы павялічыў гэтую суму роўна ў тры разы.

Таму мы з сынам цяпер галасуем за розныя партыі. Першага траўня ў яго скончыліся вакацыі, і мы адвезлі яго назад у Брайтан, дзе ён вучыцца. Там увесь горад залеплены зялёнымі плакатамі - гэта колер Партыі зялёных. Два ўніверсітэты і сціжма тутэйшых жыхароў заўсёды падтрымліваюць гэтую партыю.

На мінулым тыдні мы вярнуліся з Валіі - цудоўны край з зялёнымі лужкамі і састарэлымі замкамі сярод мноства самотных авечак на пашы. Адно з самых знакамітых вайсковых падраздзяленняў брытанскага войска - Каралеўскія Валійскія фузілёры. Іхным талісманам з'яўляецца казёл, якога завуць Уільям Віндзар, яму належаць дзве цыгарэты штодзень і паўпінты Гінэса. Народжаны ён у далінах Валіі.

Мы праехалі блізу 300 міль па звілістых дарогах, дзе акрамя сваякоў Уільяма Віндзара рэдка каго можна сустрэць, і на працягу ўсяго шляху ўсё ўзбочыны былі ўтыканыя жоўтымі плакатамі, што заклікалі галасаваць за лібдэмаў. Часам на правым баку трапляліся сінія плакаты з выявай вусатага чалавека, які прадстаўляе кансэрватараў у гэтым цудоўным месцы.

Наша каралеўства вельмі інтэрнацыянальная дзяржава і для абіраных кандыдатаў заўсёды мае немалаважнае значэнне, за каго будуць галасаваць прадстаўнікі розных народаў - напрыклад, шатландцы, якія надоечы праводзілі рэферэндум аб незалежнасці. Ці шмат галасоў набярэ Нацыянальная шатландская партыя, і з кім яна, магчыма, увойдзе ў кааліцыю? Выхадцы з Пакістана, Індыі, Бангладэш маюць у Вялікабрытаніі вельмі вялікія дыяспары - за каго яны будуць галасаваць? Традыцыйна ўсе яны падтрымліваюць лейбарыстаў.

Якія будуць вынікі выбараў у Лондане, дзе, мяркуючы з апошняга перапісу насельніцтва 2011 года, колькасць народжаны белых брытанцаў складае 44,89%, брытанцаў-выхадцаў з Азіі - 18,49%, а чорных брытанцаў - 13,32%?

Незалежна ад таго, які вынік прынясуць гэтыя выбары, я ўпэўнены, што пераможцы створаць нармальна дзейны ўрад і парламэнт - законы будуць выконвацца, эканоміка - развівацца, сацыяльныя праграмы - прыносіць карысць, а зялёныя лужкі Валіі, тлумны шматнацыянальны Лондан, гіпі Брайтана, каралева на троне, індыйскія і кітайскія крамы з гатовай ежай, левабаковы рух, чаравікі "Доктар Марцінс", ангельская гарбата і ўсё тое, што адрознівае нашу краіну ад мноства астатніх на гэтай планеце, - па-ранейшаму будуць радаваць жыхароў і гасцей Злучанага Каралеўства.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках