20 красавiка 2024, Субота, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Малады фронт» правядзе з'езд у верасні

1
«Малады фронт» правядзе з'езд у верасні

Дзявяты з'езд міжнароднага грамадскага аб'яднання «Малады фронт» прызначаны на 12 верасня і пройдзе ў адкрытым фармаце.

Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня арганізацыі, былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Да ўдзелу ў працы з'езда запрашаюцца не толькі выбраныя дэлегаты з Менска і рэгіёнаў, але і ўсе сябры «Маладога фронту», а таксама прыхільнікі і ахвотныя далучыцца да дзейнасці аб'яднання. «Узнікла меркаванне, што ў сённяшніх варунках перафарматавання кіраўніцтва і падыходаў да працы неабходна запрасіць да ўдзелу ў з'ездзе ўсіх маладафронтаўцаў, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за дзейнасць арганізацыі», - растлумачыў Дашкевіч незвычайны фармат з'езду.

З ягоных слоў, папярэднія з'езды «Маладога фронту» паказвалі, што «пэўныя ідэйныя супярэчнасці» ў арганізацыі былі заўсёды. «Вельмі часта на з'ездах ліберальныя канцэпцыі ўваходзяць у канфлікт з кансерватыўнымі. У прынцыпе гэта сведчыць аб тым, што структура жывая. Хоць вялікая праблема арганізацыі - гэта апатыя, памяншэнне колькаснага складу «Маладога фронту». Арганізацыйны крызіс, які характэрны для ўсіх апазіцыйных структур, нагнаў і «Малады фронт». Аднак ёсць людзі, якіх хвалюе лёс «Маладога фронту» і Беларусі, яны збяруцца і прымуць пастановы», - сказаў Дашкевіч.

Ён не выключае, што на будучым з’ездзе кіраўніцтва аб'яднання можа цалкам памяняцца. Сам Дашкевіч не збіраецца вылучацца на кіроўныя пасады. «Яшчэ два гады таму я хацеў адысці ад кіраўніцтва. Не сказаў бы, што і цяпер актыўна ім займаюся. Праблема ў тым, што мала хто сёння жадае займацца актыўнай грамадскай працай», - адзначыў сустаршыня «Маладога фронту».

Ён таксама пракаментаваў ад'езд з Беларусі яшчэ аднаго сустаршыні аб'яднання Эдуарда Лобава.

Пра тое, што былы палітвязень Лобаў з'ехаў ва Украіну, дзе ўдзельнічае ў баявых дзеяннях на баку ўкраінскага войска, стала вядома некалькі дзён таму пасля з'яўлення на канале YouTube ягонага відэазвароту. У ім Лобаў, прынамсі, сказаў: «Калі мы не дапаможам Украіне змагацца ў гэтай вайне, то наступным этапам Расеі можа стаць Беларусь».

«Лобаў рэалізуе свае мэты і ідэі ва Украіне, - заявіў Дашкевіч. - У прынцыпе, там таксама адказны фронт працы. Я ўпэўнены, што тыя беларусы, якія сёння ваююць на баку Украіны, у пэўны момант спатрэбяцца і Беларусі. Таму можна сказаць, што Лобаў не адышоў ад кіраўніцтва, а перафарматаваў свой вектар працы ў «Маладым фронце».

Нагадаем, «Малады фронт» рабіў ужо шэсць спробаў прайсці афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі, але кожны раз атрымліваў адмову Міністэрства юстыцыі і вымушаны быў зарэгістравацца ў Чэхіі як міжнароднае моладзевае аб'яднанне.

Варта таксама адзначыць, што на папярэднім з'ездзе «Маладога фронту» ў кастрычніку 2013 Зміцер Дашкевіч не планаваў вылучацца на пасаду кіраўніка аб'яднання, але затым змяніў сваю пастанову. Ён патлумачыў яе крытычнай сітуацыяй у арганізацыі, якая нават не можа «нармальна абраць кіраўніцтва». На тым жа з'ездзе было наважана ўвесці ў «Маладым фронце» інстытут сустаршыньства, у кіраўніцтва былі абраныя Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў і Андрэй Цянюта.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках