19 красавiка 2024, Пятніца, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як улады адыгрываюцца на дзецях «дармаедаў»

20
Як улады адыгрываюцца на дзецях «дармаедаў»
Фота: kp.by

Паляванне на «дармаедаў» у Беларусі ўжо пачало прыносіць першы плён.

Гэтую гісторыю распавяла мне сяброўка, якая афармляла тур на дзіця ў загарадны аздараўленчы лагер. У аддзеле адукацыі мясцовага выканкама з яе запатрабавалі ў ліку іншага даведку з месцаў працы абодвух бацькоў аб тым, што дзіця не было на аздараўленні, піша «Салiдарнасць».

- Бацька дзіцяці, з якім мы ў разводзе, ужо некалькі гадоў жыве ў Расеі, куды паехаў на заробкі, - распавядае Вольга. - Я паняцця не маю, ці аформлены ён афіцыйна: грошы на ўтрыманне дзіцяці ён пераводзіць рэгулярна, і пытанне аб спагнанні аліментаў для нас не актуальнае.

Да пачатку змены ў лагеры заставалася некалькі дзён, але чыноўнікі ўсё роўна запатрабавалі ў маці падаць даведку з месца працы былога мужа.

Вольга паспрабавала растлумачыць, што на месцы працы экс-мужа ў Расеі наўрад ці валодаюць інфармацыяй пра тое, адпачывала іх дачка ў летнім лагеры ці не.

- Без гэтай даведкі я вам тур не выдам, - намагала на сваім супрацоўніца аддзела адукацыі. - Мне праблем не трэба.

- Але летась вы гэтую даведку не патрабавалі, - казала маці. - Што змянілася з тых часоў?

- Мы шукаем дармаедаў! - заявіла дзяржслужка. - Вунь у мяне на стале цэлы стос такіх, як вы! Падайце копію пастановы суда аб скасаванні шлюбу - тады даведка не патрэбная.

- І ніякі ён не «дармаед», - заступілася Вольга за былога. - Ён наогул у Беларусі не пражывае, а значыць, і пад дэкрэт Лукашэнкі не падпадае. І наогул, рэгулярна дасылае сюды грашовыя пераводы, чым падтрымлівае нашу эканоміку. А пастанова суда аб скасаванні шлюбу вам нічога не скажа аб ягоным месцы жыхарстве і працы.

- Гэта давядзе, што бацька не бярэ ўдзелу ў выхаванні дзіцяці.

- Але ён бярэ! - запярэчыла маці.

- Вы яшчэ пагаворыце, - папярэдзіла чыноўніца. - Калі там (яе палец шугануў угору), даведаюцца, што бярэ, то будзеце плаціць поўны кошт туры, без дзяржаўнай датацыі. Не 800 тысяч рублёў, як цяпер.

Вольга прынесла ў выканкам дакумент, які пацвярджае, што знаходзіцца ў разводзе, і атрымала ўсё ж тур у лагер для дзіцяці.

- Выходзіць, калі б я не была ў разводзе, і мой муж, як тысячы іншых беларусаў, быў гастарбайтэрам, прыйшлося б плаціць поўны кошт, без дзяржаўнай датацыі, - заключае яна.

Дарэчы, сярэдні кошт туру ў дзіцячы аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем сёлета складае 3 млн. 700 тыс. рублёў.

Цікава, які наступны крок распачнуць улады, каб вылучыць дзяцей «дармаедаў»? Пачнуць браць грошы за прыём у педыятра або пазбавяць права бясплатна вучыцца ў школе, каледжы або ВНУ?

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках