29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Шчучынам знайшлі ўнікальны коркавы лес

3

Пасадкі рэдкага для Беларусі коркавага дрэва схаваныя каля старога вайсковага аэрадрома ў раёне вёскі Ялошаўцы.

Патрапіць на пасадкі аксаміту амурскага, як правільна называецца дрэва, не так і проста, калі твой адзіны арыенцір - вёска Ялошаўцы. Вёска, дарэчы, не самая жывая, аточаная лесам з вузкай бетоннай дарогай - спадчынай вайсковага аэрадрома, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Фота: «Белсат»

Пасля гадзінкі-другой блуканняў выязджаем да брамы гадавальніка на базе лясніцтва. Далей дарога, праз кожныя 10 метраў «дзіравая» з лужынамі з непрадказальным дном. Так зрываецца глушыцель, таму наступныя 200 метраў прыходзіцца ісці пешшу. Здзіўляе колькасць вужоў на дарозе: з-пад колаў, а потым з-пад ног чорнымі шнуркамі істоты хаваюцца ў лес літаральна кожныя 5 хвілін.

Выбраўшыся на прасеку ў атачэнні высокіх дубоў, яшчэ далей бачым сапраўдны коркавы гай. Справа ў тым, што аксаміт амурскі зусім не характэрны для нашых месцаў: ён расце на Далёкім Усходзе, сустракаецца ў лясах Маньчжурыі, Кітая, Сахаліна і іншых месцаў, часта сустракаецца ў парках Цэнтральнай Азіі і Каўказа. У нас такія дрэвы сустрэнеш хіба што ў Менскім батанічным садзе і старых прысядзібных парках...

Таямніца з'яўлення аксамітнага гаю не такая складаная, як магло здацца. Сферы ўжывання коркавай драўніны даволі разнастайныя: ад дарагой мэблі да ізаляцыйных матэрыялаў. Ёсць версія, што пасаджаныя тут у 1950-х дрэвы былі патрэбныя Лідскаму піўзаводу. Коркавая пракладка была неабходнай для вечкаў да шкляных бутэлек з півам або ліманадам, аднак пакуль дрэвы выраслі, тэхналогія паспела змяніцца.

Таямніца захавання гаю таксама відавочная: тутэйшыя лясы часу функцыянавання вайсковага аэрадрома былі закрытымі для наведвальнікаў, то бок, уважаліся за прылеглыя да вайсковага аб'екту. А цяпер аб гаі проста няма шырокай інфармацыі, а сам па сабе - паспрабуй знайдзі!

Дарэчы, аксаміт амурскі - дрэва рэліктавае, гэта значыць, яно расло яшчэ да абледзянення. Такім чынам такія гаі - сапраўдны помнік прыроды.

Разам з тым, мясцовыя ўлады не выключаюць і гаспадарчае выкарыстанне плантацыі. Напрыклад, для вінных коркаў: невялікая здабыча не шкодзіць і не забівае дрэвы, з часам лес абрастае. Навобмацак, дарэчы, кара сапраўды нагадвае звычайныя коркі ад бутэлек.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках