20 красавiка 2024, Субота, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць медыкаў Гарадзеншчыны за паўгода распачалі 54 справы

11
Супраць медыкаў Гарадзеншчыны за паўгода распачалі 54 справы

Гарадзенскія следчыя рапартуюць аб сваіх «дасягненнях» у барацьбе з хабарніцтвам і карупцыяй.

У дачыненні да медработнікаў Гарадзенскай вобласці ў 2015 годзе распачата 54 крымінальныя справы. Пра гэта паведаміў БелТА начальнік УБЭП УУС аблвыканкама Ігар Самалётаў.

Крымінальныя справы распачатыя паводле фактаў атрымання хабару (42 справы), падробкі афіцыйных дакументаў (10), дачы хабару (1) і крадзяжу (1). 41 злачынства належыць да разраду цяжкіх.

Як патлумачыў Ігар Самалётаў, усе гэтыя злачынствы ўчыненыя чатырма службовымі асобамі медустаноў вобласці, што, на ягоную думку, кажа пра тое, што ва ўсіх выпадках працэс быў узведзены ў сістэму. Трое з чатырох падазраваных на момант учынення злачынства або з'яўляліся кіраўнікамі медустаноў, альбо ўзначальвалі іх структурныя падраздзяленні.

Большасць карупцыйных злачынстваў, учыненых у сферы аховы здароўя, звязаныя з вырабам і выдачай лістоў непрацаздольнасці, якія змяшчаюць недакладныя звесткі, што дазваляе трэцім асобам ухіліцца ад дысцыплінарнай адказнасці за прагулы.

«Такія магчымасці штурхаюць звычайных грамадзян да парушэння працоўнай дысцыпліны, нараджаюць у іх пачуццё ўсёдазволенасці, а таксама прыводзяць да незаконных выплат заробкаў. Акрамя таго, у дачыненні да асоб, якія скарысталіся сфальсіфікаванымі лістамі непрацаздольнасці, таксама распачынаюцца крымінальныя справы паводле ч.1 арт.380 КК РБ. Такіх было 34 у гэтым годзе», - адзначыў Ігар Самалётаў.

Так, за афармленне і выдачу лісткоў аб часовай непрацаздольнасці атрымліваў хабар загадчык аддзялення Ваўкавыскай ЦРБ, за станоўчае развязанне пытання аб выдачы даведак аб стане здароўя - доктар-тэрапеўт Гарадзенскай гарадской паліклінікі №6, загадчык аддзялення Гарадзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі. У сакавіку гэтага года ўвайшоў у дзеянне прысуд у дачыненні да анэстазіёлага-рэаніматолага ГОКЦ «Псіхіятрыя-Наркалогія», які асуджаны на 4 гады абмежавання волі за «гандаль» даведкамі і лістамі непрацаздольнасці.

Агулам эканамічныя і карупцыйныя злачынствы, учыненыя ў сферы аховы здароўя Гарадзенскай вобласці за студзень-травень гэтага года, склалі больш за чвэрць усіх такіх, учыненых у краіне (54 з 203).

Траціна хабарніцтваў, учыненых медпрацаўнікамі краіны (124), прыпадае на Гарадзенскую вобласць (41). Прычым у разрэзе адной вобласці сітуацыя выглядае яшчэ больш гнятлівай - больш за палову хабарніцтваў, учыненых у рэгіёне, зарэгістравана ў ахове здароўя (41 злачынства з 73). Гэта больш, чым за ўвесь мінулы год, калі ў медыцыне была здзейсненая траціна такіх злачынстваў (29 з 97).

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках