24 красавiка 2024, Серада, 5:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ТОП-10 краін для адпачынку беларусаў з дзецьмі

2

Маладым бацькам не абавязкова пазбаўляць сябе падарожжаў - варта толькі ўлічыць некаторыя чыннікі пры выбары часу і месца для адпачынку.

Калі ты малады і вольны, то можна лёгка рушыць у падарожжа нават вакол света.

А вось калі з'яўляюцца дзеці, шмат хто на некалькі гадоў адмаўляецца ад замежных і нават недалёкіх выпраў. Аднак маладым бацькам пазбаўляць сябе новых уражанняў зусім не абавязкова - варта толькі ўлічыць некаторыя чыннікі пры выбары часу і месца для адпачынку, паведамляе «Радыё Свабода».

Першым з чыннікаў ёсць узрост дзіцяці. Чамусьці яшчэ шмат хто перакананы, што дзіця павінна пасталець, перш чым накіравацца ў першае ў сваім жыцці падарожжа. Аднак немаўляці добра там, дзе добра бацькам, пагатоў груднічкоў бароніць ад розных інфекцыяў мамін імунітэт, таму да года можна ездзіць паўсюль, абмінаючы хіба начныя клубы і гарналыжныя курорты. З году да трох у дзіцяці актыўна ідзе працэс спазнання, з'яўляюцца ўласныя інтарэсы і капрызы, якія трэба ўлічваць: у такім узросце ідэальна падыдзе адпачынак на прыродзе з вывучэннем жывёлін, раслінаў, прыродных з'яваў, пляжны адпачынак з гульнямі ў вадзе і пяску, заапаркі, выставы тэхнікі і дыназаўраў, акіянарыюмы, інтэрактыўныя музе. З трох да сямі, пакуль яшчэ дзеці не пайшлі ў школу, можна карыстацца прывілеем падарожнічаць ня толькі на вакацыях: і кошты ніжэйшыя, і людзей менш. А школьнікаў ужо можна браць і на актыўны адпачынак, і ў паломніцтва, і ў турыстычныя маршруты па вузкіх брукаваных вулках і горных серпантынах — у залежнасці ад характару і захапленняў дзіцяці.

Крытэрамі для выбару камфортнага адпачынку з дзецьмі таксама могуць стаць нядоўгі пералёт/пераезд, нямоцная змена клімату, гатэлі з аніматарамі і забавамі для дзяцей, развітая дзіцячая інфраструктура, некранутая прырода, чыстыя пясчаныя пляжы з пакатым уваходам у ваду, даступныя выбітнасці, якія будуць цікавыя і дзецям і дарослым. Вызначальным крытэрам для пераважнай большасці беларусаў з'яўляецца бюджэт паездкі.

Беларусь

У Беларускім Паазер’і пакрысе паляпшаецца ўзровень інфраструктуры, аграэкасядзібы прапануюць адпачынак на ўлонні прыроды, а на пясчаных узбярэжжах Браслаўскіх ці Блакітных азёраў можна збудаваць замкі ня горш, як на любым марскім пляжы. Славутасці Полацка, Браслава, Мосара, паляванне, рыбалка, паходы ў грыбы і ягады — на тыдзень-два стане заняткаў для ўсёй сям’і.

Літва

Балтыйскае мора можа стаць першай птушачкай на мапе замежных падарожжаў маленькага дзіцяці: плаўная змена клімату, кароткі пераезд — і вось ужо ў пошуме соснаў чуваць марскі прыбой.

Інфраструктура Ніды і Палангі ідэальна пасуе для адпачынку з дзецьмі: безбар’ернае асяроддзе для сем’яў з вазочкамі, роварныя дарожкі ўздоўж пляжу і арэнда ровараў на ўсякі густ, дзіцячыя пляцоўкі, прыбіральні з адкіднымі столікамі для спавівання і пераадзявання немаўлят у кожнай установе — і пры гэтым адсутнасць тлуму і мітусні курортных гарадоў. Праходкі па вузкіх вулках Вільні, краявіды Курскай пярэспы, порт Клайпеды і старое места Коўна — прыемныя бонусы да вандроўкі на Балтыку. Адзіны мінус: непрадказальнае надвор’е можа азмрочыць уражанні ад паездкі, бо прыехаць на мора і не купацца ў ім бывае досыць крыўдна.

Турэччына

Турэччына славіцца сваімі сямейна арыентаванымі гатэлямі з дзіцячай анімацыяй, бэбі-клюбамі, басейнамі, горкамі, атракцыёнамі і сістэмай «ол-інклюзіў» з дзіцячым сталом і прысмакамі для дарослых.

Маладыя бацькі ведаюць, як часам хочацца адпачыць ад усіх хатніх клопатаў са штодзённым гатаваннем, праннем, прыбіраннем поруч з займаннем і выхаваннем дзяцей і проста папесціць сваё цела ў промнях гарачага сонца ды хвалях салонага мора. У Мармуровым моры ёсць Прынцавы выспы, з якіх да Стамбулу можна дабрацца паромам ці цягніком толькі за 45 хвілін і ўдала спалучыць пляжны рэлакс з актыўным турызмам. Часта ў Турцыю можна паляцець з Менску «гарачымі» коштамі ад турагенцый, што коштам можа зраўняцца з самастойна спланаваным адпачынкам. Але і тут ёсць мінус: алергічнае сонца часта вомегам вылазіць ня толькі дзецям, але і дарослым.

Грэцыя

Для аматараў старажытнай культуры падарожжа ў Грэцыю стане сапраўдным адкрыццём, тут міты ажываюць, і дзіця не праз кніжкі даведаецца пра багоў Алімпу і 12 чынаў Геракла.

Для адпачынку з дзецьмі лепш абраць Халкідзікі на поўначы ці Пэлапанэс на поўдні кантынента, а таксама выспы Родас, Корфу, Крыт. Тут процьма сямейных гатэляў са смачнай ежай і выгодамі, таму цяпер, падчас крызісу, гэты кірунак стаў вельмі папулярны сярод сем’яў з малымі дзецьмі. Гістарычныя экскурсіі ў Грэцыі можна спалучаць з марскімі выправамі і ўвесь час атрымліваць асалоду ад сузірання даляглядаў.

Гішпанія

Гішпанскі візавы цэнтр шчодра штампуе беларусам мультышэнген на паўгода, таму адпачыўшы аднойчы, скажам, на Маёрцы, можна яшчэ ня раз вярнуцца і пабачыць Мадрыд, Барсэлону, Тэнэрыфэ ці ўсякую іншую перліну шэнген-зоны.

Для дзяцей ідэальна пасуюць залатыя пляжы Коста-Дарады на мацерыковай частцы Гішпаніі. Рэлакс на пляжы тут лёгка разбавіць паездкай у парк атракцыёнаў «Порт Авентура», дайвінгам, сэрфінгам, яхтынгам, скалалазаннем, гольфам ды іншымі актыўнасцямі.

Чарнагорыя

Калі едзеш куды-небудзь з дзецьмі, то не варта спрабаваць асягнуць неабсяжнае, бо дзеці часта ўносяць карэктывы ў кожныя планы.

Таму паездка ў маленькую краіну — гэта добры выбар: узяўшы ў арэнду самаход, можна аб’ехаць ваколіцы, наведаць асноўныя славутасці і пабачыць, як жыве народ, а яшчэ застанецца час на пешыя, марскія, горныя прагулкі і скокі на хвалях. З дзецьмі лепш пасяліцца ў Бечычы, што непадалёк ад тлумнай і люднай Будвы, да якой, калі засумуеце, можна дабрацца пешшу. Чарнагорыя — гэта цудоўны варыянт для сем’яў, якія едуць у адпачынак у жніўні: ва ўсіх курортных краінах пекла, а тут камфортная тэмпература вады і паветра.

Балгарыя

Гэты традыцыйны кірунак адпачынку для беларусаў яшчэ з часоў СССР: чартар з Менску, Чорнае мора, мяккі клімат, невысокія кошты — гэтыя чыннікі часта схіляюць выбар на карысць Балгары.

Апрача шумных курортаў Несэбра і Сонечнага Берагу ёсць яшчэ, напрыклад, Свяці-Улас, адбудаваны ў 2000-х. Выбіраючы жыллё для адпачынку ў Балгары, варта ўлічыць узгорысты рэльеф і сяліцца бліжэй да пляжу, інакш фітнэс з вазочкам па бясконцых сходах і пандусах гарантаваны. Нельга ігнараваць і важкі мінус: часта даводзіцца слухаць водгукі пра тое, як на курортах Балгары дзетак і іх бацькоў падкошвае рэтавірус — і тады некалькі дзён з адпачынку выкрасленыя.

Харватыя

Харватыя мае працяглую берагавую лінію, так што кожны можа знайсці сабе пляж на ўласны густ, нездарма нават самі італьянцы часта адпачываюць менавіта ў Харватыі.

З маленькімі дзеткамі лепш пасяліцца ў Затоне, ціхім курорце паміж Задарам і Нінам. Варыянтаў размяшчэння процьма: на віле сярод соснаў, у гатэлі з трохразовым харчаваннем, у доме на колах ці нават у намёце. Калі ўзяць напракат машыну ці ровары, то можна агледзець ваколіцы з Плітвіцкімі азёрамі, выспамі і вадаспадамі, храмамі і музеямі. Але і тут выявіўся адзін мінус: сёлета скасаваныя чартарныя рэйсы ў Харватыю з Менску, лаўкостары туды не лётаюць, таму застаецца адзіны, нязручны і нятанны варыянт — ляцець з перасадкамі.

Грузія

Апошнім часам Грузія стала вельмі пільна ставіцца да раскруткі ўласных турыстычных магчымасцяў, і народ паціснуў.

Адметная культура, грузінская кухня, мора і горы — каб пабачыць усё гэта, можна пасяліцца, скажам, у Батумі і разбаўляць пляжныя забавы радыюснымі выправамі для агляду ваколіц. А каб напраўду пазнаёміцца са звычаямі грузінаў, лепш спыняцца не ў гатэлі, а ў гаспадароў — вось тады напоўніцу адчуеш на сабе і знакамітую грузінскую гасціннасць, і пакаштуеш сапраўдныя нацыянальныя стравы.

Швэцыя

Падарожжа ў Швэцыю можа стаць для дзіцяці сапраўднай прыгодай: да Рыгі на аўто, а потым на караблі, шляхам вікінгаў.

На радзіме Карлсана і Піпі Доўгайпанчохі ёсць музей казак Астрыд Ліндгрэн, карабля Васа, які ўзнялі з марскога дна, Скансэн — першы ў свеце музей пад голым небам. Пасля некалькіх дзён у Стакгольме можна пасяліцца ў маленькім дамку недзе на выспе, выкупацца, магчыма, не давядзецца, але парыбаліце да сыці. Такое адчуванне, што дзеці тут не падзяляюць жыццё бацькоў на да і пасля іх нараджэння: швэды паўсюль бяруць з сабой дзяцей, нават з сябрамі папіць піва, і яны нідзе нікому не замінаюць. Не шкодзіла б і нам прывезці такое ўменне з падарожжа ў Скандынавію ў якасці сувеніра. Праўда, і тут не абышлося без мінусаў: гэта самая дарагая краіна з пералічаных.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках