29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акрамя Расеі ў Радзе Бяспекі ААН ніхто не выступіў супраць трыбунала па «Боінгу»

12
Акрамя Расеі ў Радзе Бяспекі ААН ніхто не выступіў супраць трыбунала па «Боінгу»

Большасць сябраў Рады Бяспекі падтрымлівае рэзалюцыю.

Пра гэта пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Юрый Сяргееў сказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю агенцтву УНИАН напярэдадні разгляду праекта рэзалюцыі на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, якое адбудзецца сёння. «Наўпрост мы такіх заяў не чулі, таму што падзяліць з Расеяй пазіцыю, якая з'яўляецца антыгуманнай і супраць вяршэнства міжнароднага права, наўрад ці хто рызыкне публічна зрабіць. Таму нават ад найбліжэйшых сатэлітаў Расеі такіх заяў не было чуваць», - сказаў ён.

Са слоў Сяргеева, большасць сябраў Рады Бяспекі рэзалюцыю падтрымліваюць, таму што ў ёй «няма ніякай палітыкі, у ёй выключна чалавечы фактар». «Загінулі людзі, і справядлівасць патрабуе таго, каб расследаванне было завершанае, і каб злачынцы былі пакараныя, а сваякі (загінулых) маюць права ведаць праўду. Мэта гэтай рэзалюцыі ні ў каго не выклікае ніякіх сумневаў, акрамя адной дэлегацыі, якая гэта ставіць пад сумнеў , укідваючы свае праекты, спрабуючы размыць працэс. Якім будуць паводзіны расейцаў падчас паседжання? Можна меркаваць што яны будуць накладаць вета», - прагназуе ўкраінскі дыпламат.

Адказваючы на пытанне, што адбудзецца ў выпадку, калі Расея накладзе вета, сталы прадстаўнік адзначыў, што група расследавання катастрофы МН-17, у якую ўваходзіць Украіна, «разумее, што такі варыянт не выключаны, разумеюць гэта і іншыя сябры Рады Бяспекі». «Мы ідзем на гэты крок, разумеючы, што вета можа быць, але пасля яго адкрываюцца дзверы для іншых пастаноў, якія ляжаць у рамках міжнароднага права. Гэта можа быць як у рамках ААН, так і па-за рамкамі гэтай арганізацыі. У той ці іншай форме, як бы Расея гэта ні блакавала, трыбунал будзе», - перакананы ён.

На пытанне аб мэтазгоднасці ўнясення на абмеркаванне дакумента, на які будзе накладзенае вета, Сяргееў адказаў, што гаворка ідзе «не толькі пра Боінг». «Гаворка ідзе наогул аб міжнародным праве, якое растаптанае, разарванае, якое інтэрпрэтуюць як заўгодна, я маю на ўвазе не толькі агрэсію супраць Украіны, я маю на ўвазе і іншыя праблемныя месцы, якія ёсць. Таму мы свядома ідзем на гэты крок для таго, каб заклікаць Аб'яднаныя Нацыі ў гадавіну 70-годдзя стварэння арганізацыі абараніць Статут, пад якім падпісаліся ўсе, але не ўсе яго выконваюць і не ўсе яго паважаюць. Таму гэты крок, акрамя чыста прававога боку, з'яўляецца крокам да таго, каб у год 70-годдзя ААН утрымаць гэтую арганізацыю ў рамках тых прынцыпаў, пра якія гаварылася ў 45-м годзе. На жаль, яны ігнаруюцца цяпер», - сказаў сталы прадстаўнік.

Кажучы пра тое, што будзе пасля паседжання, Сяргееў не выключыў магчымасць розных варыянтаў развіцця падзей. «Калі разважлівасць да Расеі вернецца - будзе адзін варыянт, калі будзе вета, будуць іншыя варыянты, аб якіх сябры нашай групы - Нідэрланды, Малайзія, Аўстралія, Бельгія і Украіна - павінны дамовіцца», - сказаў Сяргееў.

Нагадаем, сёння на галасаванне ў Радзе бяспекі ААН будзе ўнесены праект рэзалюцыі аб стварэнні міжнароднага трыбунала ў расследаванні катастрофы малайзійскага «Боінга». У сувязі з гэтым у ЗША адбыў міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін.

17 ліпеня 2014 года ў небе над Данецкай вобласцю тэрарысты, якіх падтрымлівае Расея, збілі самалёт Boeing-777 кампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс Амстэрдам - Куала-Лумпур. Самалёт быў збіты з зенітна-ракетнага комплексу «Бук».

Усе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Пераважная большасць з іх - 194 пасажыры былі грамадзянамі Нідэрландаў, 38 - грамадзянамі Аўстраліі.

Самалёт упаў у зоне, якая кантралюецца баевікамі. Целы загінулых перавезлі ў Нідэрланды для правядзення апазнання і экспэртыз. Украіна дэлегавала расследаванне катастрофы самалёта Нідэрландам.

Малайзія ўнесла ў Раду бяспекі ААН праект рэзалюцыі аб стварэнні міжнароднага трыбунала ў расследаванні авіякатастрофы.

Раней з ініцыятывай стварэння трыбунала выступілі Аўстралія, Бельгія, Нідэрланды і Украіна.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках