28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы палац Радзівілаў выставілі на продаж

10
Былы палац Радзівілаў выставілі на продаж

У Дзятлаўскім раёне прадаецца былы палац Радзівілаў.

Пра гэта паведамілі БелТА ў райвыканкаме.

Комплекс будынкаў і збудаванняў былога палаца знаходзіцца ў райцэнтры на вуліцы Перамогі. Цяпер будынак належыць Дзятлаўскай цэнтральнай раённай лякарні, у ім з 1938 і амаль да 2010 года размяшчалася гарадская стаматалогія. Палац - двухпавярховы цагляны будынак агульнай плошчай больш за 1,5 тысячы м2, мае ўсе інжынерныя камунікацыі.

Аўкцыён для продажу палаца адбудзецца 15 ліпеня ў Гародні, арганізатарам выступае Гарадзенскі абласны тэрытарыяльны фонд дзяржаўнай маёмасці. Пачатковы кошт лота - блізу Br1,8 млрд. Палац з'яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі, таму інвестару прапануюць набыць будынак на ўмовах падпісання ахоўнага абавязання. Акрамя таго, інвестар будзе абавязаны выканаць рамонт фасада і даху палаца.

Палац звязаны з сям'ёй вядомага пісьменніка, паэта і гісторыка, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, князя Святой Рымскай імперыі Ульрыка Крыштапа Радзівіла, ураджэнца Дзятлава. Менавіта ягоны бацька Мікалай Фаўстын Радзівіл за ўласныя сродкі пачаў будаўніцтва палаца ў Дзятлаве, якое было скончана ў 1751 годзе. Першапачаткова палац з’яўляўся значным комплексам, у які ўваходзілі таксама малыя архітэктурныя формы (павільёны, масткі, скульптуры), размешчаныя ў пейзажным парку ля ракі Дзятлаўка. Уздоўж палацавага ансамбля размяшчаўся ланцуг сажалак, створаных ракой, ля адной з іх і размяшчаецца палац.

З гадамі знадворнае аблічча палаца моцна спрасцілася, сёння ён мае пляскаты дах. Між тым на малюнку Напалеона Орды, датаваным 1860-1870 гадамі, палац мае дзве бакавыя трохпавярховыя вежкі з шатровым завяршэннем і высокі вальмавы дах. Фасады палаца і дагэтуль захавалі дэкарацыйныя элементы позняга барока і ракако, яны багата аздобленыя сандрыкамі, гірляндамі, медальёнамі, раслінным арнаментам, геральдычнымі знакамі.

Будынак патрабуе рэканструкцыі. Раней была ідэя размясціць у палацы гістарычна-краязнаўчы музей, з гэтай мэтай нават пачыналіся праектныя работы. Планавалася аднавіць у некалькіх памяшканнях інтэр'еры XVIII стагоддзя, адкрыць кавярню, а ў сутарэннях размясціць рэстаўрацыйна-мастацкія майстэрні і фонды музея. Ад ідэі давялося адмовіцца праз нястачу фінансавання.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках