29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

НЗ у кобрынскім аквапарку: сямігадовая Іра ўжо 12 дзён у коме

17
НЗ у кобрынскім аквапарку: сямігадовая Іра ўжо 12 дзён у коме

Стан пацярпелай у кобрынскім аквапарку сямігадовай Іры, якая знаходзіцца ў Берасцейскай дзіцячай абласной лякарні, застаецца вельмі цяжкім.

Пра гэта паведаміў БелаПАН загадчык рэанімацыйным аддзяленнем лякарні Валерый Чаранкевіч.

«Дзяўчынка па-ранейшаму знаходзіцца ў коме, падключаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. У прытомнасць яна не прыходзіла», - сказаў лекар.

12 чэрвеня сямігадовая дзяўчынка (скончыла першы клас) наведвала аквапарк у складзе арганізаванай групы вучняў Завершскай базавай школы Драгічынскага раёна. Пад 15:30 адзін з наведвальнікаў дастаў дзяўчынку з-пад вады без прытомнасці.

«Выцягнулі ўжо сіняе цела, хуткая доўга рэанімавала і з дыягназам клінічная смерць даставіла ў лякарню», - распавядала сведка.

Дзіця з дыягназам «утапленне ў прэснай вадзе» спачатку даставілі ў Кобрынскую цэнтральную раённую лякарню, затым у Берасцейскую дзіцячую абласную лякарню.

Бацькі дзяўчынкі казалі, што не хацелі адпускаць сваю дачку ў гэтую паездку: «Яна ў нас плаваць не ўмее і баіцца вады. Яна вельмі баіцца, нават калі ёй проста кроплі на твар трапляюць. Але класны кіраўнік пераканала нас, што яна будзе плаваць у «жабніку», дзе мелка, што яна будзе ўвесь час з ёй. Ледзь не за руку вадзіць. І мы пагадзіліся».

Высветлена, што экскурсійную групу з 20 дзяцей суправаджалі два настаўнікі, якія не высвятлялі, ці ўмеюць школьнікі плаваць.

Кобрынскім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да гэтых настаўнікаў распачатая справа паводле ч.1 арт.165 КК (неналежнае выкананне абавязкаў для забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя дзяцей).

На месца здарэння выязджала следча-аператыўная група, праведзеныя неадкладныя следчыя ды іншыя працэсуальныя дзеянні, праведзеныя апытанні наведвальнікаў аквапарку, вынятыя відэазапісы камер назірання, прызначана судова-медыцынская экспэртыза.

Асаблівая ўвага следчымі надаецца выяўленню прычын і ўмоў, якія прывялі да няшчаснага выпадку.

Паводле правіл наведвання аквапарку, за дзяцей да 12 гадоў адказнасць нясуць дарослыя, што суправаджаюць іх.

Паводле матэрыялаў следства пацярпелая знаходзілася без нагляду настаўнікаў больш за 10 хвілін. На відэазапісах з камер назірання відаць, як дзяўчынка ідзе ў больш глыбокую частка басейна.

У месцы, дзе яе выявіў наведвальнік, агляд камер абмежаваны будынкамі аквапарку. Глыбіня басейна, дзе выявілі дзяўчынку, складае, са слоў супрацоўнікаў аквапарку, 118 сантыметраў.

Канчатковая кваліфікацыя дзеянняў настаўнікаў ды іншых адказных асоб будзе вызначаная падчас расследавання, кантроль за якімі вядзе кіраўніцтва Следчага камітэта. Службовае расследаванне праводзіцца і на прадпрыемстве «Кобрынская ЖКГ», у чыім падпарадкаванні знаходзіцца аквапарк.

«Бярэм у персанала тлумачальныя - што і як напраўду адбылося. Будзем вывучаць відэазапіс, калі яго вернуць праваахоўнікі», - казаў раней намеснік дырэктара Кобрынскага ЖКГ Вадзім Кахноўскі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках