20 красавiка 2024, Субота, 19:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Кузняцоў: Сметнік у Трасцянцы створаны на месцы расстрэлу афіцэраў польскага войска

5

Гісторык Ігар Кузняцоў правёў прэс-канферэнцыю ў Курапатах, прысвечаную эксгумацыі на гэтым месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Мэта эксгумацыі - знайсці астанкі афіцэраў польскага войска з так званага беларускага катынскага спісу, піша БелаПАН.

- У Менску 13 месцаў расстрэлаў, - кажа Ігар Кузняцоў. - Чатыры найбольш буйныя: Курапаты, Лошыца, Трасцянец, парк Чэлюскінцаў. Курапаты - 16 га тэрыторыі, 510 магільных ямаў. Падчас першай і другой эксгумацый было знойдзена 17 пахаванняў. Гэта значыць, 493 пахаванні нераскапаныя на тэрыторыі Курапатаў. Як можна пачынаць эксгумацыю, калі падчас першай і другой эксгумацый не былі знойдзеныя рэчавыя доказы, якія пацвярджаюць наяўнасць там афіцэраў польскага войска? Ні знакі адрознення, ні гузікі, ні дакументы пакуль не былі знойдзеныя. Можа, узніклі новыя падставы? Польскі бок кажа: нам здаецца, што яны павінны быць у Курапатах. А чаму не здаецца, што яны могуць быць у Трасцянцы? Ці адну партыю маглі расстраляць у Курапатах, адну - у Трасцянцы, трэцюю - у Лошыцы, чацвёртую расстралялі ў "амерыканцы" і закапалі целы на Кальварыйскіх могілках.

У выпадку, калі выказаць здагадку, 8-10 гадоў можа заняць эксгумацыя, атрымаецца так, што не будуць знойдзеныя парэшткі афіцэраў польскага войска, з'явіцца аргумент, што беларускага катынскага спісу няма, бо ў Курапатах іх не знайшлі, мяркуе гісторык.

- Ці не разглядаюцца сёння іншыя варыянты, каб пераканацца, што няма пад сметнікам у Трасцянцы, няма ў Лошыцы, і потым ужо сапраўды вярнуцца да Курапатаў. Эксгумацыя, сам працэс, - гэта вынік навуковых даследаванняў, дзе капаць, у якім раёне, якія пахаванні лакалізаваць і мець нейкую імавернасць неабходнасці раскопак гэтага пахавання. А не проста браць і 500 пахаванняў раскопваць паводле прынцыпу: а раптам мы нешта знойдзем? А калі не знойдзем?

Таму гаворка ідзе пра тое, што трэба сканцэнтраваць намаганні на найбольш імаверных месцах і сапраўды правесці там эксгумацыю. Але гэта могуць быць не толькі Курапаты. Мая пазіцыя перакананая, не дакументальная, вядома, што ў Трасцянцы сметнік насыпаны на месцы расстрэлу, перш за ўсё, афіцэраў польскага войска. Гэтую акцыю злачынную трэба было схаваць. А тут - шараговыя грамадзяне, нікому да іх справы не было. Іх дзясяткамі тысяч расстрэльвалі. Таму ніхто і не спрабаваў гэтыя сляды знішчыць. А гэта была адмысловая акцыя. Гэта былі замежныя грамадзяне, гэта былі ваеннапалонныя, гэта была акцыя, якая не мае тэрміну даўнасці, - сказаў Ігар Кузняцоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках