24 красавiка 2024, Серада, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ядвіга Рубцова наведала свайго мужа ў СІЗА

5
Ядвіга Рубцова наведала свайго мужа ў СІЗА
ЮРЫ РУБЦОЎ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Ядвіга Рубцова, жонка палітвязня Юрыя Рубцова, 3 чэрвеня наведала свайго мужа, які цяпер утрымліваецца ў СІЗА №6 горада Баранавічы.

Гэта першае спатканне Ядвігі Рубцовай са сваім мужам пасля суда, які прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 Крымінальнага кодэкса) і пакараў двума гадамі калоніі агульнага рэжыму з улікам неадбытага тэрміну, піша ПЦ «Вясна».

- Спачатку я звярнулася ў Пружанскі суд, і суддзя Мікалай Рэпіха дазволіў нам такую сустрэчу. У гэты ж дзень я прыехала ў Баранавічы і напісала новую заяву на імя начальніка СІЗА №6, каб ён мне дазволіў спатканне з мужам. Яно адбылося ў гэты ж дзень і доўжылася з 14 да 16 гадзін, а размаўлялі пастаянна праз тэлефон і праз шкло. Юрый трымаецца бадзёра і паведаміў, што адчувае сябе лепш пасля спынення галадоўкі і рыхтуецца абскардзіць у Берасцейскім абласным судзе прысуд, які ўважае несправядлівым, - паведаміла Ядвіга Рубцова.

Яна выказала шчырую падзяку баранавіцкім праваабаронцам і актывістам за прававую і арганізацыйную дапамогу ў арганізацыі спаткання з мужам.

Нагадаем, 6 кастрычніка 2014 года суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў 53-гадовага Юрыя Рубцова да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакарання быў скарочаны да паўтара года. Рубцова абвінавацілі ў абразе суддзі суда Савецкага раёна Кірыла Палулеха, які вёў у дачыненні да яго адміністрацыйны працэс пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» 28 красавіка 2014 у Менску (арт. 391 КК).

Адбываючы пакаранне ў ПУАТ у вёсцы Куплін, асуджаны актывіст адмаўляўся працаваць праз нізкі заробак. Рубцоў патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэднім заробкам па краіне (600 даляраў ЗША ў эквіваленце). Гэта і стала падставай для завядзення новай крымінальнай справы.

У выніку 28 траўня суддзя Пружанскага раённага суда Мікалай Рэпіха прысудзіў гомельскага актывіста, які ўжо адбываў «хімію», яшчэ на 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках