25 красавiка 2024, Чацвер, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палац Валовічаў у Свяцку: у заняпадзе, але з QR-кодам на сцяне

1

Гісторыкі і архітэктары не могуць дамовіцца аб аптымальным варыянце рэстаўрацыі палаца XVIII стагоддзя.

Мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць, як «за Польшчай» у Свяцкім палацы была бальніца для наркаманаў, а сучасныя гісторыкі і архітэктары не могуць дамовіцца аб аптымальны варыянце рэстаўрацыі, паведамляе «Белсат».

Толькі рэдкая турыстычная група на шляху з Горадні да Аўгустоўскага канала не заедзе ў Свяцкі палац. Рэзідэнцыя Валовічаў у Свяцку, пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя знакамітым італьянскім архітэктарам Джузэпэ Сака, шмат разоў мяняла гаспадароў. У міжвайсковы перыяд тут была элітная бальніца для марфіністаў, якіх сюды прыводзілі з усёй Польшчы. Падчас саветаў - ізноў бальніца, але ўжо для хворых на туберкулёз, якая праца тут да пачатку 2000-ых.

«Нас было 20 урачэбных сясцёр, якія тут працавалі, і 12 лекараў, - успамінае Ірына, якая жыве за 200 метраў ад палаца. - А мая мама добра памятае, як «за польскім часам» тут лячылі наркаманаў. Цяпер будынак пустуе, сёе-тое людзі расцягалі...»

У 2009-ым пустуючы будынак набыў санаторый «Азёрны», які знаходзіцца на балансе Нацбанка. У праекце рэстаўрацыі гаварылася не толькі аб аднаўленні палаца, але і пра кузні, бровары, канюшні, парк, карацей, аб цэлым турыстычным комплексе.

Праз шэсць гадоў бачныя толькі нязначныя пазітыўныя зрухі: пастаўленыя водаадводы, каб вільгаць не знішчала сцены і вычышчаныя паркавыя сажалкі, што таксама немалаважна.

Зрэшты, некаторыя гісторыкі ўпэўненыя, што лепш так, чым рэалізоўваць першасны праект рэстаўрацыі з масай недахопаў і недакладнасцяў.

«Тое, што перш за ўсё кідалася ў вочы ў праекце менскіх архітэктараў - гэта замена барочнага ламанага даху звычайным, - адзначае гісторык Ян Лялевіч. - Можа так і танней, але такая пастанова цалкам не адпавядае гістарычным рэаліям. Усе палацы Сака, у тым ліку гарадзенскі Новы замак, маюць высокі ламаны дах, які цяпер мы бачым у Свяцку».

Зрэшты, менчукі нібыта паабяцалі перагледзець праект рэстаўрацыі, што, па-добраму, патрабуе працы ў польскіх архівах, дзе могуць захоўвацца звесткі аб знешнім выглядзе і інтэр'еры палаца. Пакуль жа наведвальнікаў у сам будынак не пускаюць, а працы замарожаныя.

Звяртае на сябе ўвагу толькі новая шыльда з QR-кодам, усталяваная ў рамках прыгранічнай праграмы Еўразвязу і прымацаваная над запэцканай і нестабільнай тынкоўкай.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках