25 красавiка 2024, Чацвер, 22:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску абяцае абараніць журналістаў

Прадстаўніцтва ЕЗ у Менску абяцае абараніць журналістаў

Прадстаўніцтва Еўразвязу ўздымае праблемы свабоды СМІ падчас сустрэч з беларускімі ўладамі.

Кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майра Мора адказала на зварот Еўрапейскай федэрацыі журналістаў да беларускіх уладаў з патрабаваннем спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў, паведамляе прэс-служба БАЖ.

2 чэрвеня дэлегаты штогадовага сходу «Еўрапейскай федэрацыі журналістаў» аднагалосна падтрымалі заяву ў абарону беларускіх фрылансераў. Заява была накіраваная беларускім уладам, а таксама разасланая ўсім зацікаўленым асобам.

Кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Менску ў адказ на заяву паведамляе, што стала падымае праблемы свабоды СМІ падчас сустрэч з беларускімі ўладамі, а таксама каардынуе намаганні пасольстваў краін ЕЗ:

«Дэлегацыя Еўразвязу стала падтрымлівае кантакт з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, працуючы дзеля высвятлення абставінаў усіх праяваў ціску, які ўжываецца да журналістаў-фрылансераў. Мы пастаянна ўздымаем праблемы свабоды СМІ падчас сустрэч з беларускімі ўладамі, каардынуем намаганні пасольстваў краін ЕЗ, якія працуюць у Беларусі, і інфармуем галоўны офіс аб усіх зафіксаваных выпадках і тэндэнцыях, уключаючы тыя, што адбываюцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

20 ліпеня Рада ў замежных справах прыняла асновы плана дзеянняў у правах чалавека і дэмакратыі на 2015-2019 гады, дзе гаворыцца, што ЕЗ будзе павялічваць намаганні ў прасоўванні бяспечнага і спрыяльнага асяроддзя, у якім грамадзянская супольнасць і незалежныя СМІ змогуць развівацца. Еўразвяз ускладае на Еўрапейскую службу ў замежных стасунках задачы процідзейнічаць ужыванню заканадаўства, нарматываў і ціску ўладаў, якія несправядліва абмяжоўваюць свабоду выказванняў.

ЕЗ павінен рабіць актыўныя крокі, каб прадухіляць гвалт у дачыненні да журналістаў, блогераў, іншых медыйных суб'ектаў і рэагаваць на яго, для таго, каб яны маглі працаваць у бяспецы онлайн і афлайн, не баючыся ганення, палітычнага ціску, цэнзуры і пераследу, а таксама падтрымліваць намаганні для ўмацавання свабодных, разнастайных і незалежных СМІ», - гаворыцца ў адказе прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках