19 красавiка 2024, Пятніца, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрыемствы прадоўжаць масава звальняць рабочых

12
Прадпрыемствы прадоўжаць масава звальняць рабочых

Праз неспрыяльную сітуацыю на асноўных рынках збыту многія беларускія прадпрыемствы сёлета вымушаныя скарачаць персанал.

Гэты трэнд прадоўжыцца і ў 2016-м, мяркуюць у Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, пішуць «Беларускія навіны».

За першыя тры месяцы гэтага года буйныя беларускія прадпрыемствы звольнілі звыш 13 тысяч работнікаў. Гэта вынікае са справаздачнасці ААТ, якую апублікавала Міністэрства фінансаў.

Прыкметныя скарачэнні работнікаў адбыліся ў машынабудаўнічай галіне. Так, на Менскім трактарным заводзе скарацілі 1319 чалавек, на «Гомсельмашы» - 452 чалавекі, на Гомельскім заводзе ліцця і нармалей, які ўваходзіць у склад «Гомсельмаша» - 612 чалавек.

Скарачэнні таксама закранулі будаўнічую галіну. Так, МАПІД звольніў 765 работнікаў, у берасцейскім Будаўнічым трэсце №8 скарацілі 569 чалавек, у «Мінскрамбуд» - 387, у «Краснасельскбудматэрыялы» - 377.

Акрамя таго, на «Белшыне» скарацілі 1130 чалавек, на наваполацкім «Нафтане» - 928, у ААТ «Сучасныя рознічныя тэхналогіі», якое знаходзіцца пад кіраваннем кампаніі «НТС» (уладальнік гандлёвага знака «Родная старана») - 481.

Прадпрыемствы вымушаныя скарачаць персанал праз неспрыяльную сітуацыю на замежных рынках.

Як правіла, беларуская прадукцыя не знаходзіць збыту ў Расеі, таму заводы скарачаюць аб'ёмы вытворчасці. Гэта, у сваю чаргу, штурхае кіраўніцтва прадпрыемстваў да пераводу супрацоўнікаў на няпоўны працоўны тыдзень альбо да скарачэнняў.

«Калі раней пры больш-менш добрай кан'юнктуры на замежных рынках, калі збыт быў больш-менш забяспечаны, прадпрыемствы з сацыяльных падахвочванняў маглі трымаць лішнюю частку рабочай сілы, то цяпер сітуацыя настолькі пагоршылася, што прадпрыемствы ўжо не могуць цягнуць гэты баласт, таму пачалі ад яго пазбаўляцца», - адзначае старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.

Паводле ацэнак Сусветнага банка, залішняя колькасць работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах Беларусі складае ў сярэднім блізу 10%. Гэта прыкладна 300 тысяч чалавек.

«Калі ў поўнай меры ліквідаваць залішнюю колькасць работнікаў, узровень беспрацоўя можа вырасці, прынамсі, на 4,2 адсоткавыя пункты», - мяркуюць экспэрты Сусветнага банка.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец траўня гэтага года склаў 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Як мяркуе Аляксандр Швец, у гэтым і наступным гадах тэндэнцыя на скарачэнне колькасці персаналу беларускіх прадпрыемстваў захаваецца.

«Жыццё прымусіць прадпрыемствы скарачаць залішнюю працоўную сілу, каб больш-менш балансаваць», - мяркуе старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках