19 красавiка 2024, Пятніца, 3:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Дабравольскі: Дэлегацыя Еўрапарламента павінна сустрэцца з палітвязнямі

1
Аляксандр Дабравольскі: Дэлегацыя Еўрапарламента павінна сустрэцца з палітвязнямі
Аляксандр Дабравольскі

Гэта адзінае, што можна зрабіць у якасці сімвала таго, што правы чалавека ў Беларусі не прынесеныя ў ахвяру палітыцы.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў беларускі палітык, дырэктар Еўрапейскай школы палітычных даследаванняў Аляксандр Дабравольскі, каментуючы заяўлены на 18-19 чэрвеня візіт дэлегацыі Еўрапарламента ў нашу краіну.

-18-19 чэрвеня дэлегацыя Еўрапарламента мае намер наведаць Беларусь. Як бы вы пракаментавалі гэту падзею?

- Апошнім часам адбываецца так званая «размарозка» кантактаў паміж еўрапейскімі структурамі і Беларуссю. Можа, гэта і нядрэнна, але мне здаецца няправільным, што няма ніякага прагрэсу ў галіне правоў чалавека і вызваленні палітвязняў. Ніякае аднаўленне стасункаў не можа адбывацца за кошт ігнаравання еўрапейскіх каштоўнасцяў. Інакш гэта будзе азначаць, што еўрапейскія структуры проста саступаюць у сваіх дачыненнях з Беларуссю: яны не дамагліся таго, чаго патрабавалі, і, тым не менш - здаліся.

- Якія практычныя крокі, на вашу думку, варта распачаць дэлегацыі Еўрапарламента, каб паказаць, што яны менавіта «не здаліся» ў прынцыповых пытаннях?

- Я думаю, што яны павінны, напрыклад, патрабаваць сустрэчу з Мікалаем Статкевічам і іншымі палітвязнямі. Гэта адзінае, што можна зрабіць у якасці сімвала таго, што правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці не прынесеныя ў ахвяру палітыцы. А калі гаворка ідзе пра больш сур'ёзны ўплыў - павінен быць дакладна пастаўленае пытанне: ці збіраецца беларуская ўлада, узнаўляючы стасункі з Еўропай, карыстацца нармальнымі сродкамі кіравання, а не душыць сваіх апанентаў? І прапанаваць дзяліцца досведам дэмакратычнага кіравання. Думаю, што беларуская ўлада, па сваёй сутнасці, не ў стане кіраваць нармальнымі сродкамі, але, тым не менш, пра гэта трэба казаць, і гэтага трэба патрабаваць.

- А які мэсэдж, на вашу думку, дэлегацыя павінна данесці да прадстаўнікоў апазіцыі і праваабарончых арганізацый Беларусі?

- Адзінае, што яна павінна данесці - гэта тое, што «размарозка» стасункаў з беларускай уладай носіць кан'юнктурны характар. Што яна выкліканая выключна канфліктам паміж Расеяй і Украінай, і Еўропа заклапочаная бяспекай у нашым рэгіёне. Такім чынам еўрапейскія палітыкі маглі б растлумачыць, чаму яны тут, нягледзячы на тое беларускі бок не выканаў іх патрабаванняў у захаванні правоў чалавека. Усякае іншае тлумачэнне будзе няпраўдай.

- А самі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі могуць, на вашу думку, і павінны заняць нейкую кансалідаваную пазіцыю падчас гэтага візіту - і ў праваабарончых пытаннях, і ў палітычных?

- Я мяркую, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці павінны як мага больш поўна расказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. І падкрэсліць, што яны разлічваюць на салідарнасць і падтрымку з боку Еўропы. Але яны і так пра гэта ведаюць. Галоўнае, па-мойму - гэта тое, каб прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі разумелі, што чым больш розных мэсыджаў яны адрасуюць еўрапейцам, тым горш гэтыя мэсыджы будуць зразуметыя. Лепш сфармуляваць нейкае адно дакладнае пасланне - хай яно будзе трохі «горшае», чым пяць розных, але, у такім выпадку, большы шанец, што яно будзе пачутае... Гэта датычыцца і ўнутрыпалітычных пытанняў, напрыклад будучых прэзідэнцкіх «выбараў», наконт якіх, на жаль, кансалідаванай пазіцыі няма. І гэта тлумачыцца дзвюма галоўнымі прычынамі. Па-першае, ёсць розныя тактыкі, рознае стаўленне да пытанняў барацьбы з уладай і барацьбы за грамадскую думку. І гэтыя пазіцыі цяжка аб'яднаць. Хоць, у прынцыпе, іх можна было б прымірыць, але ёсць яшчэ адна важная прычына: на жаль, у апазіцыю ўкаранёныя агенты спецслужбаў, і, я думаю, ёсць тыя, у каго канкрэтнае заданне - не дапусціць ніякага факту кансалідацыі, у тым ліку ў пытанні выбараў.

Нагадаем, што дэлегацыя Еўрапарламента пад кіраўніцтвам старшыні дэлегацыі ў справах Беларусі Багдана Здраеўскага прыедзе з двухдзённым візітам у Менск 18 і 19 чэрвеня гэтага года.

У планах дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю сустрэчы з сем'ямі палітычных зняволеных, прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска.

Гэта ўжо чарговая спроба еўрадэпутатаў прыехаць у Беларусь. Ранейшыя, калі старшынём дэлегацыі быў Яцэк Пратасевіч, пазней Філіп Качмарак, былі няўдалымі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках