19 красавiка 2024, Пятніца, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Царква i нацыя

9

Царква з'яўляецца адным з тых інстытутаў, якія ўплываюць на працэсы нацыянальнага будаўніцтва. Аднак, у якой ступені?

Відаць, што гэта залежыць як ад значнасці уплыву царквы на рэлігійную і нацыянальную сьвядомасць грамадзян, так і ад фармальных і нефармальных узаемаадносін паміж царквой і дзяржаўнымі структурамі.

Увогуле, асноўнае прызначэнне царквы гэта быць пасярэднікам паміж веруючым чалавекам і богам. Рэлігійныя пастулаты амаль кожнай рэлігійнай канфесіі клічуць да дабра і выхоўваюць людзей Беларусі на агульначалавечых каштоўнасцях і на прынцыпах хрысціянскай маралі (у асноўным), і ў гэтым сэнсе, відавочна, што яны могуць на ўзроўні асобы ўмацоўваць маральныя асновы, на якіх будуецца нацыя. У выпадку, калі царква выходзіць за межы гэтых узаемаадносін і пачынае праяўляць сябе ў сферы адносін дзяржава-чалавек ці дзяржава-дзяржава, узнікаюць праблемы. Па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах розныя рэлігійныя канфесіі спаборнічаюць між сабой і перашкаджаюць працэсам кансалідацыі нацыі: па-першае, тая ці іншая канфесія, як правіла, знаходзіцца па-над нацыяй-народам-дзяржавай; па-другое, розныя цэрквы падсьвядома распальваюць варожасць паміж людзьмі нават аднаго этнасу; і па-трэцяе, не бяруцца да ўвагі інтарэсы нерэлігіёзных людзей і атэістаў.

Не абмяркоўваючы права кожнага чалавека верыць ці ня верыць у Бога, звернемся да звестак, якія характарызуюць стан рэлігійных свабод у краіне. Суадносіны рэлігіі, дзяржавы і грамадзян Беларусі рэгулююцца Кастытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацыях» (№ 137-З, 31.10.2002). Паводле Канстытуцыі «Рэлігіі і веравызванні роўныя перад законам» (Артыкул 16), і «Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай…» (Артыкул 31). Гэтыя ж палажэнні ёсць і ў упамянутым вышэй Законе, за выключэннем аднаго, зьмешчанага не ў асноўным тэксце Закона, а ў яго прэамбуле, якое можа трактавацца як перавага адной царквы ў адносінах да іншых, а менавіта:

«Гэты Закон рэгулюе праваадносiны ў галiне правоў чалавека i грамадзянiна на свабоду сумлення i свабоду веравызвання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння i дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый зыходзячы з: … прызнання вызначальнай ролi Праваслаўнай царквы ў гiстарычным стаўналеннi i развiццi духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый беларускага народа; духоўнай, культурнай i гiстарычнай ролi Каталiцкай царквы на тэрыторыi Беларусi; неаддзельнасцi ад агульнай гiсторыi народа Беларусi Евангелiчна-лютэранскай царквы, iудаiзму i iсламу…».

З Закона вынікае, што, па-першае, не ўсе магчымыя цэрквы ўпамянуты ў ім; па-другое, прызнанне вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным развіцці беларускага народа прыніжае роль іншых рэлігійных канфесій, і ў дадатак, выключае, да прыкладу, вядомую гістарычную роль Уніяцкай царквы, якая ўвогуле не ўпамінаецца.

Беларусь праз вякі праходзіла пасьлядоўна праз паганства-праваслаўе-каталіцтва-пратэстантызм-уніяцтва-зноў праваслаўе. Ацаніць найбольшую важнасць адной якой-небудзь царквы для кожнага з гэтых перыядаў (паганства, Хрышчэнне, Рэфармацыя, Контрэфрармацыя, рэпрэсіі супраць уніяцкай царквы) з пункту гледжання уплыву на развіццё беларускай нацыі вельмі складана. Да прыкладу, уніяцтва ў Беларусі існавала больш за 200 год, пачынаючы з Брэсцкай Уніі (1596) і да 1839 года, калі Уніяцкая царква была скасавана і далучана да Рускай праваслаўнай царквы. У канцы 18-га стагоддзя да Уніяцкай царквы належала больш за 70% насельніцтва Беларусі. Падаецца, што як прэферэнцыі, якія дзяржава дае праваслаўю, так і прыцясненні пратэстантаў, католікаў з’яўляюцца памылковымі дзеяннямі ўрада, бо не вядуць да нацыянальнай згоды ў дзяржаве, а значыць, памяншаюць умовы для нацыянальнай свабоды, бясьпекі і развіцця нацыі.

Магчыма, што палажэнне аб «вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы» прыйшло ў Закон ад жадання кіраўніцтва дзяржавы мець галоўную царкву, да якой можна было б апеляваць у пытаннях падтрымкі ўлады. Многімі дзяржавамі ў гісторыі рабіліся спробы ўсталяваць адну дзяржаўную рэлігію ў краіне для ўмацавання дзяржаўнасці ці нацыянальнай свабоды, дзе жылі людзі з рознымі веравызваннямі. Аднак, ў сваёй большасці гэтыя спробы сканчаліся міжканфесійнымі канфліктамі (найбольш яркі прыклад - барацьба паміж пратэстантамі і католікамі у Францыі ў мінулым). Сюды трэба дадаць і сучасныя сутыкненні: паміж праваслаўем і ісламам у Расіі; паміж праваслаўем і праваслаўем ва Украіне; паміж ісламам і іудаізмам, паміж ісламам і каталіцызмам у шэрагу краін: ЦАР, Уганда, Філіпіны, Пакістан, Егіпет). Прыклады краін, дзе абсалютная большасць насельніцтва належыць да адной канфесіі (Польшча, Філіпіны) з’яўляюцца выключэннем. Аднак нават у Філіпінах, дзе менш 5% людзей належаць да ісламу, час ад часу ўзнікаюць узброеныя канфлікты заснаваныя на рэлігійнай розьні. Не адмаўляючы групам людзей ці этнасам у праве на рэлігійную самаідэнтыфікацыю, можна толькі адзначыць, што царква, калі і ўплывае на нацыянальнае будаўніцтва, то ў канчатковым выглядзе толькі ў адмоўным сэнсе. Па стану на сёняшні дзень, на шчасце, самі беларусы ацэньваюць міжканфесійныя адносіны ў сваёй краіне як спакойныя.

Якім чынам і ў якім аб’ёме царква можа ўплываць на грамадскае жыццё ў Беларусі? Яшчэ нядаўна, у савецкі час, любая царква была прыгнечана. Не дзіва, што ў пост-савецкі перыяд колькасць вернікаў у Беларусі ўзрасла. Так, калі ў 1987 годзе да вернікаў адносілі сябе 15% насельніцтва, то па звестках Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь у 2007 годзе такіх было каля 50%, а ў 2010 г. – 58.9%. Часткова гэта можна растлумачыць эфектам адмены забароны, а таксама тым, што некаторыя людзі баяліся дэманстраваць свае адносіны да царквы. Малаверагодна, што можна чакаць далейшага павышэння долі вернікаў, зыходзячы з таго, што рэлігіёзнасць насельніцтва ў многіх краінах змяншаецца.

Рэлігійныя свабоды ёсць важнейшым кампанентам індывідуальных правоў і свабод. Аднак, трэба адзначыць, што рэлігія ня ёсць агульнай каштоўнасцю для ўсіх. Пытанне аб прыналежнасці да той ці іншай царквы пры перапісах насельніцтва не задаецца. Таму ўсе звесткі атрымліваюцца пры апытаннях і вынікі пры гэтым могуць у некаторай ступені адрознівацца. Так, па звестках Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь ў 2010 г. значная частка насельніцтва (41.1%) былі нявернікамі. Паводле апытанняў (Gallup poll, 2007-2008 Беларусь трапляе ў катэгорыю краін з найменшай рэлігіёзнасцю.

На пытанне наколькі важная для вас рэлігія ў паўсядзённым жыцці толькі 27% беларусаў адказалі станоўча. Гэта 11-е месца сярод краін з найменшай рольлю рэлігіі ў жыцці (гл. таліцу зьлева). Такім чынам, на сёняшні дзень значная доля людзей у Беларусі да рэлігіі ніяк не належыць.

Для параўнання, ніжэй зьмешчана доля ўмераных (табліца пасярэдзіне) і максімальных (табліца справа) станоўчых адказаў на гэта ж пытанне. У Егіпце гэта доля складае 100%, Бангладэш – 99%, Аўстрыі - 55%, Сербіі – 51%, Эстоніі – 14%.

Паводле апытання аб канфесійнай прыналежнасці людзей Беларусі, праведзенае Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам (ІАЦ) у 2011 годзе, 93,5% рэспандэнтаў аднесьлі сябе да той або іншай рэлігіі, зь іх: 81% — праваслаўныя (каля 75% ад агульнай колькасці насельніцтва); 10,5% — каталікі (каля 9% ад агульнай колькасці); 2% — іншыя рэлігіі. Невядома, якую методыку выкарыстоўваў ІАЦ, аднак атрыманыя звесткі ў значнай ступені не супадаюць са звесткамі атрыманымі другой афіцыйнай установай; паводле Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў РБ (гэтыя ж лічбы прыведзены і на старонках вэб-сайта Міністэрства замежных спраў Беларусі), у 2010 годзе 58,9% грамадзянаў аднесьлі сябе да тае або іншае рэлігіі, зь іх 82,5% — праваслаўныя (48.3% ад агульнай колькасці насельніцтва), 12% — каталікі (7.1% ад агульнай колькасці), 6% — іншыя рэлігіі (3.5% ад агульнай колькасці). Магчыма, што істотныя разыходжанні ў долі праваслаўных сярод усяго насельніцтва у гэтых двух апытаннях (75% і 48%, адпаведна), звязаны з розным падыходам у разліках. Паводле ІАЦ, колькасць людзей, якія заявілі, што яны вераць у Бога складае 65%; калі зрабіць папраўку на гэту лічбу, то доля праваслаўных складзе 52.7% (а не 75%) ад агульнай колькасці насельніцтва (65% х 81%\100=52.7%), што блізка да звестак Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў РБ. Гэтыя лічбы кажуць аб тым, што ні адна з канфесій не мае пераважнага ўплыву на насельніцтва, хаця традыцыйна лічыцца, што Беларусь – краіна праваслаўная.

Ні адна з рэлігійных канфесій у Беларусі не мае абсалютнай большасці і па колькасці рэлігійных суполак (глядзіце табліцу; Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў РБ, на 01.01.2012).

У краіне 27 веравызванняў (канфесій ці іх напрамкаў), якія ў асноўным належаць да хрысціянскай веры. Лідэрам з’яўляецца праваслаўная царква, якая мае 1567 суполак, што складае 48.8% ад усіх рэлігійных суполак ў Беларусі (3210), на другім месцы хрысцяне веры евангельскай – 512 (16%), на трэцім – рымска-каталіцкая царква – 479 (14.9%). Неадпаведнасць значнай долі суполак і невялікай долі ад агульнай колькасці насельніцтва для некаторых канфесій\напрамкаў, відаць, абумоўлена малалікасцю вернікаў у суполках.

Беларусь краіна славянская; беларусы (83.7%), рускія (8.3%), палякі (3.7%) і украінцы (1.7%) разам складаюць 97% насельніцтва краіны (перапіс 2009). Славяне прытрымліваюцца ў асноўным хрысціянскай веры. Еўрапейскае бюро (2008 European Values Survey) прыводзіць прагнозныя звесткі, якія сьведчаць, што доля хрысціян у Беларусі будзе заставацца больш-менш стабільнай на працягу 40 год, нягледзячы на некаторае скарачэнне агульнай колькасці насельніцтва і павелічэнне долі мусульман да 2.4% ў 2050 г. Доля нерэлігійных людзей у Беларусі паводле гэтага апытання складала ў 2010 г. 28.6% (глядзі малюнак і табліцу ніжэй).

Табліца. Прагноз рэлігійных суадносін у Беларусі на 40 год (Pew Research Center)

Нягледзячы на ўключэнне значнай часткі грамадзян у рэлігійнае жыццё, іх актыўнасць ў гэтай сферы ня ёсць высокай. Па (звестках http://news.tut.by/society/279195.html) Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, у Беларусі ў 2011 г. было 19.9% сапраўды веруючых, сярод іх праваслаўных - 57.3%, католікаў - 34.5%, пратэстантаў – 3.1%, у пераліку на ўсё насельніцтва гэта складае – 14.3%, 8.6%, і 0.7%, адпаведна. Да прыкладу, па звестках Міністэрства ўнутраных спраў РБ, на Раство Хрыстова ў ноч на 7 студзеня 2015 г. праваслаўныя цэрквы ў Беларусі наведалі 119.800 чалавек, што складае не болей за 0.15% ад насельніцтва краіны, у храмах і прыходах Мінска ў мерапрыемствах 6 і 7 студзеня ўзялі ўдзел блізу 52 тысяч грамадзян або 2.9% ад насельніцтва горада.

Такім чынам, як па ахопу насельніцтва, так і па актыўнасці саміх вернікаў, ні адна з цэркваў у Беларусі не мае пераважнага уплыву на большасць насельніцтва, уключаючы праваслаўную царкву, роля якой у грамадстве перабольшана.

Заключэнне

Кожная з цэркваў\канфесій паасобку маглі б мець станоўчы уплыў на індывідуальным узроўні ў падтрыманні адпаведнай маральнасці і менталітэту, якія павінны ляжаць ў падмурку нацыі. Аднак, сёняшняя царква ня ёсць важным інстытутам будаўніцтва нацыі і не спрыяе яе ўмацаванню і яднанню. Розныя цэрквы стаяць па-над нацыяй\дзяржавай, па аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычынах сеюць варожасць паміж рожнымі канфесіямі, не улічваюць інтарэсы нявернікаў і атэістаў.

Нягледзячы на тое, што значная частка насельніцтва(58.9%) належыць да той ці іншай царквы, колькасьць актыўных вернікаў, паводле розных апытаньняў, даволі нізкая (20-27%). Разам з істотнай доляй нявернікаў у краіне (41.1%), і з улікам існуючай тэндэнцыі да змяншэння ролі царквы ў паўсядзённым жыцці грамадзян магчымая патрымка царквы ў дзяржаўным\нацыянальным будаўніцтве ў будучыні, здаецца, будзе невысокай.

Праваслаўе з’яўляецца уплывовай царквой ў Беларусі, аднак, яго роль у грамадстве мэтанакіравана перабольшваецца. Паводле розных апытанняў, праваслаў’е ахоплівае менш паловы насельніцтва Беларусі: у краіне 27 веравызванняў (канфесій ці іх напрамкаў) з агульнай колькасцю ў 3210 рэлігійных суполак, сярод іх да праваслаўнай царквы належыць 1567 рэлігійных суполак або 48.8%; доля праваслаўных сярод агульнай колькасці насельніцтва складае 48.9%.

Пётра Мурзёнак, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках