20 красавiка 2024, Субота, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскім рабочым з Добруша сплацілі запазычанасць за заробкі

8
Кітайскім рабочым з Добруша сплацілі запазычанасць за заробкі
Фото: TUT.by

Кітайскія рабочыя зноў расчаліся з будаўніцтвам кардоннай фабрыкі ў Добрушы. Ім сплацілі запазычанасць за заробкі.

Пра гэта запэўнівае прадстаўнік кітайскай кампаніі ды іхны беларускі партнёр у рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, пішуць «Беларускія навіны».

Кітайская кампанія: канфлікт вычарпаны

Канфлікт паміж кітайскімі рабочымі, занятымі на будаўніцтве кардоннай фабрыкі ў Добрушы, і кампаніяй Xuan Yuan Industrial Development Co LTD вычарпаны. Пра гэта паведаміў супрацоўнік прадстаўніцтва кітайскай кампаніі ў Беларусі.

«Сітуацыя ўрэгуляваная. Уся заплата, якая ім налічаная, выплачаная. Завінавачанасці няма», - сказаў суразмоўца.

Пры гэтым ён адзначыў, што «гэта была незадаволенасць парадку 10-20 чалавек, якія выступілі завадатарамі пратэставых акцый».

«Гэта ж мужчынскі калектыў на вельмі сціслай тэрыторыі зямлі. Вядома, ёсць нейкая незадаволенасць, нейкія пажаданні. Гэта натуральна», - сказаў прадстаўнік кітайскай кампаніі.

Цяпер, паводле ягоных слоў, большасць кітайскіх будаўнікоў пачала працу.

«Работы ідуць, бо ўсе выдатна разумеюць, што аб'ект павінен быць здадзены на часе», - падкрэсліў суразмоўца.

Інфармацыю аб урэгуляванні канфлікту пацвердзілі таксама ў адміністрацыі холдынгу «Беларускія шпалеры», у склад якога ўваходзіць Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы», на базе якой вядзецца будаўніцтва кардоннай фабрыкі.

Што да магчымай дэпартацыі завадатараў пратэсту, пра што казаў старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў, то гэтае пытанне, са слоў прадстаўніка кітайскай кампаніі, знаходзіцца ў кампетэнцыі Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Чаму ўзбунтаваліся кітайскія рабочыя?

Пра канфлікт паміж кітайскімі рабочымі і кампаніяй Xuan Yuan Industrial Development Co LTD стала вядома тыдзень таму. Раніцай 2 чэрвеня прыблізна 200 рабочых накіраваліся пешшу з Добруша ў Гомель. Такім чынам яны пратэставалі супраць затрымкі заробку, які ім не выплачвалі тры месяцы.

Акцыя прывабіла ўвагу СМІ, і ў Гомелі пратэстоўцы здолелі дамагчыся сустрэчы з паслом Кітая ў Беларусі Цуем Цымінам, пасля чаго рабочыя на аўтобусах вярнуліся ў Добруш.

Аднак у панядзелак, 6 чэрвеня, большасць з іх так і не выйшла на працу. У першай палове дня вельмі шмат кітайцаў было на пляжы ракі Іпуць, іншыя шпацыравалі па горадзе.

Як паведамілі ў канцэрне «Беллеспаперапрам», 7 ліпеня ў Добруш прыязджалі кіраўнік канцэрна Юрый Назараў, а таксама намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Мікалай Снапкоў, каб «разабрацца на месцы».

Што будуюць кітайцы ў Добрушы?

У 2012 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве фабрыкі крэйдаваных і некрэйдаваных тыпаў кардону на базе Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы», якая ўваходзіць у склад холдынгу «Беларускія шпалеры». Рэалізацыяй гэтага праекта займаецца кітайская кампанія Xuan Yuan Industrial Development Co. LTD.

Агульныя выдаткі на праект перасягаюць 500 млн даляраў. Пры гэтым амаль 350 млн даляраў звязанага крэдыту выдаў Дзяржаўны банк развіцця Кітая.

Будаўніцтва кардоннай фабрыкі плануецца закончыць увесну 2016 года. На яе збудаванні занята блізу тысячы працоўных з Кітая.

Жыхары Добруша: калі б не было кітайцаў, быў бы мёртвы горад

Карэспандэнт БелаПАН пацікавіўся меркаваннем жыхароў Добруша з нагоды прысутнасці ў месце вялікай колькасці рабочых з Кітая.

Беларускі спецыяліст Рыгор, наняты кітайскай фірмай на будаўніцтва кардоннай вытворчасці, кажа, што з прыездам будаўнікоў з Паднябеснай Добруш прыкметна ажывіўся: «Я сёння праехаў па горадзе. Калі б не было кітайцаў, было б мёртвае места. Яны хоць нейкі рух ствараюць».

Беларускі будаўнік распавядае, што пасля бунту кітайская карпарацыя адпраўляе на радзіму 700 рабочых, каб замяніць іх новымі. Так гэта ці не, дакладна невядома. Але размовы такія на будоўлі пайшлі: «Сямсот чалавек, сказалі, дадому адправяць і прывязуць іншых праз гэты марш».

Большасць кітайцаў, за выняткам некаторых спецыялістаў, жыве ў пабудаваных бараках на тэрыторыі новабудоўлі.

Цікавімся ў мінакоў, ці не ствараюць кітайцы нейкіх праблем у іхным мястэчку - усё-ткі пад тысячу замежнікаў на 18-тысячны Добруш.

Гараджанка Валянціна распавядае: «Яны ходзяць спакойна, купяць сабе ў крамах смакаты - і пайшлі».

Іншы жыхар Добруша распавёў, што якіх-небудзь праблем у мястэчку праз кітайцаў пакуль не ўзнікала: «Ім, напэўна, ствараюць праблемы. Бачыце, нечага ж не хочуць працаваць - швэндаюцца. Зірніце, вунь краны стаяць, не варушацца. Значыць, не працуюць. Іншая нацыя, іншае стаўленне. Людзі па-іншаму думаюць. Па-іншаму ўсё ўладкаванае ў іхняй краіне».

Заробкам, якія плацяць кітайцам, жыхары места толькі дзівуюцца.

Уладзімір, працоўны фарфоравага завода: «Казачная заплата - пра такую я толькі мару. Але ў нас на заводзе такога няма. Праблема ў тым, што мадэрнізавалі вытворчасць, цяпер выплачваюць крэдыты, а людзям на павышэнне заробкаў грошай не стае. Выходзіць дзесьці 3 мільёны. У нас заробак даюць у канцы месяца, а ў людзей у саміх крэдыты, за якія яны не могуць на часе разлічвацца».

На пытанне, ці змаглі б выйсці рабочыя на марш пратэсту так, як кітайцы, калі б з імі не разлічваліся тры месяцы, Уладзімір толькі паціскае плячыма.

Ягоны калега смяецца: «Не, наўрад. Я дагэтуль працаваў у калгасе, дык мне і даўжэй не плацілі. Лічы, працаваў дарма. Куды ж падзецца людзям? Грошай наогул не бачыў, толькі харч браў».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках