28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галандыя рыхтуе два даклады аб трагедыі MH17

7
Галандыя рыхтуе два даклады аб трагедыі MH17

Падрыхтаваная справаздача аб прычынах катастрофы, а следчыя трымаюць у полі зроку замоўцаў і выканаўцаў.

Набліжаецца гадавіна з дня трагедыі самалёта "Малайзійскіх авіяліній" у небе над усходам Украіны. Нідэрланды, якія ўзялі на сябе кіраўніцтва расследаваннем абставін авіякатастрофы, якая здарылася 17 ліпеня 2014 года, актывізавалі свае дзеянні, піша Deutsche Welle.

Улады краіны запатрабавалі правесці трыбунал ААН, каб пакараць вінаватых у катастрофе лайнера. "Трыбунал ААН быў бы найлепшай развязкай, каб пакараць адказных за трагедыю з MH17, і найлепшы шанец перадаць іх у рукі правасуддзя", - заявіў 3 ліпеня прэм'ер-міністр краіны Марк Рутэ.

Сярод 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце "Боінга", што рухаўся рэйсам MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, больш за ўсё было галандцаў. Для стварэння міжнароднага трыбунала спатрэбіцца згода Расеі як сталага чальца Рады Бяспекі з правам вета. Аднак Крэмль крытычна адгукнуўся аб такой ініцыятыве.

Першае расследаванне: як гэта здарылася

Раней стала вядома аб тым, што Нідэрландская рады бяспекі надаслала старанам, уцягнутым у расследаванне абставін катастрофы лайнера, чарнавы варыянт сваёй канчатковай справаздачы. Сярод іншых, матэрыялы былі адпраўленыя прадстаўнікам Малайзіі, Украіны, Расеі, ЗША, Вялікабрытаніі і Аўстраліі. Сама справаздача была падрыхтаваная спецыяльнай камісіяй, у якую ўвайшлі прадстаўнікі гэтых краін. У справаздачы змяшчаецца ўся сабраная інфармацыя і ўсе высновы пра абставіны, якія прычыніліся да катастрофы лайнера, адказалі ў Нідэрландскай радзе бяспекі на запыт DW.

Выдаваць дэталі справаздачы ў радзе адмовіліся, паведаміўшы, што паводле правілаў Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ІСАО), такія справаздачы носяць канфідэнцыйны характар. Там не выключылі, што магчымы выцек інфармацыі, хоць і не ўважаюць яго за імаверны: "З нашага досведу, падчас такіх расследаванняў канфідэнцыйнасць захоўваецца. Хоць ніякай гарантыі (выцеку інфармацыі - рэд.) няма, але я хацеў бы заўважыць, што папярэдняя справаздача была надасланая яшчэ 2 чэрвеня", - падкрэсліў прадстаўнік рады Вім ван дэр Вэген.

Ён таксама пракаментаваў скаргу прадстаўнікоў "Расавіяцыі" аб тым, што ім далі толькі 30 дзён замест належных 60-ці, для падачы каментароў да канчатковай справаздачы. "ІСАО дае акрэдытаваным прадстаўнікам 60 дзён для дачы каментароў, але часам камісіі для расследавання ласкава просяць здаць свае каментары раней, калі магчыма, напрыклад, на працягу 30 дзён", - адзначыў ван дэр Вэген. Канчатковы варыянт справаздачы Нідэрландскай рады бяспекі чакаецца ў першай палове кастрычніка.

Другое расследаванне: Хто вінаваты

Аднак справаздачу Нідэрландскага рады бяспекі не варта блытаць з працай міжнароднай групы крыміналістаў, удакладніў на запыт DW Вім ван дэр Вэген. "Нідэрландская рада бяспекі не займаецца пытаннем адказнасці або ўскладання віны. Задача нашага расследавання - вызначыць прычыну катастрофы. Крыміналістычнай працай займаецца аб'яднаная група следчых", - заявіў ён. Працу Міжнароднай следчай групы ў справе MH-17 таксама каардынуюць праваахоўныя органы Нідэрландаў. Днямі там заявілі, што блізкія да заканчэння працы.

"Мы ўсё бліжэйшыя да атрымання пераканаўчых довадаў", - паведаміў генеральны пракурор краіны Фрэд Вэстэрбэке. Фармальна падазраваныя не ідэнтыфікаваныя, але група з "беспасярэдніх выканаўцаў і замоўцаў" знаходзіцца ў полі зроку пракуратуры, дадаў ён. Сваю працу следчыя мерацца закончыць да канца гэтага года.

Раней Вэстэрбэке ў сваіх інтэрв'ю падкрэсліваў, што следчыя правяраюць усе версіі, хоць уважаюць за галоўную катастрофу самалёта ў выніку ракетнай атакі. Улады Украіны ўсклалі адказнасць за трагедыю пасажырскага лайнера на сэпаратыстаў Данбаса і Расею. У Расеі ўсё абвінавачванні адпрэчваюць і, у сваю чаргу, ускладаюць адказнасць на ўкраінскія ўлады.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках