25 красавiка 2024, Чацвер, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У новым фільме «Місія невыканальная» Беларусь пастаўляе хімічную зброю тэрарыстам

33
У новым фільме «Місія невыканальная» Беларусь пастаўляе хімічную зброю тэрарыстам

Увечары 30 ліпеня ў сусветны пракат выйшаў пяты фільм з цыклу «Місія невыканальная».

Ён завецца «Нацыя махляроў». Аднымі з першых стужку ўбачылі гледачы ў Чэхіі. У кінатэатрах фільм з'явіцца 6 жніўня, паведамляе «Радыё Свабода».

Паводле сюжэту, амерыканскія сакрэтныя агенты спрабуюць выкрыць міжнародны тэрарыстычны сіндыкат, які забівае палітыкаў і ладзіць тэракты па ўсім свеце. Задача ўскладняецца тым, што ў змове з тэрарыстамі - многія высокапастаўленыя чыноўнікі і палітычныя дзеячы.

Дзеянне стужкі пачынаецца ў Беларусі. Агенты сакрэтнай службы спрабуюць пранікнуць на борт самалёта, які вось-вось узляцець з вайсковага аэрадрома ў Менску. Пакуль напарнік пры дапамозе айпадa спрабуе ўзламаць рускамоўную сістэму кіравання і адамкнуць дзверы, агент Ітан Хант (Том Круз) на ўзлёце чапляецца за крыло, адкуль пераскоквае ў багажны адсек. Там знаходзіцца партыя хімічнай зброі, якую адправілі з Менска ў Дамаск. Спецагенту ўдаецца спыніць перасылку небяспечнага грузу.

Дзеянне фільма з Беларусі перамяшчаецца ў Малайзію, пазней - у ЗША, Вялікабрытанію, Кубу, Францыю, Аўстрыю і Марока.

Сцэна ўздыму аэробуса «А400М Атлас» здымалася на вайсковай базе ў Вялікабрытаніі. Зялёныя палі і лясы нагадваюць Беларусь.

У спісе актораў на партале IMDB цэлых тры ролі адведзеныя беларускім вайскоўцам і злачынцам. Напрыклад, ролю беларускага жаўнера, які суправаджае хімічную зброю і на борце самалёта сутыкаецца з Томам Крузам, згуляў Дзяніс Харошкі, беларускі актор, што жыве і працуе ў Лондане.

Як сцвярджаюць аўтары стужкі, большасць трукаў у фільме Круз выканаў самастойна. Да прыкладу, ён навучыўся затрымліваць дыханне пад вадой на шэсць хвілін і праляцеў за бортам вайскова-транспартнага самалёта на вышыні 1700 метраў над зямлёй.

Ужо абвешчаны пачатак працы над баевіком «Місія невыканальная 6». Здымкі фільма пачнуцца наступным летам.

Чатыры папярэднія карціны цыклу «Місія невыканальная» сабралі ў сусветным пракаце больш за два мільярды даляраў. Такім чынам, франшыза стала адной з самых прыбытковых для студыі Paramount Pictures.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках