28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэканструкцыя па-беларуску: пластыкавыя вокны ў палацы пачатку 20 стагоддзя

5
Рэканструкцыя па-беларуску: пластыкавыя вокны ў палацы пачатку 20 стагоддзя
Фота: «Белсат»

Мясцовыя жыхары і аматары гісторыі абураныя зменамі ў вобразе палаца.

Пластыкавыя вокны і сучасныя тумблеры святла з новымі падвеснымі столямі. Вялікая колькасць рознакаляровай кафлі, не вытрыманай у адным стылі - так выглядае Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх пасля рэканструкцыі, якую, на першы погляд, больш пасуе назваць рамонтам, паведамляе «Белсат».

Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх 2015 год

Мясцовыя жыхары і аматары гісторыі негатыўна выказваюцца пра змены ў вобразе палаца, а гісторыкі кажуць - шанец на паспяховае аднаўленне гістарычнай каштоўнасці ёсць. Прабрацца на аб'ект, які нібыта ахоўваецца, не з'яўляецца праблемай. Кожны ахвочы можа лёгка прыхапіць з сабой пакінутыя будаўнікамі матэрыялы, элементы дэкору і тэхніку.

Дар'я і Віктар - маладая пара з Гародні, ужо былі тут да пачатку рэстаўрацыі. Гэтым разам яны выпадкова патрапілі ў палац, праязджаючы побач, калі ўбачылі адсутнасць дзвярэй.

«Знішчылі прыгожыя барэльефы над дзвярыма і парадныя лесвіцы, якія ўпрыгожвалі палац раней, і гэта толькі з таго, што кідаецца ў вочы адразу!» - апавядае Віктар. Спадарожніца хлопца Дар'я дадае: «Палац знявечылі. Можа быць, усё не так страшна, і мы проста бачылі не канчатковую рэстаўрацыю. Але я мяркую, што ў Беларусі не ўмеюць правільна рэстаўраваць помнікі культуры!»

Сяргей Харэўскі - выдатны беларускі культуролаг, гісторык і мастацтвазнаўца, які назірае за лёсам будынка ўжо 30 гадоў:

«Будзем меркаваць толькі па заканчэнні работы. Мы ж не каментуем працы хірургаў у працэсе аперацыі! Перапланіроўка нязначная. Сцены стаяць, фрагменты інтэр'еру захаваныя. Галоўнае на сёння, каб будаўнікі з праектантамі не сталі рабіць там саматужнае самавольства. Не трэба прыўносіць у высакародную, рацыянальную гармонію нічога лішняга! Інакш рэстаўрацыя стане «еўрарамонтам», як адбылося з палацам Пацёмкіных-Галіцыных у Крычаве».

Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх 2011 год

Шмат хто з гісторыкаў адзначаў сёлета, што гэты палац - адзін з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў Беларусі. Добра ўмацаваны падмурак, няблага адноўленыя аўтэнтычныя дэталі, ляпніна.

«Пакуль тое, што я бачу, асаблівых пытанняў не выклікае. За выняткам бетонных перакрыццяў, але і яны могуць быць апраўданыя, калі дазваляе трываласць апорных сцен. Плітку кладуць больш-менш адпаведную аналагам. Наконт пластыкавых вокнаў і кафлі магу сказаць, што арыгінальныя былі даўно разбураныя! З'явяцца сродкі ў будучыні - памяняем», - дадае беларускі гісторык.

Палац Друцкіх-Любецкіх пабудавалі ў 1900 годзе. Гэта падвойнік палаца Малы Трыянон, рэзідэнцыі французскіх каралёў. Князь Ксавер Друцкі-Любецкі, вярнуўшыся з Францыі, наважыў перанесці атмасферу Вэрсалю ў беларускую рэчаіснасць. Унікальны будынак княскага палацу ў стылі чыстага класіцызму раней выконваў функцыі гарнізоннага Дома савецкіх афіцэраў.

Рэстаўрацыя вядзецца з 2011 года і павінна скончыцца перад днём беларускага пісьменства, які горад прымае сёлета.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках