29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея спадзяецца ўзяць пад кантроль беларускія тэхналогіі

11
Расея спадзяецца ўзяць пад кантроль беларускія тэхналогіі

Масква па-ранейшаму імкнецца ўсталяваць кантроль над высокатэхналагічнымі беларускімі прадпрыемствамі, якія выпускаюць прадукцыю двайнога прызначэння.

Пытанні стварэння новага беларускага касмічнага апарата былі абмеркаваныя нядаўна на сустрэчы кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) з дэлегацыяй Федэральнага касмічнага агенцтва Расеі (Раскосмасу) на чале з кіраўніком Ігарам Камаровым, якая знаходзілася ў Менску з аднадзённым візітам, пішуць «Беларускія навіны».

Як паведаміў старшыня прэзідыума НАНБ Уладзімір Гусакоў, тэма становіцца актуальнай у сувязі з тым, што рэсурс эксплуатацыі цяпер дзейнага беларускага спадарожніка зандавання Зямлі мінае праз два-тры гады. За гэты час касмічная галіна Беларусі павінна зрабіць новы апарат з палепшанымі характарыстыкамі.

Нагадаем, што беларускі касмічны апарат (БКА) дыстанцыйнага зандавання Зямлі быў выведзены на працоўную арбіту з касмадрома Байканур 22 ліпеня 2012 года.

БКА, створаны на базе расейскага спадарожніка «Канопус», укамплектаваны і апаратурай, распрацаванай вучонымі Беларусі. На вышыні блізу 510 км БКА ўтварыў малую спадарожнікавую групоўку разам з расейскім апаратам «Канопус-У».

Для абодвух спадарожнікаў беларускае ААТ «Пеленг» распрацавала сучасны оптыка-электронны тэлескапічны комплекс, які з вышыні 550 км пад вуглом агляду да 45 градусаў дае разрозненне 2 м. Шмат у чым менавіта дзякуючы беларускай распрацоўцы вагу спадарожнікаў атрымалася знізіць прыкладна да 400 кг, у той час як чыста расейскія ўзоры з аналагічным наборам функцый важаць амаль 6,5 т.

Акрамя таго, пры стварэнні апарата была выкарыстаная радыёлінія кіравання, якая працуе ў міжнародным дыяпазоне частот, што з'яўляецца вялікай перавагай. Сучасныя элементы сілкавання дазволяць забяспечыць бесперабойную працу спадарожніка цягам як мінімум сямі гадоў.

Са слоў Гусакова, пры распрацоўцы і вытворчасці новага касмічнага апарата Беларусь, як і раней, зацікаўлена ў супрацоўніцтве з расейскімі партнёрамі, таму абсталяванне і матэрыялы для спадарожніка будуць вырабляцца на тэрыторыі абедзвюх краін.

І хоць гэты апарат пакуль не мае нават назвы, мяркуецца, што ён атрымае ўдасканаленую аптычную сістэму з распазнавальнай здольнасцю менш метра. Гэта дазволіць рабіць больш выразныя здымкі для патрэб МНС, Мінпрыроды, Мінсельгасхарча, Мінлясгаса і іншых устаноў. Здымкі плануецца не толькі выдаваць беларускім карыстальнікам, але і прадаваць замежным пакупнікам.

У сваю чаргу, Камароў паведаміў: «Цяпер ідзе тэхнічная прапрацоўка патрабаванняў да гэтага апарата і яго асноўных характарыстык. Мы таксама будзем абмяркоўваць, як нам рэалізаваць гэты праект з пункту гледжання вытворчасці, сродкаў вывядзення [на арбіту], выкарыстання інфармацыі, увесь комплекс пытанняў».

Камароў таксама заявіў, што Беларусь і Расея актыўна развіваюць кірунак супрацоўніцтва, якое, між іншым, «тычыцца групоўкі касмічных апаратаў, атрымання інфармацыі з сістэм дыстанцыйнага зандавання Зямлі».

Уважаецца, што для забеспячэння сістэматычнага маніторынгу паверхні планеты трэба мець на арбітальнай групоўцы не менш за пяць апаратаў. Таму расейскі бок з дапамогай беларусаў плануе да 2018 года дапоўніць групоўку чатырма спадарожнікамі тыпу «Канопус-У».

Між тым, як сцвярджаюць незалежныя экспэрты, аэракасмічная оптыка-электронная апаратура што распрацоўваецца ў Беларусі для расейскіх спадарожнікаў патрэбна хаўрусніку не столькі для назірання за станам пасеваў і разлівамі рэк, колькі для атрымання лічбавых электронных карт паверхні Зямлі, якія выкарыстоўваюцца пры навядзенні высокадакладнай зброі, між іншым, крылатых ракет паветранага базавання (КРВБ) Х-555 (неядзернымі варыянт стратэгічнай Х-55) і Х-101, якімі абсталёўваюцца расейскія далёкія бамбардзіроўшчыкі-ракетаносцы Ту-95МС і Ту-160.

Адным з найбольш важных элементаў сістэмы навядзення крылатых ракет з'яўляюцца эталонныя лічбавыя карты мясцовасці. Зыходнай інфармацыяй для такіх карт служаць касмічныя здымкі, якія атрымліваюць пры дапамозе адмысловага спадарожнікавага абсталявання. У ліку сусветных вытворцаў такой складанай тэхнікі - Беларусь.

Яшчэ ў савецкія часы тэхнічныя сродкі дыстанцыйнага зандавання Зямлі і праграмнае забеспячэнне для стварэння лічбавых карт распрацоўвала і выпускала КБ (цяпер ААТ) «Пеленг».

У постсавецкую эпоху ў лік вядучых заказчыкаў «Пеленг», акрамя Расеі, увайшоў Кітай. Прычым супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў гэтай далікатнай сферы мае тэндэнцыю да хуткага развіцця ў сувязі з відавочнымі поспехамі кітайцаў у галіне стварэння крылатых ракет паветранага базавання далёкага дзеяння - спачатку CJ-10, а затым і CJ-20.

Як уважаюць многія вайсковыя аналітыкі, іх прататыпам з'яўляюцца КРВБ савецкай распрацоўкі Х-55. Паводле звестак экспэртаў, некаторая колькасць такіх ракет была нелегальна вывезеная з Украіны ў Кітай яшчэ ў часы прэзідэнцтва Леаніда Кучмы.

Вельмі падобна, што неўзабаве яшчэ адным важным кліентам беларускага ВПК стане Індыя, якая стаіць на парозе валодання высокадакладнай зброяй. Як паведаміла расейская газета «Известия», Індыя правяла ўжо выпрабаванні дапрацаванай звышгукавой крылатай ракеты «БраМос».

Адрозненне мадэрнізаванага ўзору складаецца ў яго абсталяванні сістэмай навядзення, якая аналагічная той, што выкарыстоўваецца ў расейскіх стратэгічных КРВБ Х-555 і Х-101. Дзякуючы гэтаму ўдалося значна павысіць дакладнасць навядзення «БраМос».

Развіццё супрацоўніцтва беларускага ВПК з Кітаем, Індыяй і іншымі дзяржавамі, наколькі можна зразумець, не задавальняе расейскі бок, які супраць уцечкі гэтак важных тэхналогій, хай і ў дружалюбныя ёй сёння краіны. Адсюль зразумела жаданне ўзяць пад прамы кантроль «Пеленг».

Яшчэ ў жніўні 2012 года Раскосмас зрабіў прапанову аб куплі дзяржаўнай долі акцый у гэтым беларускім ААТ (у статутным фондзе 48,9% належыць дзяржаве, 51,1% - працоўнаму калектыву).

Як заявіў тады беларускі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, у адказ на гэтую прапанову «мы не кажам «не», мы кажам «так». «Калі адбудзецца такая інтэграцыя, сінэргія, то яна будзе на карысць і Раскосмасу, і «Пеленгу», і іншым прадпрыемствам і галінам», - адзначыў Сямашка.

У тым жа духу выказаўся і генеральны дырэктар «Пеленг» Уладзімір Пакрышкін: «Мы хацелі б інтэгравацца з Раскосмасам і разглядаем прапановы продажу дзяржаўнай долі».

4 красавіку 2013 года Сямашка паведаміў журналістам, што ўжо ў хуткім часе плануецца рэалізацыя пяці сумесных беларуска-расейскіх праектаў, у ліку якіх - сумеснае прадпрыемства з удзелам Раскосмаса і «Пеленг».

Але ў выніку справа захрасла (многія намякаюць, што праз нежаданне беларускага боку).

Кіраўнік Раскосмаса напэўна спрабуе зноў паставіць гэтае пытанне ў парадак дня. Паказальна, што ў праграму знаходжання Камарова ў Менску было ўключана наведванне «Пеленг» і «Інтэграла».

Сапраўды, з пункту гледжання расейцаў самы час паглядзець, што новага гэтыя беларускія прадпрыемствы могуць прапанаваць касмічнай галіне Расеі, якія магчымасці для стварэння сумеснай вытворчасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках