29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст Свабоднага прафзвязу звольнены з бабруйскага завода

3
Актывіст Свабоднага прафзвязу звольнены з бабруйскага завода

Кіраўніцтва Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) звольніла слесара-інструментальшчыка V разраду Сяргея Пічугава.

Актывіста Свабоднага прафзвязу аб звальненні папярэдзілі за дзень да скасавання кантракту, паведамляе БелаПАН.

«29 чэрвеня яны апавясцілі мяне, што з 1 ліпеня са мной скасоўваюць кантракт. Я спытаў, з якой прычыны. Сказалі, што наймальнік не абавязаны ўказваць прычыны. Я адмовіўся падпісаць паведамленне аб скасаванні кантракту», - распавёў актывіст.

У 2013 годзе Сяргея Пічугава, які да таго часу дзевяць гадоў прапрацаваў на прадпрыемстве і, з ягоных слоў, не меў ніякіх спагнанняў, ужо звальнялі з заводу аналагічным спосабам - папярэдзіўшы за адзін дзень, аднак тады прафзвязу ўдалося адстаяць права актывіста на працу.

«У гэты раз яны мне таксама нічога не тлумачылі, сказалі, хай цябе Кавалькоў абараняе», - распавёў Сяргей Пічугаў. Адміністрацыя заводу, як распавёў рабочы, праігнаравала нават пісьмовае хадайніцтва калектыву, у якім ён працаваў, з просьбай не звальняць спецыяліста.

Як адзначыў старшыня першаснай заводскай арганізацыі Свабоднага прафзвязу Беларускага Міхаіл Кавалькоў, адміністрацыя прадпрыемства не толькі парушыла калектыўную дамову, за месяц не папярэдзіўшы Пічугава аб скасаванні кантракту, але і «цынічна паставілася да ягонай сямейнай сітуацыі». «Адзінае ягонае дзіця год і восем месяцаў, жонка, таксама працаўніца завода, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і хутка павінна нарадзіць яшчэ аднаго. І ў такой сітуацыі яны пазбаўляюць сям'ю сродкаў да існавання», - распавёў прафзвязавы лідар.

І Пічугаў, і Кавалькоў бачаць у дзеяннях адміністрацыі помсту за дзейнасць Свабоднага прафзвязу. Найбліжэйшым часам яны маюць намер звярнуцца да кіраўніцтва Бабруйскага гарвыканкама з просьбай не дапусціць звальнення спецыяліста. Калі гарадскія ўлады не змогуць дапамагчы Пічугаву застацца на заводзе, актывіст плануе звярнуцца ў суд.

Намеснік дырэктара прадпрыемства па кадрах, сацыяльнаму развіццю і ідэалагічнай працы Уладзімір Елісеенка адмовіўся пракаментаваць сітуацыю са звальненнем слесара-інструментальшчыка Сяргея Пічугава.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках