20 красавiка 2024, Субота, 6:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На геральдычным знаку Шклова назва горада напісаная па-расейску

15
На геральдычным знаку Шклова назва горада напісаная па-расейску

А ў якасці даты заснавання паказаны год спалення маскоўскімі войскамі.

У Шклове ўсталявалі новы геральдычны знак - герб горада на 11-метровай стэле. На ўрачыстым адкрыцці знака заяўлялася, што ён стане яшчэ адной пазнавальнай адметнасцю райцэнтра. Жыхары ў гэты час звяртаюць увагу на непаважлівае стаўленне чыноўнікаў да беларускай мовы і мясцовай гісторыі. На геральдычным знаку назва горада толькі на расейскай мове, а ў якасці даты першага летапіснага ўспаміну пазначаны год, калі Шклоў быў спалены маскоўскім войскам, паведамляе БелаПАН.

У савецкія часы меркавалася, што ўпершыню Шклоў згадалі ў 1535 годзе. Горад тады быў захоплены і спалены маскоўскім ваяводам Васілём Шуйскім. Гэтая дата і пазначаная на п'едэстале новай шклоўскай славутасці. На ўрачыстым адкрыцці знака не згадвалі, што за падзея адбылася ў Шклове ў 1535 годзе.

«Атрымліваецца парадокс, - кажа шклоўскі краязнаўца Аляксандр Грудзіна. - Горад спалілі ў 1535 годзе, і мяркуецца, што тады яго і заснавалі. Дык гэта бязглуздзіца нейкая. Гэтая дата перадалася Шклову з савецкіх часоў. І дагэтуль яе выкарыстоўваюць, як быццам прадаўжаюць жыць у Савецкім Саюзе».

Аляксандр Грудзіна кажа, што ў пачатку 1990-х гадоў удзельнічаў у падрыхтоўцы раённай хроніка-дакументальнай кнігі «Памяць». З ягоных слоў, ужо тады былі вядомыя ранейшыя даты, калі Шклоў згадвалі ў пісьмовых крыніцах. Напрыклад, 1520. Тады аб горадзе падчас свайго падарожжа ў Масковію пісаў аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд фон Герберштэйн.

Чаму наважылі шклоўскія чыноўнікі прыняць за дату заснавання горада той год, калі ён быў спалены, Аляксандр Грудзіна растлумачыць не можа. Аднак выказвае меркаванне, што «такі падыход сведчыць пра абыякавае стаўленне да мясцовай гісторыі тых людзей, якія прымалі пастанову аб усталяванні геральдычнага знака». «Чыноўнікам трэба было больш адказна падысці да прыняцця пастановы што да надпісаў на гэтым знаку», - кажа Аляксандр Грудзіна.

У Шклоўскім краязнаўчым музеі з меркаваннем краязнаўцы не пагадзіліся. Заявілі, што афіцыйнай датай заснавання горада да гэтага часу ўважаецца 1535.

«Цяпер ідзе працэс старэння горада. Так, археолагі адшукалі артэфакты, якія пацвярджаюць, што Шклоў старэйшы. Аднак афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Таму год заснавання горада - 1535-ы», - кажуць у музеі.

Адзінае слова на геральдычным знаку - «Шклоў» - напісанае на расейскай мове. У райвыканкаме на просьбу патлумачыць, чаму няма беларускага эквівалента, адказалі: «У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: расейская і беларуская. Таму і выбралі расейскую».

Жыхара Шклова, намесніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва факт, як ён кажа, непаважлівага стаўлення шклоўскіх чыноўнікаў да беларускай мовы не здзіўляе. З ягоных слоў, на ўездзе ў горад даўно няма надпісаў на беларускай мове.

«Ужо даўно заўважыў, што на мерапрыемствах, якія арганізоўвае мясцовая ўлада, беларуская мова выцясняецца. Уязныя знакі расейскамоўныя дык стаяць усюды. Людзям, надзеленым уладай у райвыканкаме, да лямпачкі, як гэты новы геральдычны знак будзе выглядаць: будзе ён адпавядаць гістарычным фактам ці не. Паставілі, зрабілі свята - і ўсё. Гэта сведчыць, што ў Шклове не беларуская ўлада. Адпаведна, робіцца ўсё, каб умацаваць у жыхароў прарасейскае бачанне гісторыі іх горада», - заяўляе Рыгор Кастусёў.

Партыец адзначае, што на геральдычным знаку няма ўспаміну пра магдэбургскі перыяд шклоўскай гісторыі, а герб, які на знаку, кажа ён, дадзены Шклову менавіта ў тыя часы.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках