28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Пянткоўскі: Мара Масквы - зрабіць «матарол» і «бабаеў» дэпутатамі Рады

3
Андрэй Пянткоўскі: Мара Масквы - зрабіць «матарол» і «бабаеў» дэпутатамі Рады
ФОТА: RFE/RL

Мэта прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна - знішчыць украінскую дзяржаўнасць, а для дасягнення сваёй мэты ён звяртаецца да самых разнастайных сродкаў.

Такое меркаванне выказаў "Обозревателю" расейскі навуковец і публіцыст Андрэй Пянткоўскі, каментуючы магчымае нарастанне канфрантацыі на Данбасе ў сувязі з падзеямі ў Мукачаве і выбухамі ў Ільвове.

"Мэта Пуціна – спіхнуць "ЛуганДонію" ўнутр Украіны, зрабіць "матарол", "бабаеў", "гіві" дэпутатамі Рады ў Кіеве і, фактычна, знішчыць украінскую дзяржаўнасць", - кажа экспэрт.

На думку Пянткоўскага, канфлікт на Данбасе - гэта толькі адзін з інструментаў, якія выкарыстоўвае Пуцін, каб "падважыць украінскую дзяржаву, раздушыць Рэвалюцыю Годнасці, перацяць еўрапейскі вектар развіцця Украіны". У гэтым, на думку экспэрта, асноўная мэта Пуціна, з самага пачатку канфлікту яна не мянялася.

"Сёння РФ, каб падважыць украінскую дзяржаву знутры, звяртаецца да самых разнастайных сродкаў: і сацыяльнай незадаволенасці, і правакацыі канфліктаў паміж рознымі групамі, кодламі, і дырэктыўнаму тэрору", - мяркуе ён.

"Учора былі выбухі ў Ільвове, а трохі раней - у Адэсе, Харкаве. Ідзе вайна, - каментуе Андрэй Пянткоўскі. - Яна называецца гібрыднай, але ад гэтага яна не становіцца менш жорсткай і бязлітаснай".

Публіцыст таксама распавёў аб сваім пункту гледжання на дачыненне Расеі да выбухаў ва Украіне. "А ці датычная была Расея да падзей у Данецку і Луганску ўвесну 2014-га года, да захопу адміністрацый, выбухаў і забойстваў на Данбасе? Героі гэтых падзей - Гіркін і Барадай - з задавальненнем распавядаюць гэта цяпер на расейскай тэлевізіі. Мы ведаем таксама імёны расейскіх генералаў, якія кіруюць так званымі «ополченцами» на Данбасе. Так што ў палітычным плане - так. Масква і сама гэтага не хавае. А што да пошуку канкрэтных вінаватых у выбухах у Львове, то для гэтага існуе ўкраінская Служба бяспекі, калі яна дастаткова эфектыўна дзейнічае", - разважае публіцыст.

У той жа час, на ягоны погляд, супрацьстаянне на Данбасе "ў значнай ступені ўжо занікае". "Асноўная прычына гэтага ў тым, што Крэмль не здольны пайсці на ваенную эскалацыю, бо Захад зусім недвухсэнсоўна даў зразумець, якія для яго будуць наступствы ў выпадку такой "акцыі", - уважае Пянткоўскі.

Павелічэнне колькасці расейскіх войскаў на мяжы з Украінай, якое рэгіструе АБСЕ, - гэта, з пункту гледжання навукоўца, "не больш чым частка ваеннага шантажу Расеі. Такога ж, як і ў выпадку з ядзернай зброяй, якой Расея палохае Захад".

"Крэмль пасылае весткі Захаду і Парашэнку: маўляў, згаджайцеся на нашу інтэрпрэтацыю менскага пагаднення або мы можам перайсці да эскалацыі. А якая маскоўская інтэрпрэтацыя менскага пагаднення, мы ўжо прагаварылі вышэй", - кажа публіцыст.

Аднак яму здаецца, што пастанова Захаду супрацьстаяць магчымай ваеннай эскалацыі Расеі - не ваеннае ўмяшанне, а вельмі жорсткія дынамічныя захады і продаж Украіне смяротнай зброі - можа мець месца ў выпадку эскалацыі. "Масква гэта ведае, і, на мой погляд, не наважыцца", - высноўвае Андрэй Пянткоўскі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках