28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Маладзечанскім заводзе металаканструкцый выплацілі заробак за травень

7
На Маладзечанскім заводзе металаканструкцый выплацілі заробак за травень

Работнікі Маладзечанскага завода металаканструкцый атрымалі ўвесь заробак за травень, як і абяцаў раней выконваючы абавязкі гендырэктара Дзмітрый Купрыянаў.

Праблемы з выплатай заробку на заводзе пачаліся больш за месяц таму. Паводле кантракта заробак выплачваецца 21-га чысла кожнага месяца. Не атрымаўшы разлік за красавік, 8 чэрвеня працоўныя зладзілі стыхійны страйк. Грошы ім выплацілі толькі 12 чэрвеня пасля прыезду на завод старшыні Менскага аблвыканкама Сямёна Шапіры.

Пазней у працоўных узніклі праблемы з атрыманнем заробку за травень. Не зрабіўшы разлік за травень 21 чэрвеня, Дзмітрый Купрыянаў папрасіў рабочых пачакаць да канца месяца. Аднак заробак выплацілі нават раней - 26 чэрвеня, паведаміў БелаПАН газарэзчык прадпрыемства Дзмітрый Ваховіч.

З ягоных слоў, цяпер людзі працуюць, аб нядаўніх праблемах і праведзенай 8 чэрвеня стачцы не ўспамінаюць.

«Цяпер ёсць надзея на тое, што калі затрымкі заробкаў і будуць здарацца, то кіраўніцтва своечасова будзе пра іх паведамляць. Сумняваюся, што ў будучыні страйкі могуць паўтарыцца. Тады, 8 чэрвеня, у людзей проста накіпела. Бо паўгода ніхто з кіраўнікоў з намі размаўляць не хацеў. Давялося страйкаваць. Цяпер усё змянілася. З намі лічацца і вядуць дыялог», - сказаў Ваховіч.

За травень Ваховіч атрымаў 4 мільёны рублёў. З ягоных слоў, цяпер гэта сярэдні заробак на заводзе, які работнікі атрымалі за апошні вясновы месяц.

Купрыянаў называе страйк 8 чэрвеня «працоўнай сустрэчай» і кажа, што цяпер завод забяспечаны замовамі, але не ўдакладняе, якімі менавіта, спасылаючыся на камерцыйную тайну.

«Цяжкасці ўзнікаюць на кожным прадпрыемстве, тым больш у гэты няпросты час. Я хаджу па заводзе, кантактую з калектывам і бачу, што настрой у працоўных цяпер нармальны, - сказаў кіраўнік. - Хацелася б, вядома, каб нагрузка ў нас была больш рытмічная, але, упэўнены, з часам усё наладзіцца канчаткова. Не буду пакуль агучваць, з якімі заказамі мы цяпер працуем. Бізнэс любіць цішыню».

Са слоў Купрыянава, сярэдні заробак на заводзе цягам апошніх пяці месяцаў склаў 3 мільёны 600 тысяч рублёў.

Дзмітрый Купрыянаў, будучы намеснікам генеральнага дырэктара ў камерцыі і эканамічных пытаннях, прадаўжае выконваць абавязкі генеральнага дырэктара. Гендырэктар Міхаіл Ангерчык знаходзіцца на бальнічным. Купрыянаў сцвярджае, што не ведае, калі будзе прызначаны новы генеральны дырэктар і хто менавіта ўзначаліць прадпрыемства.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках