28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарадца віцэ-прэзідэнта Еўрапарламента: У Пуціна быў шок праз пазіцыю Захаду да Украіны

4
Дарадца віцэ-прэзідэнта Еўрапарламента: У Пуціна быў шок праз пазіцыю Захаду да Украіны

Дзякуючы перагаворам у Менску Украіне ўдалося змяніць пазіцыю краін Захаду на сваю карысць.

Пра гэта ў эфіры "Эра FM" заявіў Яраслаў Мендусь, палітычны дарадца віцэ-прэзідэнта Еўрапарламента, піша Цензор.нет.

"Абодва бакі - Украіна і Еўрапейскі Звяз - зыходзяць з таго, што развязваць гэтую сітуацыю шляхам наўпроставага ваеннага супрацьстаяння з Расеяй немагчыма. Немагчыма, бо мы маем справу з агрэсарам, які валодае ядзернай зброяй, мае каласальныя рэсурсы і сёння парушае міжнароднае права. Таму сёння цывілізаваны свет, у першую чаргу ў асобе ЗША і ЕЗ, цісне на Расею палітычна, эканамічна і дыпламатычна, каб прымусіць яе спыніцца і сесці за стол перамоваў", - адзначыў ён.

Мендусь падкрэсліў паспяховы вынік, які быў дасягнуты падчас працяглага перамоўнага працэсу ў Менску. На ягоную думку, гэта выяўляецца ў імклівай змене палітыкі краін Захаду і павароце ў расейскай рыторыцы.

"Да пачатку гэтага года і ЕЗ, і ЗША спрабавалі дамовіцца з Расеяй, - нагадаў экспэрт. - Гэта значыць, паспрабаваць знайсці кампраміс і агульныя падыходы, якія пераканалі б Пуціна спыніцца на Крыме. Скажам, з Крымам здарылася, як здарылася, але давайце знойдзем магчымасць урэгуляваць сітуацыю на Данбасе. Цяпер жа пытанне Крыма гучыць на перамовах пастаянна".

На ягоную думку, пераломным момантам стала восень, калі адбылася сустрэча ў Брысбене, на якой канцлерка Мэркель больш за чатыры гадзіны вяла перамовы з Пуціным.

"Сёння ўпершыню за доўгі час і Злучаныя Штаты, і Еўрапейскі Звяз на ўзроўні экспэртнага кола і палітыкаў выразна называюць рэчы сваімі імёнамі: "Мы гатовыя даць адпор Расеі. Мы гатовыя адказаць на выклікі, якія Пуцін кідае сусветнаму парадку, міжнароднаму праву і заходняй цывілізацыі", - сказаў ён.

Мендусь пералічыў захады з боку заходніх партнёраў Украіны, на якія яшчэ паўгода таму яны катэгарычна не хацелі ісці:

"На ўзроўні NATO і еўрапейскіх структур прынятая пастанова аб размяшчэнні ў Еўропе, на памежных тэрыторыях, цяжкага ўзбраення. Прымаюцца пастановы аб паскарэнні праграмы супрацьракетнай абароны. Упершыню прынятая пастанова аб вяртанні бранетанкавых дывізій ЗША на тэрыторыю Еўропы. Пакуль на ратацыйнай аснове прынятая пастанова аб размяшчэнні сіл хуткага рэагавання. Думаю, што хутка яны будуць размешчаныя на сталай аснове".

Дарадца віцэ-прэзідэнта ЕЗ адзначае, што паварот у палітыцы Захаду стаў для Пуціна шокам і паўплываў на ягоную рыторыку.

"Экспэрты адзначаюць, што Пуцін памяняў сваю замежнапалітычную пазіцыю. Яна стала больш антыўкраінскай, чым была раней, але з маленькім удакладненнем. Раней ён казаў, што Захад спрабуе знішчыць Расею і прэтэндуе на яе каласальныя прыродныя рэсурсы. Сёння з'явілася новая танальнасць. Пуцін спрабуе дэклараваць новую тэхналогію ўзаемадзеяння: "Мы хочам знайсці кропкі судакранання з ЗША і ЕЗ", - адзначыў ён.

Мендусь мяркуе, што Крэмль гатовы мяняць рыторыку ў размове з Еўропай і прызнаць уласныя памылкі, але толькі за кошт Украіны. Пуцін хоча, каб Данбас заставаўся ў складзе Украіны як ракавая пухліна, а сама Украіна стала разменнай манетай. Расея можа прапанаваць ЗША свой удзел у развязанні праблемы ў Сірыі, Іраку і Іране. На думку экспэрта, Захад не прыняў гэтыя ўмовы.

Таксама суразмоўца дадаў, што еўрапейцы не заўсёды задаволеныя прафесійнасцю ўкраінскага ўрада, тым, як ён змагаецца з карупцыяй і тым, як Украіна адстойвае свае інтарэсы ў дачыненнях з Расеяй.

"Але сёння ёсць выразны настрой цывілізаванага свету, які знаходзіцца на баку Украіны, супрацьстаяць расейскай агрэсіі", - падсумаваў Мендусь.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках