24 красавiка 2024, Серада, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія турысты ігнаруюць Крым

56
Беларускія турысты ігнаруюць Крым

Што адштурхнула беларусаў ад Крыма, нізкія заробкі або акупацыя Расеяй?

Для беларускіх турыстаў адпачынак у Крыме заўсёды быў адным з самых даступных і папулярных. Але леташняе з'яўленне «зялёных чалавечкаў» і анэксія паўвострава Расеяй амаль выкраслілі гэты кірунак з канікулярных планаў беларусаў. Сёлета ўкраінскія ўлады цалкам перакрылі доступ у Крым праз сваю мяжу, адпаведна, рух прамых цягнікоў з Беларусі спыніўся. Адзіная магчымасць дабрацца на адпачынак у Крым - самалёт, або аўтобус праз тэрыторыю Расеі. Але, калі пра гэта даведаюцца украінцы, то згодна з Законам аб акупаваных тэрыторыях, хутчэй за ўсё, вам забароняць уезд ва Украіну на некалькі гадоў, паведамляе «Еўрарадыё».

Ці шмат беларусаў купілася на інфармацыю аб спакоі і стабільнасці на паўвостраве і паехала туды адпачываць

«Летась баяліся ўсе: і людзі і турфірмы, - каментуюць у агенцтве «Таўрыка тур». - Але мы, як і летась, адпраўлялі поўны аўтобус кожныя пяць дзён, так і ў гэтым адпраўляем. Але цяпер прадаем туры не толькі мы. Сёлета з гэтым кірункам зноў працуе шмат агенцтваў. Таму ў выніку колькасць турыстаў усё ж вырасла. Людзі пасмялелі, зразумелі, што ў гэтым няма нічога страшнага, і едуць адпачываць у Крым».

Праўда, колькасць турыстаў, на думку прадстаўніка «Таўрыка тур», проста немагчыма параўнаць з тым, што было яшчэ да вайны ва Украіне і да з'яўлення ў Крыме «ветлівых людзей». Бо «людзі, якія раней дабіраліся на цягніках або машынах самастойна (а такіх было больш за ўсё), у агенцтва не пайшлі, мабыць, наважылі змяніць звычкі, і адпачываюць у іншых месцах».

Больш дробныя турыстычныя агенцтвы таксама адпраўляюць аўтобус з турыстамі ў Крым кожныя 5 дзён, але не могуць пахваліцца высокім продажам тураў.

«Вас падманулі наконт павелічэння колькасці турыстаў, бо паток вельмі моцна знізіўся, - адразае супрацоўніца «Кацярына тур», якая адправіла першых турыстаў у Крым толькі 23 чэрвеня, у параўнанні са звычайным канцом траўня. - Калі летась грузілі дзве фірмы аўтобус, то сёлета ў адзін аўтобус грузіць людзей шэсць фірмаў. Я яшчэ летась праз Расею ездзіла, таму магу вам дакладна сказаць, што ніхто не баіцца. На жнівень у мяне запісаліся тыя ж людзі, якіх я вазіла летась. Так што, ніхто не баіцца! Але вы ж паглядзіце, як заробкі ўпалі! Вы мяне прабачце, але якія цяпер сталі заробкі!?»

А вось на думку супрацоўнікаў «Кіпарына тур», спыняе нашых турыстаў усё ж не малы заробак, а менавіта дарога. Маўляў, цяжка ехаць праз Расею, бо дарога туды займае два дні і не кожны згодны на такі подзвіг. Таму, нягледзячы на тое, што звычайна адпачынак у Крыме і на тэрыторыі Украіны карыстаецца неверагоднай папулярнасцю, сёлета гэты кірунак амаль прастойвае. Згаджаюцца з калегамі і прадстаўнікі агенцтва «Меркун М.».

«Кліенты, якія з намі ездзілі яшчэ да вайны, сёлета нам тэлефанавалі і цікавіліся, - кажуць у «Меркун М.», якія пакуль не адправілі ні аднаго турыста ў Крым. - Думаюць. Хтосьці ў выніку паедзе, хтосьці перадумае... Так што, папярэдняе браніраванне ў нас ёсць, але колькі з іх у выніку паедзе - невядома».

У санаторыі «Беларусь», які знаходзіцца ў мястэчку Караіз недалёка ад Ялты, звычайна адпачываюць маці з дзецьмі, якія едуць у тур ад беларускіх прадпрыемстваў. На сёння, нягледзячы на разгар сезону, ён запоўнены толькі на адсоткаў 70. Але кіраўнік аддзела бранавання санаторыя спадзяецца, што да жніўня сітуацыя выправіцца.

«Мы цяпер распрацоўваем шляхі заахвочвання нашых сацыяльных груп, прапануем ім чартарныя праграмы, розныя варыянты перавозкі, працуем з прадпрыемствамі, турфірмамі, таму спадзяемся, што напаўняльнасць будзе 100%. Але ўлічваючы, што паралельна мы пачалі актыўна супрацоўнічаць і проста з фізічнымі асобамі, звычайнымі турыстамі, то імавернасць таго, што хтосьці перадумае і адмовіцца ад броні, існуе», - кажуць там.

Нагадаем, што атрымаць спецдазвол на наведванне Крыма праз тэрыторыю Украіны можна ў любым горадзе Украіны, дзе ёсць структуры Дзяржаўнай міграцыйнай службы. Але спіс прычын, па якіх гэты дазвол даюць замежнікам, вельмі абмежаваны: паездка да блізкіх сваякоў, на магілу да блізкага сваяка або сямейніка, з нагоды смерці блізкага сваяка, наяўнасць уласнасці ў Крыме, дыпламатычныя і консульскія функцыі, і на гэтым усё.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках