28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Завадская: «У мяне надзея будзе заўсёды»

1
Вольга Завадская: «У мяне надзея будзе заўсёды»
ВОЛЬГА ЗАВАДСКАЯ

7 ліпеня - 15 гадоў з дня знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага.

- Ніякіх навін адносна лёсу Дзімы няма, так як ніхто ў гэтым кірунку нічога не робіць, - адзначыла ў гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» маці журналіста Вольга Рыгораўна Завадская. - Але, безумоўна, надзея на высвятленне сітуацыі застаецца. У мяне гэтая надзея будзе заўсёды. Не думаю, што гэта адбудзецца найбліжэйшым часам, але рана ці позна ўсё стане вядома.

Два месяцы таму, на прэзентацыі дакументальнага фільма «Банда» (у якім, дарэчы, агучвалася і версія адносна лёсу Дзмітрыя Завадскага), праваабаронца Алег Воўчак распавёў пра спробы атрымаць доступ да матэрыялаў справы аб знікненні Юрыя Захаранкі. Тэрмін яго даўнасці - 15 гадоў - скончыўся летась. Са слоў Воўчака, як толькі справа закрыецца, пацярпелыя і іх адвакаты могуць атрымаць магчымасць азнаёміцца з дакументамі і паглядзець, што было зроблена. «Аднак Генпракуратура і Следчы Камітэт у адказ на нашы скаргі паведамілі, што справа закрытая не будзе і расследаванне прадоўжыцца», - кажа Алег Воўчак.

Ці ёсць сэнс рабіць аналагічныя крокі ў справе Завадзкага?

Маці Вольга Рыгораўна не задумвалася пра тое, каб прасіць следчых спыніць пошукавыя мерапрыемствы. «Напэўна, таму што не веру, што такія мерапрыемствы наогул праводзяцца», - кажа яна.

У той жа час, старшыня юрыдычнай камісіі РПГА «Беларускі хельсінскі камітэт» і сябар сям'і Завадзкіх Гары Паганяйла ўпэўнены, што пошукі нельга спыняць. Фармальна яны будуць доўжыцца, пакуль лёс Завадзкага не праясніцца. А матэрыялы справы і так ужо гучалі ў судзе і не з'яўляюцца сакрэтам для родных, кажа юрыст.

- Галоўным пытаннем па-ранейшаму застаецца лёс Дзімы. У 2002-м годзе за нібыта выкраданне Завадскага Менскі гарадскі суд прысудзіў чальцоў так званай «банды Ігнатовіча». Валерый Ігнатовіч і Максім Малік за розныя злачынствы сукупна атрымалі пажыццёвыя тэрміны, Аляксей Гуз - 25 гадоў, а Сяргей Савушкін - 12. Але асуджаныя яны былі толькі за выкраданне Завадскага, а не за забойства. Цела Дзімы не было знойдзена, а лёс аператара не быў высветлены. Менавіта таму вельмі важна, каб следчыя, хоць і фармальна, але прадаўжалі пошукі, - мяркуе Гары Паганяйла.

7 ліпеня 2000 г. тэлеаператар, сябра ГА «БАЖ» Дмітрый Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Менск-2».

Ён нарадзіўся 28 жніўня 1972 года.

З 1994 да 1997 гг. працаваў аператарам у пуле Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997 перайшоў на Грамадскае расейскае тэлебачанне ("ОРТ").

Вясной 1997 года быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам, абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу пра яе празрыстасць і ўмоўна асуджаныя на паўтара гады пазбаўлення волі.

З кастрычніка 1999 да траўня 2000 працаваў у Чачні, дзе разам з Паўлам Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».

7 ліпеня 2000 г. знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Менск-2».

Паводле факта знікнення Дзмітрыя была распачатая крымінальная справа паводле артыкула «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана ў «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека свабоды».

14 сакавіка 2002 г. Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлены волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачання, матывам злачынства стала помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г суд Фрунзенскага раёна г. Менска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзенае.

Спецыяльны дакладчык паліткамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, які ў 2004 годзе па выніках візіту ў Беларусь падрыхтаваў справаздачу «Зніклыя асобы ў Беларусі», патрабаваў адмысловага крымінальнага расследавання з мэтай высветліць магчымую датычнасць высокіх дзяржаўных чыноўнікаў да знікнення Завадскага.

З тых часоў расследаванне справы аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася - «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» - і прыпынялася зноў - са спасылкай на тое «што без вестак зніклая асоба не знойдзеная», аднак выніку не прынесла.

Мы нагадваем калегам пра гадавіну знікнення Дзмітрыя Завадскага і просім не абыйсці тэму ўвагай у сваіх СМІ. Журналісты не маюць права забываць пра лёс калег з трагічным лёсам. Мы павінны нагадваць суграмадзянам пры справы, кропка ў якіх яшчэ не пастаўленая.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках